Сустрэча з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Аляксандрам Цыбульскім
- 11
- 11:07
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка сустрэўся з губернатарам Архангельскай вобласці Расіі Аляксандрам Цыбульскім.
Цікава, што першы рабочы візіт Аляксандра Цыбульскага ў якасці кіраўніка Архангельскай вобласці ў Беларусь быў зроблены першым прамым авіярэйсам. Кіраўнік дзяржавы адзначыў важнасць гэтай падзеі.
"Добры пачатак. І для бізнесменаў, і для людзей асабліва з аддаленых куткоў Расіі. Прыехаць у Беларусь і не толькі пазнаёміцца з Беларуссю, але і атрымаць адпаведныя санаторна-курортныя працэдуры. У нас расіян вельмі шмат бывае, і мы змагаемся за першае-другое месца сярод расійскіх грамадзян па наведвальнасці замежных краін. Нам ёсць што прапанаваць адзін аднаму і ў сферы турызму", - сказаў Прэзідэнт.
Архангельская вобласць - даўні і надзейны партнёр Беларусі. Аднак бакі, як адзначыў Кіраўнік дзяржавы, пакуль не дасягалі завоблачных лічбаў у тавараабароце. "Але, я мяркую, у нас усё наперадзе. З 2020 года ідзе планамернае павелічэнне аб'ёмаў узаемнага гандлю", - перакананы Аляксандр Лукашэнка.
Пяць гадоў таму бакі гаварылі аб дасягненні максімальнага на той момант абмену таварамі ў памеры $46 млн ($45,7 млн па выніках 2019 года). Але ўжо ў 2023 годзе быў устаноўлены новы рэкордны вынік - амаль $85 млн.
У пачатку бягучага года дадатная дынаміка захоўваецца. Тавараабарот павялічыўся ў 2,7 раза - да $27,5 млн. Пры гэтым апераджальнымі тэмпамі вырас імпарт з Архангельскай вобласці - у 4,6 раза, практычна да $22 млн. Беларускі экспарт расце больш сціплымі тэмпамі - усяго на 7,7%. "Але мы, вядома, настроены рашуча і, думаю, што падцягнемся ў бліжэйшы час", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Што датычыцца нашай краіны, сёння дзіўным чынам дае вынік менавіта тое, што не так даўно было галоўным прадметам заходняй крытыкі. Цаной вялікіх намаганняў у Беларусі захавалі ўсе ключавыя галіны эканомікі, якія вызначаюць айчынную спецыялізацыю", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Вытворчую базу ў Беларусі развіваюць на ўласнай платформе, пастаянна мадэрнізуецца сельская гаспадарка. Але галоўнае, падкрэсліў Прэзідэнт, - ёсць кадры, навуковы патэнцыял у прыярытэтных сектарах.
Беларускі бок даволі глыбока прааналізаваў сумесныя магчымасці. Флагманскім напрамкам традыцыйна з'яўляецца машынабудаванне і пастаўкі беларускай тэхнікі.
Напрыклад, самазвалы БЕЛАЗ выдатна сябе зарэкамендавалі ў тым ліку ва ўмовах Крайняй Поўначы. Сёння актыўна вядуцца перагаворы па пастаўцы партыі кар'ерных самазвалаў для Першай гарнаруднай кампаніі.
Наступны блок - пасажырскі транспарт. "Мы ўдзячны вам за выбар сучасных аўтобусаў МАЗ для маштабнага перааснашчэння перавозак у сталіцы вашага рэгіёна. Агульная пастаўка ў канцы 2022-га - пачатку 2023 года склала 150 машын. Гарантыйнае і постгарантыйнае абслугоўванне для беларускіх вытворцаў - прыярытэтная задача. Ведайце, што ўсе недахопы, якія могуць быць выяўлены ў ходзе эксплуатацыі, будуць неадкладна ліквідаваны", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
Пры гэтым, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, беларускія прадпрыемствы гатовы ўдзельнічаць у арганізацыі абслугоўвання тэхнікі на месцах: "Калі трэба будзе, мы сваю тэхніку будзем абслугоўваць самі. Мы можам паставіць некалькі інжынераў і набраць у вас людзей. Мы іх абучым, і яны будуць пад кіраўніцтвам нашых інжынераў абслугоўваць тэхніку, якую мы вам будзем пастаўляць".
Актуальныя для Архангельскай вобласці і пастаўкі лесанарыхтоўчай тэхнікі, паколькі вобласць з'яўляецца адным з ключавых лясных рэгіёнаў Расіі.
