Наведванне Пекінскага ўніверсітэта

  • 19
  • 19:59

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 30 чэрвеня ў ходзе рабочага візіту ў Кітай наведаў Пекінскі ўніверсітэт.

На сустрэчы з кіраўніцтвам ВНУ Кіраўнік дзяржавы прапанаваў паглыбіць супрацоўніцтва Мінска і Пекіна ў сферы адукацыі. "Яшчэ будучы тут дзесяць гадоў таму, я зразумеў, што з вашым універсітэтам у нас павінна нешта атрымацца ў плане адукацыі. За дзесяць гадоў мы прыдумалі сумесную праграму для навучання нашай моладзі ў гэтым універсітэце, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Але я хацеў бы, каб вы разумелі, як я гэта бачу: гэта толькі першыя крокі. Наша праграма мае патрэбу ва ўдасканаленні, мы павінны паглыбляцца, каб вопыт і веды студэнтаў, якія будуць у вас вучыцца, веерам разыходзіліся ў Беларусі".

"Атрыманне адукацыі ў адным з вядучых універсітэтаў свету - гэта першы крок, і ўсё гэта - у імя вытворчасці, якая будзе заснавана на той адукацыі, якую нашы студэнты атрымаюць тут", - падкрэсліў беларускі лідар.

Размова аб практыка-арыентаваным падыходзе да адукацыі зайшла ў кантэксце абмеркавання сумеснай адукацыйнай праграмы паміж вядучымі ВНУ дзвюх краін па спецыяльнасці "біятэхналогія". У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што студэнты, якія навучаліся ў рамках гэтай праграмы, павінны ствараць канкрэтныя прадпрыемствы і вырабляць у Беларусі адпаведны прадукт на аснове кітайскіх тэхналогій.

"Перш за ўсё ў фармакалогіі. Ваш вопыт і тэхналогіі вытворчасці лякарстваў, вакцын для нас вельмі важны, калі закранаць біятэхналагічны профіль, па якім мы пачалі супрацоўніцтва", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Такім чынам, маладыя спецыялісты, якія атрымалі адпаведныя веды ў межах сумеснай адукацыйнай праграмы, будуць працаўладкаваны ў Беларусі. Разам з тым у іх запрашэнні на працу былі зацікаўлены ў тым ліку кітайскія і расійскія кампаніі.

"Але ў мяне цвёрдае патрабаванне: атрымаўшы адукацыю ў вашым універсітэце, студэнты павінны працаваць у Беларусі ў цесным кантакце з кітайскімі кампаніямі, вырабляць канкрэтныя лякарствы - у гэтым выпадку, для лячэння ракавых захворванняў - у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, з такой логікай пагадзіўся і Старшыня КНР Сі Цзіньпін, якім была адобрана сумесная адукацыйная праграма. "Мы з маім сябрам Сі Цзіньпінам шмат гаварылі пра будучыню. А будучыня - гэта высокія тэхналогіі. Таму я хачу вас (кіраўніцтва Пекінскага ўніверсітэта. - Заўвага) павіншаваць, што вы заўсёды будзеце ў полі зроку Старшыні Кітайскай Народнай Рэспублікі. Але быць у полі зроку - гэта значыць быць пад сур'ёзным кантролем лідара Кітайскай Народнай Рэспублікі. Паспрабуйце з гэтага атрымаць выгаду перш за ўсё для Пекінскага ўніверсітэта", - рэзюмаваў беларускі лідар.

Пасля сустрэчы з кіраўніцтвам навучальнай установы Аляксандр Лукашэнка прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі ўручэння дыпломаў выпускнікам першай сумеснай адукацыйнай праграмы паміж вядучымі ВНУ Беларусі і Кітая ў Пекінскім універсітэце.

Цяперашні выпуск беларускіх спецыялістаў, якія навучаліся ў Пекіне, стаў першым у рамках сумеснай адукацыйнай, пагадненне аб якой было падпісана ў 2022 годзе паміж Беларускім дзяржаўным і Пекінскім універсітэтамі.

"Мы хацелі б, каб пачатак, пакладзены тут, развіваўся. Мы ў Беларусі хацелі б, каб гэтыя праграмы былі глыбокімі і ўсебаковымі, каб яны (мы гэтага таксама хацелі б) былі практыка-арыентаванымі. У адваротным выпадку навошта гэта навучанне, калі гэта не будзе ў поўнай меры накіравана на практыку і не будзе прыносіць карысць двум народам?" - сказаў Аляксандр Лукашэнка. 

Выпускнікам, якія ў гэтым годзе атрымалі дыпломы, чатыры гады таму трэба было вытрымаць цяжкі конкурс, каб мець магчымасць навучацца па сумеснай беларуска-кітайскай праграме. Разам з тым усе прэтэндэнты на паступленне былі ў роўных умовах. "Няважна, хто яны: сын Прэзідэнта або звычайны хлопец з вясковай або гарадской школы. Яны мелі роўныя магчымасці, каб стаяць на гэтай сцэне", - адзначыў беларускі лідар.

"Адбор паказаў, што не кожнаму дадзена на замежнай мове (у гэтым выпадку англійскай) атрымліваць адукацыю. Асабліва ў біятэхналагічнай сферы або інжынернай - гэта не гуманітарныя навукі, - дадаў Кіраўнік дзяржавы. - Тут складаная тэрміналогія, складаныя навуковыя паняцці. На замежнай мове не ўсё так проста. Прынамсі, ніхто ў Беларусі не папракнуў і не папракне вас, што вы па нейкай пратэкцыі тут атрымалі адукацыю".

