Даклад па праекце Указа "Аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян"
- 10
- 8:41
Праект Указа аб сацыяльнай падтрымцы асобных катэгорый грамадзян абмеркаваны ў Прэзідэнта Беларусі. На даклад у Палац Незалежнасці былі запрошаны члены Урада і кіраўніцтва Адміністрацыі Прэзідэнта.
"Падтрымліваць будзем тых грамадзян, якія сёння маюць патрэбу ў падтрымцы", - акцэнтаваў увагу Кіраўнік дзяржавы.
У той жа час, адзначыў ён, калі чалавек страціў работу або ў яго няма на сённяшні дзень адпаведнай работы, то вакансій дастаткова, у тым ліку ў Мінску. "І гэты няпросты час чалавек павінен спакойна пражыць, уладкаваўшыся на іншую работу. Можа, і не зусім любімую ім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што ў Беларусі быў выбраны такі метад барацьбы з распаўсюджваннем каранавіруснай інфекцыі, каб пры захаванні жыцця і здароўя людзей прадаўжаць і эканамічную дзейнасць у дзяржаве. Пры такім падыходзе ў людзей захоўваецца магчымасць працаваць, а пры неабходнасці шукаць новыя месцы для працаўладкавання.
"У гэты няпросты час, калі ўвесь свет не працуе, эканоміка не працуе (дзякуй богу, пачалі пакрыху адкрываць вытворчасці і на Захадзе, і ў Расіі, у Кітаі), калі яшчэ не разгарнулася эканоміка, для нас вельмі важна захаваць працоўныя калектывы, - падкрэсліў беларускі лідар. - Катэгарычна недапушчальна звальненне людзей. Усяляк трэба захаваць працоўныя калектывы. Гэта маё патрабаванне застаецца непахісным".
Што датычыцца аказання падтрымкі з боку дзяржавы асобным прадпрыемствам і грамадзянам, то гэтыя пытанні будуць вырашацца на ўзроўні мясцовых органаў улады. "Усе грашовыя сродкі, якія мы можам сёння накіраваць на падтрымку канкрэтных прадпрыемстваў і грамадзян, павінны быць накіраваны на месцы. Перш за ўсё - губернатарам, - сказаў Прэзідэнт. - Яны разбяруцца, каго падтрымліваць".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што не трэба спадзявацца выключна на дапамогу збоку. "Падтрымліваць трэба тых, хто мае патрэбу ў падтрымцы і хто сам варушыцца. Трэба і самім шукаць работу", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
У якасці прыкладу ён прывёў рэстаранны бізнес і асобных яго прадстаўнікоў, якія змаглі пераарыентавацца на дастаўку гатовых страў дамоў, прадпрыемствам. "Людзі, калі хочуць працаваць, знайшлі новую форму", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Яшчэ адзін прыклад - калійная галіна, даходы якой апошнім часам знізіліся. "Таму што рынкі закрыліся, руху ніякага не было, - растлумачыў Прэзідэнт. - Тым не менш яны знайшлі магчымасць у гэтай сітуацыі дамовіцца з Кітайскай Народнай Рэспублікай і іншымі рынкамі і атрымаць грашовыя сродкі, пастаўляючы свае тавары. Гэта значыць, людзі варушацца, стараюцца дамовіцца".
У той жа час ёсць галіны, якія ў існуючых умовах аб'ектыўна не маюць магчымасці працаваць, напрыклад, авіякампанія "Белавія". У такой сітуацыі падтрымку павінна аказаць дзяржава.
"Так, сёння немагчыма паставіць куды-небудзь на рынкі прадукцыю. Але трэба дамовіцца. Праз тыдзень, месяц адкрыюцца рынкі, і ў вас будзе гатовы дагавор, вы паставіце свой тавар. І гэта таксама форма работы, - сказаў Прэзідэнт. - Мы ж не закрывалі ні адну вытворчасць, ні адзін рэстаран, ні адзін кінатэатр - мы наогул нічога не закрывалі і нікога не абмяжоўвалі. Мы проста папярэдзілі людзей: беражыце сябе".
Аляксандр Лукашэнка ў час нарады звярнуў увагу, што метадам Беларусі па рэагаванні на каранавірус ужо скарысталіся і іншыя дзяржавы.
"Сітуацыя ў Беларусі сёння з вірусамі і іншымі захворваннямі, якіх у нас хапала і хапае, цярпімая. Мы не гаворым, што ў нас усё добра, што мы ўжо бога за бараду ўзялі. Не. Але той метад, якім мы карыстаемся ўжо трэці месяц, дае свой плён. І гэтым метадам, гэтым шляхам скарысталіся і іншыя дзяржавы. Паглядзіце на заходнія краіны: пакрыху адкрыліся, пачала працаваць эканоміка, а гэта мільёны людзей. І ў той час як смяротнасць у іх за суткі перавышае ўсіх памерлых (ад хвароб, ускладненых каранавірусам. - Заўвага) у Беларусі за гэтыя тры месяцы", - заявіў беларускі лідар.
