Нарада па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу
- 12
Усебеларускі народны сход павінен стаць пляцоўкай для рэальнага дыялогу па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 27 кастрычніка на нарадзе па падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу.
На разгляд Кіраўніка дзяржавы быў вынесены нарматыўны прававы акт аб падрыхтоўцы шостага Усебеларускага народнага сходу і стварэнні арганізацыйнага камітэта па яго правядзенні. "Перш чым падпісаць гэты дакумент, я хацеў бы абмеркаваць з вамі некаторыя аспекты будучага важнейшага палітычнага мерапрыемства", - растлумачыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што Усебеларускі народы сход - гэта асобая форма народаўладдзя ў краіне. І ў час форуму трэба будзе вызначыць, як будзе развівацца дзяржавы ў будучым.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ўлада ў Беларусі заўсёды раілася з людзьмі пры прыняцці лёсавызначальных для краіны рашэнняў.
"Гаварыў не адзін раз і яшчэ раз хачу паўтарыць: усё будзе так (і Канстытуцыя, і пытанні будуць вырашацца), як вырашыць толькі беларускі народ. Гэта не пустыя словы. Гэта мая клятва. Я гарантую, што будзе толькі так, як вырашыць народ. Мы не будзем мышкаваннем займацца, не будзем ствараць нешта пад сябе. Як людзі вырашаць - так і будзе", - заявіў ён.
Прэзідэнт лічыць, што ў будучым неабходна на канстытуцыйным узроўні замацаваць статус Усебеларускага народнага сходу. "Гэту форму "народнай творчасці" трэба зрабіць канстытуцыйнай. Не пад якія-небудзь асобы. Справа не ў асобах, - заўважыў ён. - Пяць сходаў прайшло ўжо, і ніхто не сказаў, што гэта было на шкоду. І гэту норму трэба зрабіць канстытуцыйнай. Дарэчы, з дыялогавых пляцовак такія прапановы на маё імя паступалі ўжо. Я падтрымліваю, але гэта народу вырашаць".
Адным з важных пытанняў маючага адбыцца сходу стане падвядзенне вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця краіны за апошнія 5 гадоў. За гэты перыяд, напрыклад, дасягнуты высокі ўзровень развіцця аграпрамысловага комплексу. У бягучым годзе сабраны ўраджай каля 10,5 млн т усіх збожжавых. "Малайцы, гэта вельмі добры ўзровень. Вось мы на яго ўзабраліся, і трэба трымацца на гэтым узроўні, хто б ні быў прэзідэнтам. Тады будзе хлеб, малако і людзі будуць накормлены", - сказаў Прэзідэнт.
"Жыццё ідзе, краіна працуе, развіваецца, - прадоўжыў Аляксандр Лукашэнка. - Нягледзячы на ўсякія выстаўляемыя з боку (перш за ўсё нашых суседзяў) ультыматумы, у спакойным рытме працуюць прадпрыемствы, транспарт і гандаль".
Дзяржава, паводле слоў Прэзідэнта, робіць неабходныя крокі, каб у далейшым так і прадаўжалася. "Людзі працуюць, жывуць і патрабуюць бяспечнага жыцця. Нарэшце людзі, асабліва ў Мінску, ацанілі, што яны могуць страціць. Хочуць так, як было да выбараў. Так і будзе. Мы абавязаны гэта патрабаванне народа забяспечыць. Забяспечыць усімі магчымымі, даступнымі згодна з законам сродкамі", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Ключавой задачай, якую нам трэба паставіць перад удзельнікамі сходу, з'яўляецца выпрацоўка сучасных, эфектыўных і рэальна дзеючых механізмаў, якія дапамогуць нам вырашыць праблемы, што стрымліваюць эканамічны рост", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. У сувязі з гэтым Прэзідэнт адзначыў важную ролю дыялогавых пляцовак, якія цяпер праходзяць па ўсёй краіне. Ён звярнуў увагу, што неабходна арганізаваць дыскусію не толькі на ўзроўні спецыялістаў, парламентарыяў, прадстаўнікоў дзяржструктур, але і пачуць меркаванні, прапановы працоўных калектываў, радавых грамадзян. "Такім чынам мы ўключаем у абмеркаванне актуальных пытанняў вялікую частку нашага грамадства. Вось у чым сэнс гэтых дыялогавых пляцовак", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт таксама даручыў удзяліць увагу пытанню выбрання дэлегатаў сходу. "Тут павінны быць прадстаўнікі абсалютна ўсіх слаёў грамадства, якія хочуць нешта сказаць, хочуць быць пачутымі і ўмеюць слухаць, усіх сацыяльных і прафесійных груп, грамадскіх арганізацый, дэпутаты ўсіх узроўняў. Не толькі кіраўнікі, але і людзі ад станка, ад зямлі, якія непасрэдна ведаюць і адчуваюць усе праблемы простага чалавека, - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта павінен быць рэальны дыялог па выпрацоўцы стратэгіі развіцця краіны. Няхай людзі адкрыта гавораць, абмяркоўваюць - прымем рашэнні і будзем па іх жыць".
