Удзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй з месцаў воінскай славы ў рамках акцыі "На славу агульнай Перамогі"
- 23
- 3
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 8 мая прыняў удзел ва ўрачыстай цырымоніі закладкі капсул з зямлёй, сабранай у месцах воінскай славы і гібелі мірнага насельніцтва, якая праходзіла ў Мінску ў храме-помніку ў гонар Усіх Святых і ў памяць аб ахвярах, якія выратаванню Айчыны нашай паслужылі.
Да прыбыцця Прэзідэнта каля храма прызямліўся верталёт, на борце якога знаходзіліся капсулы з зямлёй з абласных цэнтраў, Мінскай вобласці і горада-героя Мінска. У суправаджэнні роты ганаровай варты іх даставілі да ўвахода ў храм, куды прыбыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандра Лукашэнку сустрэў настаяцель храма Фёдар Поўны, пасля чаго Прэзідэнт за калонай ваеннаслужачых прайшоў у вялікую залу крыпты храма.
Кіраўнік дзяржавы прыняў удзел у закладцы капсул і запаліў свечку ў памяць аб загінулых воінах і бязвінных ахвярах Вялікай Айчыннай вайны. На цырымоніі таксама прысутнічалі вышэйшыя службовыя асобы, кіраўнікі грамадскіх аб'яднанняў (БРСМ, Беларускага грамадскага аб'яднання ветэранаў, Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі), дыпламаты, прадстаўнікі рэгіёнаў.
"Вялікі дзякуй усім вам за тое падзвіжніцтва, якое вы ажыццявілі напярэдадні гэтага вялікага свята. Жадаю моцнага здароўя, мужнасці, не падайце духам. У нас абавязкова будзе ўсё добра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, размаўляючы з удзельнікамі цырымоніі.
Настаяцель храма-помніка Фёдар Поўны, звяртаючыся да Кіраўніка дзяржавы, цёпла падзякаваў за падтрымку акцыі "На славу агульнай Перамогі!", аб правядзенні якой Прэзідэнт аб'явіў 9 мая 2019 года. "Прайшоў роўна год. Зямля з усіх воінскіх пахаванняў і месцаў баявой славы беларусаў сабрана ў 126 капсулах. Яшчэ 11 гарадоў-герояў і больш як 10 замежных краін далучыліся да гэтага праекта. Ён цяпер не мае тых межаў, якія існуюць на карце, - сказаў Фёдар Поўны. - Можна сказаць вобразна: цяпер уся Беларусь стала Брэсцкай крэпасцю".
Прэзідэнт адзначыў, што святкаванне 75-годдзя Перамогі будзе цудоўнай старонкай у гісторыі Беларусі. "Будзем рыхтавацца да заўтрашняга, цэнтральнага нашага мерапрыемства (парад. - Заўвага), на жаль, - часы, бачыце, як мяняюцца - неадназначна ўспрымаемаму навокал. Як сказаў тут уладыка, мы сапраўды вымушаны стаяць, як Брэсцкая крэпасць. Яшчэ раз хачу сказаць: вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе час, людзі, і перш за ўсё моладзь, ацэніць гэтыя дні. Я сёння ўпэўнены абсалютна, што гэта будзе цудоўная старонка ў гісторыі нашай краіны, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Цудоўная таму, што мы з вамі выстаялі, як яны калісьці. Яны паклалі жыццё ў імя таго, каб мы сёння жылі. Ну і хаця б адзін раз у год у гэты святы дзень з годнасцю і гонарам успаміналі нашых герояў. Мы інакш не можам. Гэта адзіная прычына - мы не можам інакш. Мы павінны зрабіць так, як рабілі яны, калі верылі ў будучыню. У імя будучыні, у імя нашага жыцця. А ацэнкі дадзім потым".
