Міжнародныя спаборніцтвы ў Беларусі
Адным з напрамкаў работы спартыўнай галіны, які найбольш дынамічна развіваецца, стала прыцягненне і арганізацыя правядзення на тэрыторыі Беларусі буйнейшых міжнародных спартыўных спаборніцтваў.
Толькі за апошні час праведзены такія буйныя спартыўныя мерапрыемствы, як II Еўрапейскія гульні, матчавая сустрэча па лёгкай атлетыцы Еўропа-ЗША, чэмпіянаты свету па хакеі з шайбай, летнім біятлоне, веласіпедным спорце на трэку, тайландскім боксе, паўэрліфтынгу, чэмпіянаты Еўропы па мастацкай гімнастыцы, канькабежным спорце, фігурным катанні на каньках, біятлоне, самба, боксе, сучасным пяцібор'і, вадналыжным спорце, індорхакеі, шахматах.
Чэмпіянат свету па хакеі-2014
У Беларусі ў 2014 годзе ўпершыню прайшоў чэмпіянат свету па хакеі. У ім прынялі ўдзел 16 нацыянальных каманд. Афіцыйным талісманам турніру стаў зубр Волат. На час чэмпіянату Беларусь устанавіла бязвізавы парадак уезду ў краіну з 25 красавіка па 31 мая для афіцыйных удзельнікаў турніру і замежных турыстаў. Адпаведны Указ падпісаў Кіраўнік дзяржавы. У час чэмпіянату быў устаноўлены рэкорд наведвальнасці матчаў - 640 044 чалавекі.
Чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні
23-27 студзеня 2019 года на лёдзе шматфункцыянальнага культурна-спартыўнага комплексу "Мінск-Арэна" адбыўся чэмпіянат Еўропы па фігурным катанні. Удзел у 111-м кантынентальным форуме прынялі звыш 100 фігурыстаў з краін Старога Свету. Беларускія атлеты найбольш высокі рэзультат паказалі ў танцах на лёдзе.
Лёгкаатлетычны матч Еўропа-ЗША
9-10 верасня 2019 года на Нацыянальным алімпійскім стадыёне "Дынама" ў Мінску прайшоў лёгкаатлетычны матч Еўропа-ЗША з удзелам праслаўленых спартсменаў - чэмпіёнаў свету і Алімпійскіх гульняў, узыходзячых зорак. Удзел у турніры прымалі каля 350 атлетаў, беларускую зборную ў складзе каманды Еўропы на турніры прадстаўлялі 14 атлетаў.
II Еўрапейскія гульні
II Еўрапейскія гульні праходзілі з 21 па 30 чэрвеня 2019 года. Больш за 3500 спартсменаў з 50 краін прынялі ўдзел у мультыспартыўным форуме кантынента і па выніках спаборніцтваў разыгралі 200 камплектаў узнагарод у 15 відах спорту (23 дысцыплінах), а таксама ліцэнзіі на Алімпіяду-2020 у Токіа. Правядзенне турніру такога маштабу стала першым вопытам у гісторыі суверэннай Беларусі.
II Гульні краін СНД
II Гульні краін СНД прайшлі з 4 па 14 жніўня 2023 года ў 11 гарадах і сабралі гасцей і ўдзельнікаў больш як з 20 краін. Спаборніцтвы былі адкрытыя, таму ў Беларусь прыехалі спартсмены не толькі з краін Садружнасці, але і Венесуэлы, Пакістана, Ірана, Кубы, ААЭ, Егіпта, Манголіі, Малайзіі, В'етнама, Лівана, Амана і іншых дзяржаў. Па выніках спаборніцтваў зборная Беларусі заваявала 236 медалёў, з якіх 48 залатых, 78 сярэбраных і 110 бронзавых.