Сустрэча з намеснікам галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміяй Садамам Халіфой Хафтарам
- 8
- 3:45
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 кастрычніка сустрэўся з намеснікам галоўнакамандуючага Лівійскай нацыянальнай арміяй Садамам Халіфой Хафтарам.
"Дарагі Садам, хачу прывітаць Вас і калег. Дзякую за гэты візіт. Нам сапраўды ёсць аб чым пагаварыць. Таксама хачу падзякаваць за той вялікі ўклад, які вы ўносіце ў аднаўленне нашых адносін з лівійскай дзяржавай", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што раней Беларусь і Лівія развівалі адносіны і ён наведваў гэту дзяржаву з візітам, сустракаючыся з былым кіраўніком краіны. "Мы шмат аб чым дамовіліся, нямала зрабілі. Але, на жаль, з-за пэўных прычын нашы адносіны былі разбураны", - канстатаваў ён.
"У нечым мы падтрымлівалі іх, але найбольш інтэнсіўна адносіны аднавіліся апошнім часам. Яшчэ раз прашу Вас перадаць фельдмаршалу (фельдмаршал і вярхоўны галоўнакамандуючы Лівійскай нацыянальнай арміяй Халіфа Белкасім Хафтар. - Заўвага) самыя добрыя пажаданні. Вельмі цаню яго накіраванасць ў наладжванні нашых адносін. І хачу вас запэўніць у тым, што ўсе дамоўленасці, якіх мы дасягнулі і дасягнём, будуць абавязкова выкананы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Вельмі добра ведаю сітуацыю ў Лівіі. Мы паглыблены ў тое, што адбываецца. Ведаю, што многія сілы як унутры, так і звонку (асабліва звонку) хацелі ўплываць на сітуацыю. Але павінен сказаць, што народ Лівіі выбера той шлях і тых людзей, якія накормяць, апрануць і забяспечаць бяспеку лівійскаму народу. Я ведаю, што вы нацэлены на тое, каб прынесці лівійскаму народу мір і спакой і аб'яднаць у адзінае цэлае лівійскую дзяржаву. Мы ў гэтым плане гатовы з вамі працаваць дзень і ноч, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У гэтым напрамку любыя вашы прапановы. Калі мы здольныя да чаго-небудзь, мы акажам усялякую дапамогу і падтрымку лівійскаму народу".
"Мы ў гэтым зацікаўлены яшчэ і таму, што калі будзе спакойная і развітая Лівія, то яна забяспечыць мір і спакой палове Афрыканскага кантынента. Будзьце ўпэўненыя, што вы прыехалі да сяброў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
У сваю чаргу Садам Халіфа Хафтар падзякаваў Аляксандру Лукашэнку за сустрэчу і перадаў ад Халіфы Белкасіма Хафтара пажаданні моцнага здароўя і шчасця як асабіста, так і беларускаму народу ў цэлым. "Мы вельмі рады нашым адносінам", - сказаў ён.


