Сустрэча з актывам Віцебскай вобласці
- 8
- 13:51
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка адзначае, што ў краіне нямала зрабілі за мінулыя гады, але наперадзе яшчэ шмат работы. Аб гэтым ён заявіў 15 ліпеня на сустрэчы з актывам Віцебскай вобласці.
"У нас наперадзе вельмі шмат работы. Мы ведаем, што нямала зрабілі. Мы сапраўды зрабілі вельмі шмат за апошнюю пяцігодку, а яна была не самай лёгкай. Гэта адна са складаных. Мы можам зрабіць усё, але на ўсё патрэбны вялікія рэсурсы, перш за ўсё грашовыя, якіх мы ў дастатковым аб'ёме не маем. У нас няма вялікіх запасаў вуглевадародаў, золата, металаў, і нам даводзіцца выкручвацца як толькі можна", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што размова на сустрэчы будзе і аб рэформах, пра якія альтэрнатыўшчыкі пастаянна гавораць. "Любы працэс - гэта вынік. У нас рэформы не могуць быць нейкімі фэйкавымі, вялікімі, усёабдымнымі", - сказаў Прэзідэнт.
"Рэформы - гэта не зламаць і знішчыць (усё знесці дашчэнту, а потым мы нешта пабудуем). Не паддавайцеся на гэтыя неразумныя размовы, - заклікаў беларускі лідар. - Наша рэформа - гэта ўдасканаленне таго, што ёсць. Мы павінны развіваць тыя вытворчасці, на базе якіх існуе Беларусь. Таму што мы ўмеем гэта рабіць. Разбураць не трэба".
Аляксандр Лукашэнка адначасова адзначыў, што ёсць адзінкавыя прадпрыемствы, якія, напэўна, у краіне ўжо не патрэбны. "Але гэта адзінкавыя. Таму наша рэформа - гэта паглыбленне таго працэсу вытворчасці, які мы сёння маем. Таму што ў нас ёсць людзі, кампетэнцыі", - дадаў ён.
У час сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Віцебскай вобласці трэба больш разгортвацца ў плане падтрымкі турыстычнага комплексу. У якасці прыкладу ён прывёў Віцебск. "Гэта прыгожы горад. Так, "Славянскі базар" заўсёды падганяў, падцягваў і Віцебск, і вобласць, але да гэтага ўсяго трэба было прыкласці рукі", - адзначыў беларускі лідар.
"Прырода ўнікальная. І гэта трэба выкарыстоўваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт акцэнтаваў увагу, што калі ў Беларусі будзе добра развівацца турыстычная галіна, трэба будзе ў меншай ступені думаць аб экспарце прадуктаў харчавання: "Людзі прыедуць і з'ядуць тут і малако, і мяса, якія на Віцебшчыне навучыліся вырабляць".
"Упэўнены, што калі мы падсабяром сілы і грашовыя сродкі і будзем развіваць наш турыстычны комплекс, асабліва тут - на поўначы, вобласць атрымае добры вынік. Ды і рабочыя рукі. Гэта зарплаты людзей, узровень жыцця на Віцебшчыне", - рэзюмаваў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ўсе абласныя цэнтры ў краіне злучаны з Мінскам добрымі сучаснымі дарогамі, аднак на гэтым спыняцца нельга, трэба далей развіваць аўтадарожную сетку.
"У нас няма праблем праехаць па аўтамабільных дарогах або чыгунцы ў Віцебск. Але я вельмі хацеў бы, каб мы з Мінска на Полацк і на Віцебск пабудавалі гэту дарогу. І я даручыў, каб гэты праект ужо зрабілі, каб ён у нас ляжаў на стале. І ў патрэбны момант (гэта адзіная вялікая мара мая), каб усё ж такі мы з Мінска праз Бягомль ажыццявілі будаўніцтва гэтай дарогі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, пакуль яшчэ не настаў час для пачатку рэалізацыі гэтай задумы, няма вострай неабходнасці, не будзе вялікай загрузкі трасы. "Але час ідзе. Я ўпэўнены, калі ў нас будзе гатовы праект, мы запусцім будаўніцтва. Месцамі мы пачалі прыводзіць ужо ў парадак гэту дарогу. За пару гадоў мы яе прывядзём у добры стан, а потым дабудуем чатырохпалосную дарогу - такую, як Брэст-Масква або на Гомель, Магілёў пабудаваны дарогі", - расказаў беларускі лідар.