У час нарады Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што Беларусь пачынае сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі. Мерапрыемства пачалося крыху пазней, чым планавалася спачатку. "Вельмі важныя пытанні давялося абмяркоўваць цяпер, паколькі пры пэўных зрухах у нашым грамадстве, змяненнях, у тым ліку і па тэме сённяшняй нарады ў сувязі з падрыхтоўкай Усебеларускага народнага сходу, ёсць і іншыя вельмі важныя пытанні, не вырашыўшы якія нам вельмі цяжка будзе рухацца далей. Таму давялося сёння паламаць свой рабочы графік", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён расказаў, што размова ішла пра бягучы момант, рэагаванне органаў улады на сітуацыю. "Вы, напэўна, помніце маю заяву, калі я сказаў, што мы павінны працаваць акуратна, нягледзячы на тое, што востры перыяд, пратэстуны гэтыя сланяюцца па вуліцах (у асноўным або практычна толькі ў Мінску). Але, тым не менш, мы канстатавалі факт, што гэта маса, якая засталася, радыкалізавалася. Мы выразна бачым арганізатараў і тых, хто ўвасабляе гэтыя ідэі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - І я тады гаварыў, што працуем акуратна, паколькі чырвоную рысу яны яшчэ не перайшлі. Апошнія некалькі дзён сведчаць аб тым, што па многіх напрамках яны гэту чырвоную рысу перайшлі".
"Ну як можна ацэньваць тое, што ўжо выйшлі на чыгунку і пачынаюць блакіраваць аўтаматыку, ажыццяўляць замыканне рэек. Гэта можа прывесці да сур'ёзных аварый на чыгунцы, катастроф і гібелі мноства людзей. Гэта дзеянні арганізаваных злачынных груп з прыкметамі тэрарызму. Мы пачынаем сутыкацца з тэрарыстычнымі пагрозамі", - падкрэсліў беларускі лідар.
У якасці прыкладу Кіраўнік дзяржавы таксама расказаў, што ў Мінску, згодна з існуючай інфармацыяй, перарэзалі некалькі святлафораў. "Ламаюць, знішчаюць тое, што стваралася ўсёй дзяржавай у Мінску многімі дзесяцігоддзямі або гадамі. А, самае галоўнае, людзі стаміліся гэта ўсё цярпець", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што ўлада тады чагосьці варта, калі яна ўмее сябе абараняць і абараняць свой народ: "Таму калі пераступаецца чырвоная лінія, улада павінна рэагаваць".
"У сувязі з гэтымі заклікамі з Польшчы і Літвы аб ультыматумах і забастоўках (я ўчора Прэм'ер-міністру даручаў і ўсім практычна прысутным тут): нікога не трэба ўгаворваць - ні рабочых, ні студэнтаў, ні ўрачоў, ні настаўнікаў, ні дзяржслужачых, - сказаў Прэзідэнт. - Цяпер такі момант, калі кожны павінен выбіраць у сваім жыцці тую дарогу, па якой ён будзе рухацца".
"Не хочуць рабочыя працаваць - не трэба. Але іх адзінкі, якія не хочуць, - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы. - Вызваліце астатнюю частку працоўных, якія хочуць працаваць, ад гэтай праплачанай (групы. - Заўвага). Мы ж ведаем, што гэтыя 10-12 чалавек - ядро, якія трапілі на гэты завод, яны праплачаныя, ім да гэтага часу плацяць з Польшчы, Літвы. Ідуць па адкрытых, закрытых каналах грошы, мы не ўсё можам адсачыць".
Ён выказаўся і наконт студэнтаў, якія прымаюць удзел у несанкцыянаваных акцыях: "Прыйшлі вучыцца - вучыцеся. Хто хоча, той няхай вучыцца. Хто выйшаў у мэтах парушэння закону на несанкцыянаваныя акцыі, пазбаўляецца права быць студэнтам. Калі ласка, адпраўце іх, як я гаварыў, каго ў армію, а каго на вуліцу. Няхай ходзяць па вуліцы. Але яны павінны быць адлічаны з ВНУ. Тое ж самае выкладчыкі, іх таксама адзінкі, якія брыдка сябе паводзяць у ВНУ".
"Паўтараю: нікога не прасіце і не ўгаворвайце, гэта бескарысна. У лепшым выпадку ў гэтай сітуацыі мы іх загонім пад плінтус. І яны потым зноў адтуль павылазяць. Таму няхай вызначаюцца, дзе яны хочуць жыць, як яны хочуць жыць і што рабіць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён звярнуў увагу, што арганізатары пратэстаў у Беларусі па метадычцы каляровых рэвалюцый прайшлі ўжо 7-8 этапаў. "Засталося зусім няшмат. Наступны этап - радыкалізацыя. Яна адбываецца. Супраць нас разгарнулі ўжо не інфармацыйную, а тэрарыстычную вайну па асобных напрамках. Мы гэта павінны спыніць", - заявіў беларускі лідар.
Карыстаючыся выпадкам, ён яшчэ раз звярнуўся да бацькоў школьнікаў і студэнтаў: "Забярыце сваіх дзяцей з вуліцы, каб потым не было балюча. А з астатнімі мы будзем разбірацца па ўсёй строгасці закону".