"Тэхніка "АМКАДОР" у вас працуе, аднак некаторыя ўсё яшчэ арыентуюцца на машыны з недружалюбных краін. Запчасткі прывозяць па шэрых схемах утрая даражэйшыя (а тое і ў пяць разоў даражэйшыя), разбіраюць па вінціках зламаныя экзэмпляры. Гэта не эфектыўна. Ужо сёння ў Петразаводску рэалізуецца ўнікальны праект: ствараецца першая ў Расіі вытворчасць лясных машын "АМКАДОР". Галаўное прадпрыемства ў Мінску, "Амкадор-Анега" ў Карэліі цяпер адточваюць якасць і прыстасоўваюцца пад запатрабаванні менавіта расійскага пакупніка. Спадзяюся, у архангельскіх лесанарыхтоўшчыкаў вельмі хутка будзе вялікі інтарэс да новай саюзнай тэхнікі. Прашу вас падтрымаць гэты выгадны для нас і вас праект. Прытым я не выключаю таго, што мы непасрэдна будзем з Мінска з вамі супрацоўнічаць і забяспечым усе патрэбнасці - а яны немалыя - для Архангельскай вобласці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Адзін з перспектыўных напрамкаў супрацоўніцтва, які назваў у час сустрэчы Прэзідэнт, - мадэрнізацыя прамысловых прадпрыемстваў. Перш за ўсё размова ішла аб лесаперапрацоўчых, суднабудаўнічых, суднарамонтных магутнасцях. "За беларускімі сучаснымі станкамі і абсталяваннем сёння, на шчасце, выстраіліся чэргі да канца гэтага года. Але рэзервы ў нас ёсць", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці актуальнай для абодвух бакоў тэмы Аляксандр Лукашэнка таксама абазначыў будаўніцтва суднаў узмоцненага лядовага класа. Для расіян яны патрэбныя, каб вырашаць пытанні, звязаныя з істотным нарошчваннем перавозак па Паўночным марскім шляху. Патрэбнасць складае не менш за 90 суднаў, пры тым што вырабляецца не больш за 30.
Прэзідэнт падкрэсліў, што для Беларусі вельмі важна сур'ёзна асвоіць Паўночны марскі шлях, па якім можна пастаўляць дзясяткі мільёнаў тон грузу. Тым больш актуальны гэты напрамак пасля ўвядзення санкцый з боку краін Захаду і закрыцця іх партоў для айчынных грузаў. "Мы свае тавары ў невялікай колькасці паспрабавалі пастаўляць па гэтым шляху, асабліва ў Кітайскую Народную Рэспубліку, на Далёкі Усход Расіі. Гэта вельмі выгадны для нас шлях. Таму для нас будзе вельмі вялікі інтарэс працаваць з Архангельскай вобласцю", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Магчымы, паводле яго слоў, варыянт, калі Беларусь стане працаваць напрамую з партамі Архангельскай вобласці, мінуючы парты Санкт-Пецярбурга і Мурманска. "Думаю, у бліжэйшы час мы з вамі вызначымся, як быць", - дадаў Прэзідэнт.
Яшчэ адзін напрамак, у якім Кіраўнік беларускай дзяржавы прапанаваў працаваць разам, - лагістыка і транспарт. "Стратэгічная задача для Беларусі - знайсці новыя магчымасці перавалкі экспартных грузаў", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Спецыфіка партовай інфраструктуры Архангельска - кантэйнеры і генеральныя грузы. Што, вядома, не падыходзіць для галоўнага айчыннага экспартнага грузу - калійных угнаенняў, аб'ёмы якога ў бліжэйшы час будуць каля 15 млн т. Затое можа быць цікава беларускім вытворцам леса- і металапрадукцыі. "Але канкурэнцыя ў гэтым пытанні вострая, у тым ліку на паўночным захадзе. Эканоміка перавозкі на першым месцы. Таму мы гатовы працаваць разам", - сказаў Прэзідэнт.
Архангельск традыцыйна з'яўляецца адной з апорных кропак для Паўночнага завозу. Гэты рэгіён - вузел перавалкі грузаў, у прыватнасці будаўнічых матэрыялаў для буйных аб'ектаў па здабычы карысных выкапняў у Арктычнай зоне. Акрамя таго, у хуткім часе будзе развівацца Архангельскі транспартны вузел для больш актыўнага ўключэння ў асваенне Паўночнага марскога шляху.
"Тут мы таксама маглі б быць карысныя адзін аднаму", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, ёсць патэнцыял супрацоўніцтва і ў сферы жыллёвага будаўніцтва. Цяпер у Архангельскай вобласці вырашаецца важная сацыяльная задача па перасяленні людзей з непрыдатнага жылля. Будаўніцтва ідзе з апярэджаннем графіка на год, хоць аб'ём работ немалы. "Думаю, што пастаўкі будаўнічых матэрыялаў, дапамогу будаўнікоў у нейкім аб'ёме мы таксама маглі б прапрацаваць", - лічыць Кіраўнік дзяржавы.
Перспектыўнай сферай, паводле слоў Прэзідэнта, з'яўляецца таксама распрацоўка тарфяных радовішчаў з далейшай вытворчасцю высокатэхналагічных прадуктаў, такіх як рэгулятары росту раслін, актыўныя кармавыя дабаўкі, матэрыялы для сельскай гаспадаркі, жывёлагадоўлі, нафтаздабычы. У Беларусі вырабляецца ўсё неабходнае абсталяванне для здабычы і глыбокай перапрацоўкі торфу.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што пералічыў далёка не ўсе сферы для партнёрства. "Прапаную абмяркоўваць не адзінкавыя праекты, а адразу план нашых дзеянняў, як прынята гаварыць, дарожную карту, пакетны падыход па кожным напрамку. Праз год ці два мы можам падвесці вынік праведзенай рабоце", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.