Нарада з членамі Савета Бяспекі
- 5
- 2:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 верасня правёў нараду з членамі Савета Бяспекі Беларусі, на якой у прыватнасці абмяркоўвалася работа нацыянальнай эканомікі і задачы, якія стаяць у сувязі з гэтым.
"Заўсёды гаварыў, хачу яшчэ раз нагадаць, што галоўная наша задача, праблема, занепакоенасць - гэта эканоміка. Ёсць эканоміка, значыць будзе ўсё астатняе. Няма эканомікі - тады не трэба разлічваць ні на ідэалогію, ні на бяспеку, спакой у краіне", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што апошнім часам зроблена нямала, каб нармальна функцыянавала эканоміка. "Трэба аддаць належнае, і з Расіяй дамоўленасці, міжурадавыя кансультацыі даюць станоўчы вынік", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка таксама адзначыў, што абстаноўка ў Беларусі на фоне пандэміі значна лепшая, чым у іншых дзяржавах. Таму трэба не дапусціць яе пагаршэння і скарыстацца існуючымі магчымасцямі ў частцы экспарту тавараў. "Самае галоўнае, тое, аб чым я заўсёды гаварыў: пандэмія пандэміяй, яна калі-небудзь поўнасцю скончыцца. Нам яшчэ на Бога грашыць няма чаго, ён нас пашкадаваў. Хоць вы бачыце, другая хваля па Еўропе коціцца. А мы знаходзімся ў цэнтры Еўропы. Мы бадзяемся па вуліцах, тромся адзін аб аднаго. Якая тут сацыяльная дыстанцыя і гэтак далей? Робім усё для таго, каб мы пазней развіталіся з гэтай хваробай. Гэта недапушчальна. Але пакуль спраўляемся, - заявіў беларускі лідар. - У нас абстаноўка значна лепшая, чым у іншых дзяржавах. Я паглядзеў апошнія суткі, у нас нават па пнеўманіях вельмі добрая адмоўная дынаміка. Гэта значыць, больш людзей выпісваюцца з бальніц, чым туды паступаюць".
Гаворачы пра эканоміку, Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што краіны з-за пандэміі не могуць адкрыцца, вытворчасць не раскручана. "Мы не спыняліся, мы вырабляем і ў нас ёсць шанц, якім сёння карыстаемся, прадаць нашу прадукцыю. Прадаць з добрай дабаўленай вартасцю, з добрым прыбыткам", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, сёння ААН апублікавала даныя, што ў свеце ідзе інтэнсіўны рост на прадукты харчавання. "Відавочна, і на іншыя тавары. Таму вельмі важна цяпер функцыянаванне нашых прадпрыемстваў, каб працавала эканоміка. І галоўнае пытанне, якое мы павінны цяпер абмеркаваць, - гэта не толькі бяспека, стабільнасць нашай дзяржавы, але як мы, людзі ў пагонах, павінны забяспечыць нармальнае функцыянаванне прадпрыемстваў, каб эканоміка давала нам вынік. Гэта - галоўнае", - лічыць Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён прапанаваў удзельнікам нарады з гэтай пазіцыі паглядзець на тое, што трэба зрабіць, каб падтрымаць Урад, прадпрыемствы, Нацыянальны банк. "Тое, аб чым я гаварыў. Нам трэба падтрымаць - усім, хто сёння займаецца бяспекай. А эканамічная бяспека - гэта немалаважны сегмент дзейнасці нашай дзяржавы. Таму эканоміка і яшчэ раз эканоміка!" - рэзюмаваў Прэзідэнт.