"Гэта вельмі важны напрамак. І мы, упэўнены, зробім", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У час сустрэчы з актывам Прэзідэнт заявіў: "Экспарт будзе асноўным напрамкам нашай дзейнасці. Экспарт - гэта валюта. Без валюты краіна існаваць не можа. І гэту валюту трэба зарабіць".
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што ў далейшым будзе прадоўжана работа па дыверсіфікацыі геаграфіі экспартных паставак, асваенні новых рынкаў. "Мы вельмі многае зрабілі за гэтыя гады. Пад 90% мы гандлявалі ў Расіі. Сёння 47%, калі ўзяць наогул экспарт. Гэта значыць, мы пайшлі на іншыя рынкі. Гэта найвялікшая заваёва. Рынак вельмі цесны, канкурэнцыя шалёная", - адзначыў ён.
Кіраўнік дзяржавы пацвердзіў, што ў Беларусі будуць паступова адыходзіць да формулы экспарту па прынцыпе "трэць-трэць-трэць", калі па трэці паставак будзе прыпадаць на Расію і на рынкі ЕАЭС, Еўрасаюз, а таксама краіны далёкай дугі. "Мы да гэтага абавязкова прыйдзем і прыйдзем у новай пяцігодцы", - упэўнены беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў і аб задачах па імпартазамяшчэнні.
Гаворачы аб Віцебскай вобласці, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што з 1995 года больш за 103 тыс. сем'яў палепшылі жыллёвыя ўмовы. З іх амаль 8 тыс. - шматдзетныя. Узровень малазабяспечанасці знізіўся з амаль 50% да 6% у 2019 годзе. "Вось гэта паказчык. Гэта не наш паказчык, гэта міжнародны стандарт. Яны гэта прызнаюць. Таму добры рух. Рэальныя даходы насельніцтва выраслі амаль у 7 разоў, а зарплаты і пенсіі - у 9 разоў", - сказаў Прэзідэнт.
"Вядома, гэта яшчэ не тое, што павінна быць. І будзе больш. Я ў гэтым упэўнены", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Нам трэба мець на ўвазе, што дысцыпліна, выканальніцкая і тэхналагічная, і стабільнасць у дзяржаве - гэта аснова любога развіцця. Ніякія майданы і рэвалюцыі нас не выратуюць", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што рэформа ў Беларусі - гэта паглыбленне і развіццё тых напрамкаў дзейнасці, таго, што ёсць. "Без строгай тэхналагічнай, выканальніцкай дысцыпліны ўсе гэтыя планы пойдуць прахам", - дадаў Прэзідэнт.
"Ключавая задача ў маштабах вобласці і краіны - развіццё рэгіёнаў. Гэта галоўны будзе напрамак. Трэба развіваць рэгіёны!" - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ў краіне ёсць праграмы і планы па вялікіх і малых гарадах, сельскіх паселішчах, паскораным развіцці гарадоў і раёнаў з насельніцтвам амаль 80 тыс. чалавек. І работа гэта пачалася менавіта з Оршы ў Віцебскай вобласці. "Тут вырашана было зрабіць узор, прыклад, па якім павінны развівацца такія рэгіёны. У нас, па-мойму, 11 такіх гарадоў, як Орша, і кожны мае сваю праграму развіцця па прыкладзе Оршы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Але прашу мець на ўвазе, што запатрабаванне за выкананне гэтых праграм будзе вельмі сур'ёзнае", - папярэдзіў беларускі лідар.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што абазначаны ўсе напрамкі рэгіянальнага развіцця, пачынаючы ад неперспектыўных вёсак, хутароў, аграгарадкоў, да раённых і абласных цэнтраў. "Мы абазначылі, у якім напрамку будзем развівацца. І будучая пяцігодка будзе прысвечана гэтай малой радзіме. Нам трэба падняць рэгіёны, зрабіць так, каб людзі адчувалі сябе ў аграгарадку гэтак жа, як у Мінску, і жадання ў іх было больш жыць у аграгарадку, чым у Мінску", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, што як у цэлым па краіне, так і ў Віцебскай вобласці назіраюцца станоўчыя зрухі ў сельскай гаспадарцы. "Нават з верталёта відаць, што ў гэтым годзе ўся рэспубліка іншая. Але мяне радуе Віцебшчына. Пачалі нядрэнна працаваць, апрацоўваць пасяўныя плошчы, палі. І ўраджай нядрэнны, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Чаго б нам ні каштавала, нам трэба актывізавацца, нягледзячы ні на якія выбары, убраць збожжа. Выбары завершацца, а есці трэба будзе і пасля 9 жніўня. І нельга страчваць гэты год. Для Віцебшчыны ён вельмі паказальны".