Аляксандр Лукашэнка зноў падкрэсліў, што беларускія спецыялісты будуць працаваць у Беларусі, хоць у іх былі зацікаўлены, напрыклад, расійскія і кітайскія кампаніі. "Гэта ўнікальныя выпускнікі, якіх гатовы займець не толькі ў Беларусі. Іх паклікалі ўжо за вялікія грошы працаваць у Кітаі, Расіі - буйных дзяржавах. Упэўнены, і на Захадзе. Але мая ўмова вельмі цвёрдая: мы рабілі ўсё, каб вы навучаліся тут для Беларусі, - заявіў ён. - Але навука - рэч інтэрнацыянальная, яна не можа належаць нейкаму аднаму народу і быць ізаляванай. Мы гатовы з тэрыторыі Беларусі працаваць, перш за ўсё працаваць на дабрабыт кітайскага народа і ўсіх тых, хто з намі захоча супрацоўнічаць".

Як было адзначана, спецыялісты, якія атрымалі адукацыю ў рамках сумеснай беларуска-кітайскай праграмы, будуць вынаходзіць па кітайскіх тэхналогіях вельмі дарагое і патрэбнае лякарства для лячэння ракавых пухлін. "Тое, што вельмі патрэбна ва ўсім свеце", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы сказаў слова на дарогу выпускнікам і заклікаў іх рабіць усё магчымае на карысць Беларусі. "Звяртаюся да вас як Прэзідэнт. Вы павінны ведаць, што вы нашы, вы беларусы. І мы павінны рабіць максімум для развіцця Беларусі. Зрабіць так, каб мы калі і будзем зайздросціць кітайскай дзяржаве ў яе развіцці, то зусім няшмат. Мы павінны навучыцца рабіць самі ўсё. Мы шмат чаго ўмеем, у нас ёсць база для вашай работы. І вы ведаеце, што заўсёды будзеце падтрыманы на самым высокім узроўні. Таму стварайце. Перад вамі адкрываецца вялікая будучыня. Памятайце, што дзяржава зрабіла для вас нямала", - сказаў ён.

Звяртаючыся да выпускнікоў, Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што яны, магчыма, хацелі б атрымаць большае ад навучання. Тым не менш трэба прымаць пад увагу кітайскую спецыфіку. "Ціха, спакойна, без усялякай беганіны і празмернасцей імкнуцца да сваёй мэты. Асаблівасць заключаецца ў тым, што яны ніколі нічога не разбуралі, як гэта, на жаль, зрабілі мы, разбурыўшы краіну, Савецкі Саюз, і сёння маем адпаведныя наступствы - вайну адзін з адным. Кітайцы гэтага не зрабілі, таму што яны ніколі не спяшаліся. Яны заўсёды, перш чым рабіць, думалі", - канстатаваў ён.

"Я хачу, каб вы разумелі маю задуму. Кітай - вялікая краіна. Той, хто першы раз у Кітаі, магчыма, гэтага не заўважыць. Але я ўжо 17-ы раз у Кітайскай Народнай Рэспубліцы. Я бачыў тут шмат чаго. Гэта краіна, якая змагла ў жорсткай канкурэнцыі за 35 гадоў зрабіць каласальны рывок наперад, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Будучы дэпутатам Вярхоўнага Савета, я прапанаваў сур'ёзным чынам паглядзець на развіццё Кітая. Я сказаў (і не памыліўся): за Кітаем - вялікая будучыня".

Як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, пад кіраўніцтвам Старшыні Сі Цзіньпіна Кітай усвядоміў, што з'яўляецца вялікай дзяржавай: "За Кітаем будучыня, і ў гэтым асаблівасць цяперашняй палітыкі кіраўніцтва Кітайскай Народнай Рэспублікі. Аб усеагульным дабрабыце для народаў і ўсёабдымным, усепагодным, усебаковым супрацоўніцтве не толькі з Беларуссю, але і з усім светам заяўляе ініцыятыва Сі Цзіньпіна. Значыць, яны нацэлены на супрацоўніцтва з усімі дзяржавамі. Нам чаму б з імі не супрацоўнічаць?"

Прэзідэнт выказаў удзячнасць кіраўніцтву двух універсітэтаў - Беларускага дзяржаўнага і Пекінскага, якія выканалі яго даручэнне, зрабіўшы першыя крокі па паглыбленні супрацоўніцтва.

Пасля цырымоніі ўручэння дыпломаў Аляксандр Лукашэнка цёпла пагутарыў з бацькамі выпускнікоў. "Дзеці ў вас добрыя. Галоўнае, каб яны цяпер не аслабілі гэту хватку і працавалі далей. Але я буду ўжо наглядаць, каб яны нармальна працавалі", - адзначыў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што біятэхналогіі - гэта будучыня, і расказаў аб планах стварыць спецыяльны цэнтр для навучання прафесіям будучыні. Раней гэта пытанне было вынесена на адну з нарад у Прэзідэнта.

"Будзем навучаць па трох-чатырох спецыяльнасцях будучыні. Таму, магчыма, яны (выпускнікі сумеснай беларуска-кітайскай праграмы. - Заўвага) туды і трапяць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт таксама азнаёміўся з экспазіцыяй, прысвечанай супрацоўніцтву кітайскай ВНУ з Беларуссю. А сімвалічным завяршэннем наведвання Пекінскага ўніверсітэта стала высадка дрэва на самай высокай кропцы ВНУ.