Сустрэча з губернатарам Тамбоўскай вобласці Расійскай Федэрацыі Максімам Ягоравым
- 14
- 7:12
Беларусь і Тамбоўская вобласць Расіі дасягнулі найвышэйшага выніку ва ўзаемным гандлі, аднак супрацоўніцтва трэба ўзнімаць на больш высокі ўзровень. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 жніўня на сустрэчы з кіраўніком расійскага рэгіёна Максімам Ягоравым.
"Вы раней не раз бывалі ў Беларусі і, абсалютна ўпэўнены, што вы добра знаёмы з нашай краінай. Таму прапаную абмеркаваць галоўныя напрамкі ўзаемадзеяння, паглядзець, дзе мы недапрацоўваем, а самае галоўнае, што трэба зрабіць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка, адкрываючы сустрэчу .
У 2022 годзе Беларусь і Тамбоўская вобласць дасягнулі найвышэйшага выніку ва ўзаемным гандлі пачынаючы з 2017 года - каля $180 млн (рост амаль на 80%). Аднак, адзначыў Прэзідэнт, гэтыя паказчыкі невялікія нават па мерках асобна ўзятага рэгіёна і супрацоўніцтва трэба ўзнімаць на больш высокі ўзровень.
Сярод найбольш перспектыўных напрамкаў Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу назваў пастаўкі беларускай грузавой, камунальнай, дарожна-будаўнічай тэхнікі і ліфтавага абсталявання. "Усё, што датычыцца тэхнікі, мы можам вырабіць і задаволіць патрэбнасці вашай вобласці. Гатовы пастаўляць таксама пасажырскую тэхніку, у тым ліку аўтобусы на газаматорным паліве, тралейбусы і электробусы з патрабуемымі характарыстыкамі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Дэлегацыя Тамбоўскай вобласці ўжо наведала МТ3 і МА3, дзе прадметна азнаёмілася з прадукцыяй гэтых прадпрыемстваў. У праграме візіту таксама запланавана наведванне "Белкамунмаша" і "АМКАДОРа".
"Мы таксама можам пастаўляць вам трактары, камбайны, іншую тэхніку ў неабходных вам аб'ёмах", - заявіў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што час вымушае больш актыўна пераходзіць ад простага тавараабмену да развіцця вытворча-кааперацыйнага супрацоўніцтва, канцэнтраваць намаганні на імпартазамяшчэнні. Гэта дасць магчымасць забяспечыць тэхналагічную незалежнасць і бяспеку, падкрэсліў ён.
"Паводле маёй інфармацыі, пасля сустрэчы з нашым паслом у Расіі ў красавіку бягучага года вы прапанавалі нам вытворчыя плошчы акцыянернага таварыства "Тамбоўспецмаш" для рэалізацыі сумесных кааперацыйных праектаў. Хацелася, каб вы праз час ужо сказалі, якую тэхніку вы хацелі б вырабляць разам з намі, якія сёння маем вынікі гэтай работы, што трэба зрабіць, што далей будзем рабіць. Ці ёсць праблемы, якія патрабуюць вырашэнняў на маім узроўні?" - удакладніў Аляксандр Лукашэнка.
Беларускі бок таксама гатовы аказаць практычную дапамогу ў будаўніцтве збожжа- і агароднінасховішчаў, пастаўках абсталявання для малочнатаварных ферм. "Ведаю, што край вельмі развіты ў гэтых адносінах, вы ўдзяляеце гэтаму вялікую ўвагу. Нашы прапановы вам накіраваны. Калі вы гатовы, мы хацелі б, каб вы нам прапанавалі сустрэчныя крокі і далі адказ, ці будзем мы ў гэтым напрамку працаваць. Вельмі карысным будзе абмен вопытам у галіне сучасных агратэхналогій і перапрацоўкі сельгаспрадукцыі, па пытаннях селекцыйнай работы і племянной справы, падрыхтоўкі кваліфікаваных кадраў для аграпрамысловага комплексу", - упэўнены Прэзідэнт.
Разам з тым Кіраўнік дзяржавы закрануў і пытанні, якія патрабуюць вырашэння. Паводле яго інфармацыі, ёсць некаторае тармажэнне ў пытаннях супрацоўніцтва ў сферы будаўніцтва. Гэта тэма вельмі важная для насельніцтва, паколькі непасрэдна ўплывае на якасць жыцця людзей, звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Калі вы маеце патрэбу ў прафесійнай падтрымцы нашых будаўнікоў, то можаце на нас разлічваць, - заявіў беларускі лідар. - Мы гатовы таксама да актывізацыі сумеснай работы па вашым праекце "Чыстая вада" з прымяненнем сучасных тэхналогій і абсталявання для водаачысткі, водаадвядзення".
Аляксандр Лукашэнка дадаў, што абазначыў толькі асноўныя напрамкі супрацоўніцтва. Гэта далёка не поўны пералік пытанняў, якія могуць быць цікавыя і для Тамбоўскай вобласці, і для Беларусі.
"Займаючыся эканомікай, нам трэба не забываць і пра студэнцкія, школьныя абмены, ахову здароўя, навуку, адукацыю, культуру, турызм - тое, што называецца гуманітарнай сферай. Тыя самыя сувязныя звёны, якія дапамагаюць нам лепш даведацца адзін аднаго. Асабліва яны важныя для выхавання сучаснай моладзі - найважнейшае пытанне што ў Расіі, што ў нас. Гатовы абмяркоўваць з вамі любыя пытанні супрацоўніцтва. І тыя рашэнні, якія мы прымем сёння, будзьце ўпэўнены, мы будзем свята выконваць", - запэўніў Прэзідэнт.