Разам з тым Прэзідэнт папярэдзіў, што ўборка, асабліва ў Віцебскай вобласці, улічваючы агракліматычныя асаблівасці рэгіёна, будзе няпростай. "На полі, як сказаў губернатар, больш за 1 млн 300 тыс. т збожжа. І гэта збожжа трэба ўзяць і стварыць хаця б 100 тыс. т рэзерву ў Віцебскай вобласці", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Трэба стварыць людзям умовы, каб яны самі стваралі свае рабочыя месцы, займаліся сваёй справай. А ў нас тут непачаты край", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
У якасці прыкладу ён прывёў дрэваапрацоўку: "У лесе жывём, а дрэваапрацоўкай займаемся, напэўна, працэнтаў на 15-20 да таго, што павінна быць. Трэба развіваць гэтыя напрамкі".
Паводле слоў Прэзідэнта, дэмаграфія, асабліва для Віцебскай вобласці, але і ў цэлым для краіны, адна з важнейшых праблем. "Нараджаеце мала. Больш таго, людзі выязджаюць, насельніцтва скарачаецца. І ўсе рашэнні, якія мы апошнім часам прымалі па Віцебскай вобласці, накіраваны на тое, каб зацікавіць людзей працаваць на гэтай зямлі. Але праблему нельга не бачыць. Нам трэба замацаваць працоўныя рэсурсы тут. Павінна быць добрая работа і больш-менш нармальная заработная плата", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што вынікі работы прамысловага сектара вобласці па-ранейшаму знаходзяцца ў непасрэднай залежнасці ад умоў атрымання расійскай нафты і рэалізацыі прадукцыі з яе, а таксама ад палітыкі ў галіне энергетыкі.
"Сёння відавочна: без новых кропак росту праблемы ў эканоміцы вобласці не вырашыць. У сувязі з гэтым перспектыўным бачыцца далейшае развіццё нафтахімічнай, лёгкай прамысловасці, вытворчасць кампазітных матэрыялаў. Станкабудаванне ў Віцебскай вобласці неабходна развіваць у цеснай кааперацыі з вялікімі рэспубліканскімі прадпрыемствамі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт таксама адзначыў, што ў краіне не будуць "педаліраваць" пашырэнне свабодных эканамічных зон, паколькі краіна ад прадпрыемстваў у СЭЗ атрымлівае менш падатковых паступленняў. "Той перыяд, калі нам трэба было кроў з носа стварыць рабочыя месцы, завяршыўся. Нам патрэбны рабочыя месцы, прадпрыемствы, якія будуць працаваць у нармальных умовах і вырабляць на аднолькавых правах з іншымі прадукцыю, гандляваць ёю", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што на многіх прадпрыемствах у вобласці ў апошнія гады былі рэалізаваны праекты па мадэрнізацыі, развіцці вытворчасцей. Гэта не толькі нафтахімічны комплекс, але і, напрыклад, значна абноўлены Аршанскі льнокамбінат. "Я не раз гаварыў: лёну ў Беларусі быць. Гэта наш нацыянальны здабытак, частка іміджу і культуры краіны, самы перспектыўны экспартны сегмент лёгкай прамысловасці. Экалагічна чысты, прыгожы матэрыял. І ён будзе заўсёды запатрабаваны, асабліва калі мы крыху паварушымся ў плане продажу, маркетынгу гэтай прадукцыі. Пакуль мы яшчэ недастаткова працуем у гэтым плане. Гэта не толькі прадаць, але прадаць за добрыя грошы", - адзначыў Прэзідэнт.