"Паглядзіце на ўсход - дружалюбная нам, родная Расія адкрыла будаўнічы комплекс, прамысловыя прадпрыемствы, іншыя асноўныя сектары эканомікі. Гэта 90 з нечым працэнтаў насельніцтва, якія выйдуць на работу. Багатая Расія, у якой назапашаны велізарны золатавалютны рэзерв і фонд нацыянальнага дабрабыту. Яна зразумела, што могуць быць дрэнныя наступствы", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт падкрэсліў, што ў цяперашніх эпідэміялагічных умовах галоўнае зусім не статыстыка па колькасці захварэлых, а выратаванне жыццяў людзей.
"Будзем лячыць людзей, будзем глядзець, што будзе далей. Але хачу ў сувязі з тым, што я ўзняў гэта пытанне, катэгарычна папярэдзіць, што галавой усе адказваюць за смяротнасць насельніцтва. Усе гэтыя паказчыкі, кавідаўскія і нават пнеўманійныя, колькі ў нас там учора было, колькі сёння і якая дынаміка, - гэта ўсё адыдзе, гэта ўсе забудуць. А вось загінулыя людзі, якіх мы маглі выратаваць, але не выратавалі, - гэта застанецца. Жалезна трэба патрабаваць ад Міністэрства аховы здароўя і ўрачоў захавання жыцця людзей. Я аб гэтым у храме нядаўна гаварыў, і я гэта бяру на сур'ёзны кантроль", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, зразумела, чым больш шырока праводзіцца тэсціраванне, тым больш фіксуецца выпадкаў захворвання. Аднак галоўнае - удзяліць увагу захваральнасці на пнеўманіі, і не толькі на фоне каранавіруса. "Учора я даў каманду, каб неадкладна прадставілі мне прагноз не па COVID-19 (у нас гэты прагноз ёсць), а па пнеўманіях. Па ўсіх пнеўманіях, у тым ліку кавідных, - сказаў ён. - У нас, і не толькі ў нас, усюды, праблема нумар адзін у лячэнні - гэта пнеўманіі".
Што датычыцца пнеўманій, Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Беларусі ўжо няма такога прыросту, як было нават 2-3 тыдні таму. "Дай бог нам на гэтым узроўні вытрымаць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама адрэагаваў на інфармацыю, што ў бальніцах урачы, у прыватнасці размова ішла пра Гродзенскую вобласць, нібыта выпісваюць з бальніц людзей, якія не вылечыліся, на далечванне ў санаторыі. "Хачу, каб усе разумелі, у чым сутнасць: мы лечым людзей у бальніцах, і маё няўхільнае, жорсткае патрабаванне да Міністэрства аховы здароўя і калектываў бальніц - ні ў якім разе ў інфекцыйных бальніцах не ператрымліваць людзей, якія выздараўліваюць", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што закрытая абстаноўка інфекцыйных бальніц у тым ліку псіхалагічна ўздзейнічае на людзей, улічваючы немагчымасць нават выйсці на вуліцу. "Таму калі ёсць нармальная дынаміка ў лячэнні непасрэдна ў бальніцы, лечачыя ўрачы бачаць, што чалавек сябе нармальна адчувае, мы яго пераводзім на санаторна-курортнае лячэнне. Я даручаў: Аксакаўшчына (Рэспубліканская клінічная бальніца медыцынскай рэабілітацыі. - Заўвага) і шпіталь інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску", - расказаў Кіраўнік дзяржавы. Ён падкрэсліў, што размова ідзе менавіта аб далечванні, а не лячэнні.
Трэці ўзровень, прадоўжыў Прэзідэнт, - гэта тыя людзі, хто наглядаецца дома. Гэта датычыцца бессімптомных захворванняў, калі няма рызыкі заразіць іншых: "У Мінску, дапусцім, створана амаль 270 брыгад, якія ў сваіх раёнах трымаюць на кантролі пэўную колькасць гэтых людзей. І калі нейкае пагаршэнне, мы неадкладна іх шпіталізуем", - заявіў беларускі лідар.
"Вось такое замкнёнае кола, і гэта сябе апраўдала. Як толькі заўважылі, што недзе захварэў чалавек, неадкладна пачынаем тэсціраваць яго кантакты і ізаляваць. Ачаговы метад барацьбы, а не франтальны на ізаляцыю. Гэта асаблівасць сённяшняга лячэння ў Беларусі, і мы да гэтых метадаў прыйшлі паступова", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
У час нарады Прэзідэнт зрабіў акцэнт на неабходнасці ўдзяліць асаблівую ўвагу клопату аб адзінокіх пажылых людзях у перыяд іх аднаўлення і рэабілітацыі пасля хваробы. Міністэрству працы і сацыяльнай абароны сумесна з Міністэрствам аховы здароўя даручана распрацаваць сістэму аказання дапамогі гэтай катэгорыі грамадзян, у прыватнасці, вызначыць санаторыі, дзе аслабленыя пасля хваробы пажылыя людзі будуць аднаўляцца пад наглядам урачоў.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што ў Беларусі рэагуюць на захваральнасць зыходзячы з абстаноўкі, якая складваецца, і гэты метад ужо даў свой плён.
"Давайце без істэрыі, спакойна ў гэтым напрамку працаваць. Кадры расстаўлены", - заклікаў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама адзначыў, што ў бліжэйшы час сістэма работы ў гэтым напрамку будзе праманіторана на розных узроўнях.