Сустрэча з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі
- 10
- 3:52
Прэзідэнту Беларусі Аляксандру Лукашэнку прадставілі новы дапрацаваны праект Канстытуцыі Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 4 лістапада на сустрэчы з рабочай групай па дапрацоўцы праекта Канстытуцыі.
"Канстытуцыйная камісія правяла пэўную работу, прапанавала свае варыянты, а цяпер рабочая група спецыялістаў, створаная распараджэннем Прэзідэнта, працуе над шліфоўкай гэтай Канстытуцыі. І, калі па-народнаму ўжо гаварыць, прапісвае гэту Канстытуцыю юрыдычнай мовай, - нагадаў Аляксандр Лукашэнка. - Я атрымаў апошні варыянт, прапісаны варыянт, Канстытуцыі з улікам нашых ранейшых дамоўленасцей у рабочай групе, азнаёміўся. Сёння паспрабуем пагаварыць на тэмы, якія з'яўляюцца вострымі і важнымі для нашай краіны".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што таксама хацеў бы пачуць, чым было матывавана выключэнне некаторых артыкулаў і асабліва дабаўленне новых палажэнняў.
Перад рабочай групай стаяла задача адпрацаваць прынцыповыя пытанні, якія датычацца падрыхтоўкі канстытуцыйных змяненняў. Галоўныя з іх, паводле слоў Прэзідэнта, замацаванне ролі Усебеларускага народнага сходу, пераразмеркаванне паўнамоцтваў паміж органамі дзяржаўнай улады, захаванне збалансаванасці дзяржапарату і іншыя. Пры гэтым важна, перакананы Аляксандр Лукашэнка, ні ў якім разе не разбураць існуючую ў Беларусі сістэму ўлады.
"Падышлі да гэтага пытання сур'ёзна і выпрацавалі праект Канстытуцыі, які мы будзем цяпер абмяркоўваць і над якім будзем працаваць. Думаю, што нам спатрэбіцца яшчэ адно пасяджэнне рабочай групы, а потым, як і было абяцана, мы вынесем варыянт на Канстытуцыйную камісію", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. У далейшым адбудзецца грамадскае абмеркаванне праекта Асноўнага Закона, канчатковы варыянт Канстытуцыі будзе вынесены на рэспубліканскі рэферэндум.
Прэзідэнт заўважыў, што эксперты рабочай групы падтрымалі не ўсе прапановы Канстытуцыйнай камісіі. "Гэта добра, што ёсць розныя пункты гледжання. Напэўна, любая канкурэнцыя, любыя пункты гледжання, якія маюць права быць, пры сутыкненні садзейнічаюць выпрацоўцы нармальных палажэнняў будучай Канстытуцыі. Толькі так, я лічу, мы выйдзем на дастойны праект Асноўнага Закона, які, вядома ж, людзі ўжо чакаюць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што работа па абнаўленні Канстытуцыі Беларусі праводзіцца ў інтарэсах большасці грамадзян і для іх. "Але жыць па гэтым Асноўным Законе давядзецца ўсім грамадзянам Беларусі і тым, хто прыедзе ў Беларусь. Закон ёсць закон", - сказаў ён.
Як заявіў у час сустрэчы Кіраўнік Адміністрацыі Прэзідэнта Ігар Сергяенка прадстаўлены Кіраўніку дзяржавы новы дапрацаваны праект Канстытуцыі - гэта "вынік дэталёвага, напружанага абмеркавання Асноўнага Закона". "Менавіта таго праекта, які быў распрацаваны Канстытуцыйнай камісіяй. Намі прапрацаваны кожны артыкул праекта. І нават пасля таго, як ён быў накіраваны вам, актыўнае абмеркаванне з членамі рабочай групы прадаўжаецца, і сёння яшчэ ўносяцца асобныя дапаўненні, удакладненні", - расказаў Ігар Сергяенка.