Сустрэча са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай
- 3
- 3:34
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 2 кастрычніка сустрэчу са Старшынёй Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Наталляй Качанавай, у час якой абмяркоўваўся комплекс розных тэм.
Адным з пытанняў, якое закрануў Кіраўнік дзяржавы, стаў заканатворчы працэс, але не сам па сабе, а яго асаблівасці за апошні перыяд, за час работы верхняй палаты парламента цяперашняга склікання, якое, дарэчы, хутка завершыцца. "Можа, якія-небудзь недахопы, асаблівасці, якія мы павінны ўлічыць пасля выбараў у будучым", - спытаў Аляксандр Лукашэнка.
Другой тэмай для размовы стала дзейнасць экспертнага савета, які створана пры Савеце Рэспублікі для ўсебаковага разгляду праектаў важнейшых нарматыўных прававых актаў і ацэнкі наступстваў іх прыняцця. Размова ішла таксама і пра экспертна-кансультатыўны савет, які разглядае актуальныя аспекты развіцця заканадаўства і выпрацоўвае прапановы па яго далейшым удасканаленні.
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся ходам работы абедзвюх гэтых структур, іх пазітыўным і, магчыма, негатыўным вопытам: "Што тут у нас дрэнна? Ці не стаў гэты экспертны савет прыдаткам якога-небудзь чыноўніцкага (дзяржоргана. - Заўвага) - урадавага, іншага?"
"Мы дамаўляліся аб тым, што гэта будзе сур'ёзны фільтр з экспертаў па дакументах, якія ўносяцца на разгляд Прэзідэнта. Гэта вельмі важна - каб не разбалансаваць сістэму. Таму я думаў, што гэты савет лішнім не будзе. І бюракратыі там празмернай таксама не павінна быць. Вось гэтага ні ў якім разе нельга дапусціць", - папярэдзіў Аляксандр Лукашэнка.
Абмяркоўвалася на сустрэчы таксама работа Савета Рэспублікі з мясцовымі саветамі дэпутатаў. "Мы дамаўляліся аб тым, што Савет Рэспублікі возьме пад свой патранаж мясцовыя саветы. Гэта ўвогуле зона вашай адказнасці, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Таму што лепш, чым вы, Савет Рэспублікі, (ніхто. - Заўвага) гэту работу не зробіць. Як тут ідуць справы? Што трэба зрабіць у будучым?" - спытаў Прэзідэнт.
"Вельмі гарачая чацвёртая тэма - гэта выбары, - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы. - Я прасіў бы вас перш за ўсё, Адміністрацыю Прэзідэнта, калі трэба, парламент (ніжнюю палату) падключыцца да правядзення гэтых выбараў. Тым больш вы - упаўнаважаны па Мінску".
"Мінск заўсёды ў нас вызначаўся нейкай асаблівасцю. Як тут ідуць справы?" - спытаў Аляксандр Лукашэнка. Ён нагадаў, што даўно ішла размова аб тым, што трэба паглядзець, наколькі гатовы да правядзення маючых адбыцца выбараў усе органы ўлады, і пры неабходнасці аказаць садзейнічанне Цэнтральнай выбарчай камісіі. "Трэба ЦВК дапамагчы. Таму што ў нас няма такіх створаных бюракратычных сістэм, адміністрацыйных, якія займаліся б выбарамі, акрамя Цэнтральнай выбарчай камісіі. Астатнія, так сказаць, на аматарскіх пачатках, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Таму гэта пытанне трэба трымаць на кантролі, вопыт у вас ёсць".
Асобную ўвагу Аляксандр Лукашэнка ўдзяліў тэме работы з людзьмі. Паводле інфармацыі Савета Рэспублікі, у сесіённы перыяд сенатары правялі звыш 200 прамых тэлефонных ліній, 36 асабістых прыёмаў грамадзян, амаль палова з якіх былі выязнымі, разгледзелі каля 6 тыс. зваротаў.
"Магу толькі падзякаваць усім сенатарам за тое, што, як ніякая іншая структура, вы сур'ёзна паставіліся да гэтага пытання (арганізацыі работы са зваротамі грамадзян. - Заўвага). Людзі гэта вельмі цэняць, людзі хочуць бачыць уладу, людзі хочуць пагаварыць з прадстаўнікамі улады. Вы гэта нядрэнна рабілі", - падкрэсліў беларускі лідар.