Беларускі лідар выказаў словы ўдзячнасці ў адрас салдат, афіцэраў, генералаў, ветэранаў як Вялікай Айчыннай вайны, так і Узброеных Сіл. "Я пачуў вашу просьбу аб прысутнасці на парадзе, але вы ўжо дапамажыце, калі ласка, нам запрасіць тых, хто бадзёры і моцны не толькі духам, але і фізічна. За свае жыцці не перажывайце. Мы зробім усё для таго, каб вы жылі. Таму што пакуль жывяце вы, жыве гэта памяць. Вы рэальныя сведкі таго часу. І вы сёння прадстаўляеце нашых салдат, афіцэраў, генералаў, якія і пасля вайны ў найцяжэйшых умовах змаглі адстаяць мір, абараніць і аднавіць нашу рэспубліку. Вялікі вам дзякуй!" - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы таксама адказаў на пытанні ўдзельнікаў мерапрыемства. У прыватнасці, прадстаўнік СМІ звярнула ўвагу, што ў інтэрнэце з'явілася інфармацыя, што на парад нібыта збіраюцца запрасіць тых, хто перахварэў на каранавірус. У сувязі з гэтым Аляксандр Лукашэнка сказаў: "Я сваё меркаванне ўжо выказаў. Мы ніколі на парад, на такія мерапрыемствы ў Беларусі нідзе, тым больш у Мінску, двухмільённым горадзе, не цягнулі людзей. Гэта, калі хочаце, маё крэда, маё патрабаванне".
"Я абсалютна ўпэўнены, што людзі на парад прыйдуць, і нам не трэба нікога прымушаць, цягнуць на гэты парад. Але, калі сумленна, я з задавальненнем убачыў бы на парадзе тых, хто перамог у гэтыя дні. Паколькі тыя, хто перахварэў, - гэта людзі, якія перамаглі. Не хваробу (гэта самае простае, што можна перамагчы), не гэты вірус, а тое, што ў галаву ўбілі людзям нядобрасумленныя палітыкі і іншыя. Сапраўдная істэрыя, псіхоз. Людзі проста сталі баяцца. І нам дарагога каштавала супакоіць людзей. І я пахваліў іх зусім нядаўна - і нашых старых, і моладзь - увесь наш народ. Мы расказалі сумленна і адкрыта людзям, як трэба сябе паводзіць, а ўсё астатняе - у руках людзей", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што асабліва ў рэгіёнах ёсць шмат жадаючых прыехаць на парад. І ў іх ліку ёсць нават прадстаўнікі медперсаналу, урачы.
"Я не буду вітаць толькі тое, калі людзей будуць сілком запрашаць або нават падштурхоўваць на гэта мерапрыемства. Гэта справа гонару кожнага чалавека. Нехта па-іншаму думае. Вы іх ведаеце. Мы іх і не клічам туды. Гэта іх права", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Адзін з афіцэраў, задаючы пытанне, заўважыў, што ваеннаслужачыя на парадзе, як правіла, выступаюць у якасці ўдзельнікаў, але не ў якасці гледачоў. "Напэўна, вы маеце рацыю. Гэта вельмі цікавая думка. Ваеннаслужачыя заўсёды былі галоўнымі дзеючымі асобамі на парадзе, і мы неяк забывалі, што тысячы людзей застаюцца па-за парадам, ля тэлевізараў. Але амаль ніколі не было іх на трыбунах - радавых, сяржантаў, малодшых афіцэраў. Трэба выправіць гэту сітуацыю", - адказаў Аляксандр Лукашэнка.
Да Прэзідэнта таксама звярнуўся прадстаўнік ветэранаў, які прыняў рашэнне наведаць цырымонію ў храме-помніку. Ён падзякаваў за работу і ўвагу, якая ўдзяляецца захаванню памяці аб падзеях Вялікай Айчыннай вайны: "Мы ўдзячныя за тое, што ва ўсёй нашай рэспубліцы памяць аб подзвігах нашага народа захоўваецца на такім высокім узроўні".
