Сустрэча з Дзяржсакратаром Савета Бяспекі Аляксандрам Вальфовічам
- 7
- 3:20
Трэба сур'ёзна выбудаваць, а дзе-нідзе і перабудаваць работу Савета Бяспекі Беларусі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы Аляксандр Лукашэнка заявіў 25 лютага на сустрэчы з Дзяржаўным сакратаром Савета Бяспекі Аляксандрам Вальфовічам.
Паводле слоў Прэзідэнта, абапірацца ў гэтай рабоце трэба ў тым ліку на вопыт аналагічных структур у блізкіх краінах, напрыклад, Расіі і Казахстане.
"Нам трэба абмеркаваць шэраг важных пытанняў. Вядома, асноўнае пытанне - Апарат Савета бяспекі і функцыянаванне Савета Бяспекі ў цэлым, Старшынёй якога з'яўляецца Прэзідэнт. Нам трэба дашліфаваць некаторыя дакументы па функцыянаванні Савета Бяспекі. Хацелася б на аснове вопыту Расіі, Казахстана, іншых дзяржаў, блізкіх нам, ведаць, як яны забяспечваюць функцыянаванне Савета Бяспекі", - адзначыў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што і раней у Беларусі абапіраліся на вопыт функцыянавання саветаў бяспекі ў гэтых краінах. "Тым не менш у адпаведнасці з нашымі ўмовамі нам трэба сур'ёзна выбудаваць, а дзе-нідзе і перабудаваць работу Савета Бяспекі, - заявіў Прэзідэнт. - Савет Бяспекі павінен збірацца рэгулярна. На ім павінны абмяркоўвацца фундаментальныя пытанні бяспекі і абароны нашай дзяржавы. Як правільна было адзначана, сёння бяспека шматбаковая. Пачынаючы ад харчовай і ў цэлым эканамічнай бяспекі да ваенных пагроз. Таму вельмі шырокі спектр пытанняў, якія трэба вырашаць".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з моманту назначэння на пасаду Аляксандр Вальфовіч ужо, як вопытны штабіст, павінен быў унікнуць у сітуацыю. "А гэта фактычна штаб, толькі на самым высокім узроўні - штаб Прэзідэнта па абароне і бяспецы. Думаю, вы сваё меркаванне выкажаце. І ў бліжэйшы час, прынамсі, на наступным тыдні трэба пры неабходнасці фармалізаваць усе прапановы", - сказаў ён.
Прэзідэнт таксама прапанаваў выказаць ідэі аб кадравым складзе Апарату Савета Бяспекі і далейшым функцыянаванні гэтай структуры. "Магчыма, у вас узніклі іншыя пытанні. Дапусцім, вырашэнне кадравых пытанняў, прысваенне воінскіх званняў, асабліва генеральскіх, каму мы па тэрмінах і заслугах можам прысвоіць", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Адно з пытанняў, якое абазначыў Прэзідэнт на сустрэчы, - забеспячэнне стабільнасці і бяспекі ўнутры Беларусі ў бягучым няпростым годзе. "Мы ніколі не ўтойвалі гэта. Я пастаянна пра гэта гаварыў. Вельмі будзе няпросты год", - сказаў ён.
"І не толькі таму, што ёсць нейкае недастатковае разуменне ў грамадстве працэсаў развіцця Беларусі, жаданне дэстабілізаваць абстаноўку ў Беларусі некаторых унутраных сіл і асабліва знешніх. Не было б знешніх сіл, не было б гэтага націску. Прытым па ўсіх напрамках. Сёння ўжо нам прэтэнзіі па спорце выстаўляюць. Намі спрабуюць руліць і кіраваць. У парушэнне ўсіх хартый і гэтак далей і да таго падобнае. Але гэта мы разбяромся. Гэта не праблема. Але вы бачыце, што пакрыху-пакрыху, не кіем, дык палкай хочацца расхістаць Беларусь. І сігналы, і не проста сігналы - гэта канкрэтныя дзеянні - ідуць з-за мяжы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"На шчасце, мы выявілі ўсе гэтыя цэнтры. Ведаем усім гэтых "змагароў" і збеглых з Беларусі. Але ведаць мала. Гэтаму трэба процістаяць. Як будзем дзейнічаць у выпадку абвастрэння сітуацыі - усё трэба да дробязей прадугледзець з улікам вопыту і Беларусі, і Расіі, і Арменіі, і Кыргызстана, і Украіны (вы бачыце, успыхнула зноў Украіна), і іншых постсавецкіх рэспублік. Мы даўно аб гэтым дамаўляліся, і я думаю, што вы ўжо да гэтага гатовы", - дадаў Прэзідэнт.