Прыкладам паспяховага супрацоўніцтва дзяржавы і прыватнага бізнесу Аляксандр Лукашэнка назваў холдынг "Марко", дзе дзякуючы праведзенай мадэрнізацыі вытворчых магутнасцей будзе выпускацца да 5 млн пар абутку.
"Своечасова сарыентаваўся і "Віцязь". Яны стварылі сучасную вытворчасць зараднай інфраструктуры для электрамабіляў. Але гэтага мала. Я ўважліва назіраю за развіццём гэтага прадпрыемства", - звярнуў увагу беларускі лідар.
Акрамя таго, у Аршанскім раёне пачаўся паэтапны ўвод у эксплуатацыю аднаго з буйнейшых у краіне лагістычных цэнтраў, завершана рэалізацыя знакавых інвестыцыйных праектаў у сферы альтэрнатыўнай энергетыкі, уведзены ў эксплуатацыю самыя магутныя ў краіне Віцебская і Полацкая гідраэлектрастанцыі. Рэалізаваны і шэраг іншых праектаў, важных для эканомікі не толькі Віцебскай вобласці, але і краіны ў цэлым.
"У бягучай пяцігодцы праведзена рэканструкцыя тэхналагічных установак на "Нафтане". Гэта адзін з флагманаў беларускай нафтаперапрацоўкі. Як і на іншыя смачныя кавалкі нашай эканомікі, на яго было і сёння ёсць шмат жадаючых. Але гэта прадпрыемства для нас стратэгічнае. Гэта экспарт, валютная выручка, пытанне эканамічнай бяспекі краіны. Таму, зразумела, сёння ніякай размовы не можа быць аб прыватызацыі гэтага прадпрыемства", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы самі знаходзім грошы і паслядоўна праводзім мадэрнізацыю, каб выйсці на самы высокі ўзровень перапрацоўкі нафты", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што часам у заходніх суседзяў і партнёраў у ацэнцы таго, што адбываецца ў Беларусі, прысутнічаюць двайныя стандарты, асабліва ў перыяд выбараў. "Яны ўжо нам пачынаюць намякаць: вы глядзіце, каб усё было дэмакратычна, каб на вуліцы не было сутыкненняў..." - заўважыў Прэзідэнт.
У сувязі з гэтым ён згадаў аб падыходах праваахоўнікаў у час дэманстрацый "жоўтых камізэлек" у Францыі і апошнія народныя хваляванні ў ЗША. "Бачыце, што там адбываецца. Там без слёзатачывага газу не абыходзіцца. Пакрытыкуйце Трампа, ЗША за адсутнасць дэмакратыі. На Расію паспрабуйце наехаць. Пабойваюцца. І вось яны, напэўна, вырашылі зноў патрэніравацца на Беларусі. Не атрымаецца", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Хочаце назіраць за выбарамі - калі ласка, заўтра прыязджайце. Мы не супраць. Мы не хаваемся. Але нам паказваць пальцам, як жыць, не трэба. Мы ведаем, як жыць. У сябе трэба разабрацца. Там праблем больш за ўсё. Але, ведаеце, свае праблемы хочацца схаваць за шырмай суседніх нейкіх праблем. Трэба пальцам паказаць на суседзяў і на іншых. Таксама не атрымаецца. Не той час", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Мы сваю краіну будзем абараняць усімі законнымі метадамі. Сваю краіну мы нікому не аддадзім", - заявіў Прэзідэнт на сустрэчы з актывам рэгіёна.
Тым не менш Аляксандр Лукашэнка лічыць, што ў заходніх партнёраў ёсць чаму павучыцца, у прыватнасці развіццю бізнесу, выкарыстанню новых тэхналогій. "Гэты вопыт трэба вывучаць і ўкараняць у сябе, што мы паспяхова робім", - сказаў ён.