Гаворачы аб эпідэміялагічнай абстаноўы ў краіне, Прэзідэнт выказаў упэўненасць, што ў Беларусі змогуць перамагчы каранавірус, у тым ліку і з божай дапамогай. "Думаю, Гасподзь дапаможа пераадолець па ўсёй краіне гэтыя няшчасце і напасць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў той уклад, які ўнёс народ як у абарону саміх сябе, так і барацьбу з вірусам. Прэзідэнт упэўнены ў правільнасці выбранага краінай шляху ў барацьбе з распаўсюджваннем інфекцыі. "Ужо многія закрычалі аб другой хвалі восенню. Думаю, што наш шлях - гэта якраз пераадоленне не толькі гэтай цяжкай хвалі, але і той другой, якая, не дай бог, настане. Усё больш людзей, нягледзячы на гэты вірус, вяртаюцца да нармальнага жыцця", - сказаў беларускі лідар.
"Мы выбралі свой шлях. І я ўпэўнены сёння, што мы зрабілі правільна. Мы не ўвялі надзвычайнае становішча", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка ў станоўчым ключы згадаў выступленне напярэдадні мэра Масквы Сяргея Сабяніна: "Гаворыць: а за што вы нас папракаеце, масквічоў, што ў нас шмат выяўляецца гэтага віруса. Дык правільна, за гэта трэба хваліць масквічоў, расіян і іншыя краіны, якія шмат праводзяць тэстаў. Чым больш тэстаў, тым больш выяўляецца".
Разам з тым Прэзідэнт падкрэсліў, што галоўнае ўсё ж такі не колькасць тэстаў, а выратаванне жыццяў людзей. "Усе забудуць, якія лічбы былі па каранавірусе, наколькі мы іх выяўлялі. Усе будуць помніць, колькі загінула людзей, таму галоўнае, на што робім упор, - выратаванне людзей. І самая нізкая смяротнасць пры такім аб'ёме выяўляемых - у Беларусі, - сказаў ён. - Мы павінны змагацца за кожнага чалавека, і мы ўмеем гэта рабіць".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, важна ўдзяляць увагу лячэнню цяжкахворых, якія знаходзяцца на апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх, і ў Беларусі гэтага абсталявання дастаткова.
"І вельмі важны паказчык - колькі паступіла ў бальніцу і выпісана. Зноў прывяду прыклад мэра Масквы Сяргея Сабяніна. Ён учора канстатаваў: упершыню ў Маскве выпісаных было больш, чым паступіла. Гэта добры сігнал. Галоўнае - утрымаць гэты ўзровень. Тады і на ВДНГ, і на спартыўных аб'ектах, дзе ствараюць рэзервовыя месцы, яны не спатрэбяцца. Калі мы і далей будзем ісці гэтым (выбраным у Беларусі. - Заўвага) шляхам, мы абавязкова праз месяц забудзем пра каранавірус. Таму беражыце сябе, сваіх родных, блізкіх. Сцеражонага Бог сцеражэ", - заклікаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў, што 8 мая ў яго адбыліся тэлефонныя размовы з прэзідэнтамі Таджыкістана і Узбекістана. "Яны ўсе перадавалі нашаму народу самыя цёплыя пажаданні і віншаванні. Мне прыемна было чуць, што яны выкарыстоўваюць менавіта наш вопыт, таму што яны пазней увайшлі ў гэту заразу, чым мы".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што выбраныя ў краіне метады барацьбы з каранавірусам абумоўлены даволі развітой айчыннай медыцынай. Ён адзначыў, што ў Беларусі не пайшлі фронтам, а змагаюцца з інфекцыяй кропкава і ачагова.
"Гэта не бравада. Мы заўсёды глядзелі за аховай здароўя, не аддалі яе ў прыватныя рукі. Так, нам няпроста было. Мы небагатая краіна, нам гэта дорага каштавала. Але затое гэта ў сто разоў вернецца, - падкрэсліў беларускі лідар. - Вядома, ёсць шмат пытанняў, недахопаў. Мы іх усе фіксуем. І пасля заканчэння гэтай эпапеі, істэрыі і віруснай хваробы мы прымем адпаведныя рашэнні, якія значна ўзмоцняць нашу ахову здароўя. Мы бачым, што яшчэ трэба зрабіць".
Гаворачы пра ўрачоў, асабліва пра тых, хто перахварэў ужо на каранавірус і вярнуўся на свае працоўныя месцы, каб ратаваць жыцці людзей, Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта сапраўдныя героі.