Нарада ў Палацы Незалежнасці
- 5
- 4:48
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня правёў нараду ў Палацы Незалежнасці.
Кіраўнік дзяржавы даручыў аператыўна падрыхтаваць дакументы па далейшай рабоце Урада. "Галоўнае пытанне - гэта датычыцца Адміністрацыі Прэзідэнта, Наталля Іванаўна (Старшыня Савета Рэспублікі. - Заўвага), вы падключыцеся: Урад, як звычайна, пасля выбрання Прэзідэнта складае паўнамоцтвы, трэба падрыхтаваць усе дакументы, цяпер падпісаць іх, выверыць і даручыць Ураду прадаўжаць свае паўнамоцтвы да фарміравання канчатковага складу Урада", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Пры гэтым трэба мець на ўвазе, што мы задоўга (за год, паўгода) народу сказалі, што мы фарміруем Урад і паказваем, з кім Прэзідэнт будзе працаваць пасля выбараў", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Такім чынам, адзначыў ён, у асноўным Урад сфарміраваны. "Можа, будуць нейкія нюансы. Я толькі што гаварыў з Раманам Галоўчанкам. Ён на месцы, працуе, усе гатовы працаваць. Таму Урад функцыянуе. Трэба фармалізаваць гэта, каб юрыдычную сілу мела. Таму Указ трэба адпрацаваць і зараз жа ўнесці", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што трэба ўдзяляць прыярытэтную ўвагу рабоце эканомікі.
"Што датычыцца работы эканомікі - найважнейшае пытанне. Зразумела, што розныя каналы, пэўныя сродкі масавай інфармацыі будуць расхістваць гэту сітуацыю, што выходзьце, бастуйце... Я наконт гэтага ўжо выказаўся: хтосьці хоча баставаць, няхай ідуць баставаць, але на заводах ім рабіць няма чаго", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
У сувязі з гэтым ён адзначыў, што неабходна даручыць кіраўнікам прадпрыемстваў, каб яны папярэдзілі рабочых. "Не трэба націскаць ні на каго, ні ў якім разе, проста трэба ім гэта сказаць. На каленях стаяць мы ні перад кім не збіраемся. Такой неабходнасці няма", - падкрэсліў ён.
"Хочуць страціць работу і прадпрыемствы - страцяць. Далей яны не адновяцца, мы гэта добра разумеем. Таму няхай кіраўнікі са сваімі калектывамі разбіраюцца. Калі патрэбна наша дапамога або працоўныя калектывы просяць пабываць там, не трэба адмаўляцца. Трэба паехаць у працоўныя калектывы, адказаць на іх пытанні", - сказаў Прэзідэнт.
Ён заявіў, што ў панядзелак наведае МЗКЦ. "На гэтыя пытанні яны пачуюць мой адказ", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Таму эканоміцы ўвага перш за ўсё", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт у час нарады выказаўся на тэму грамадска-палітычнай сітуацыі ўнутры краіны. "Мы бачым, што адбываецца. Нас заспакойваць не трэба мірнымі акцыямі і дэманстрацыямі. Мы бачым, што ў глыбіні адбываецца. Мы вельмі добра гэта бачым. І потым, мы ж метадычкі чыталі каляровых рэвалюцый. Больш таго, да метадычак каляровых рэвалюцый (гэта асаблівасць, аб гэтым мы будзем гаварыць сёння ў Мінабароны ў Цэнтры стратэгічнага кіравання) ужо з'явіліся элементы знешняга ўмяшання", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Інакш кажучы, тое, што я гаварыў, - фактычна па сцэнарыі разгортваецца агрэсія супраць Беларусі. Трэба звязацца з Пуціным, Прэзідэнтам Расіі, каб я мог з ім перагаварыць цяпер. Таму што гэта ўжо пагроза не толькі Беларусі. Ведаеце, некаторыя расіяне, я гляджу, там, вельмі разумныя, пачынаюць крычаць: вось, Беларусь, так, нягэтак... Я хачу сказаць, што абарона сёння Беларусі - гэта не менш, чым абарона ўсёй нашай прасторы, Саюзнай дзяржавы, і прыклад іншым. Калі беларусы не вытрымаюць, пойдзе гэта хваля туды. Таму за нас так учапіліся", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Гэтыя, што бадзяюцца па вуліцах, яны ж гэтага ў большасці сваёй не разумеюць. Гэта разумеюць тыя, хто каардынуе і накіроўвае. І вы бачыце - іншы раз працуюць прафесійна: пастановачныя кадры, фэйкі. У мяне, аказваецца, ужо знайшлі ў Маскве нейкі дом. Я цяпер публічна хачу сказаць: знайшлі - забярыце яго. У мяне ў Беларусі ўласнасці няма, акрамя рэзідэнцыі афіцыйнай, дзе я жыву ў вёсцы. Не, вось гэтыя пачынаюць фэйкі. Аказваецца, я ўжо з краіны выехаў пазаўчора, аказваецца, я ці то памёр, ці то захварэў. І гэта ўсё круціцца. Для чаго? Каб у народа стварыць вось гэты подленькі настрой. Не атрымаецца. Мы гэтага дапусціць не павінны", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.