Сустрэча з Прэм'ер-міністрам В'етнама Фам Мінь Чынем

  • 5
  • 3:39

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка на палях саміту БРІКС у Казані сустрэўся з Прэм'ер-міністрам В'етнама Фам Мінь Чынем.

Кіраўнік дзяржавы канстатаваў, што бакі вельмі актыўна супрацоўнічаюць на міжнародных пляцоўках. "У нас практычна няма ніякіх праблем. Мы ўзаемна падтрымліваем адзін аднаго. Дзесьці - мы В'етнам, недзе - В'етнам нас. Мы ў гэтым плане будзем працаваць і далей", - сказаў ён.

Што датычыцца асновы адносін - гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва - краіны па выніках 2023 года дасягнулі вельмі высокага ўзроўню супрацоўніцтва. "Тавараабарот наш склаў больш за $250 млн", - прывёў даныя Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт канстатаваў, што ёсць праблема ўзаемаразлікаў. "Мы, вядома, не хацелі б, каб В'етнам з-за нас трапіў пад нейкія санкцыі. Хоць разумеем, што В'етнам не так проста цяпер пакараць. Гэта вельмі магутная, буйная, развітая краіна", - адзначыў ён.

Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што невырашальных пытанняў няма, калі ёсць жаданне іх вырашыць. "Таму мы вельмі прасілі б вас, каб у час наведвання В'етнама кіраўнікамі Нацыянальнага банка Беларусі былі знойдзены прымальныя рашэнні для ўзаемаразлікаў", - прапанаваў ён.

Аляксандр Лукашэнка таксама прапанаваў В'етнаму праекты па вытворчасці тэхнікі. "Калісьці я вельмі настойліва прапаноўваў у час свайго візіту ў В'етнам былым кіраўнікам ствараць сумесныя прадпрыемствы ў В'етнаме па вытворчасці беларускай тэхнікі. І далей - гандаль на рынку АЦЭС", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

"Можам пачаць са зборкі. Чаму ў гэтым плане не супрацоўнічаць? Гэта выгадна вам, гэта выгадна нам і гэта выгадна краінам, у якія мы потым будзем прадаваць гэту тэхніку. І ў В'етнама ж патрэбнасць вялікая, асабліва ў сельскагаспадарчай грузавой тэхніцы", - дадаў беларускі лідар.

Яшчэ адна тэма для развіцця супрацоўніцтва - сфера турызму. В'етнам усё больш наведваюць грамадзяне Беларусі. Аляксандр Лукашэнка заявіў аб неабходнасці далейшага вырашэння візавых пытанняў і арганізацыі прамых авіязносін.

"У нас увогуле з в'етнамцамі няма праблем. Гэта вельмі прыстойныя людзі. Я вам гарантую, што і з нашымі грамадзянамі ў В'етнаме вы праблем мець не будзеце", - сказаў Прэзідэнт.

Ён рэзюмаваў, што ёсць шмат пытанняў, якія неабходна вырашаць для паглыблення супрацоўніцтва. Аляксандр Лукашэнка прапанаваў, каб міністры замежных спраў Беларусі і В'етнама падумалі і прапанавалі план дзеянняў па вырашэнні пытанняў, якія існуюць на гэты момант у адносінах дзвюх краін. "Стварылі б такую дарожную карту", - сказаў ён.

Прэм'ер-міністр адзначыў, што ў В'етнаме ўважліва сочаць за сітуацыяй у Беларусі. Ён перадаў цёплыя прывітанні і пажаданні ад кіраўніцтва В'етнама.

Аляксандр Лукашэнка папрасіў перадаць самыя цёплыя віншаванні кіраўніцтву В'етнама. У Беларусі таксама ўважліва назіраюць за развіццём гэтай краіны і радуюцца яе поспехам, запэўніў Кіраўнік дзяржавы.

"На вялікія святы да вас у бліжэйшы час будзе накіравана наша дэлегацыя Міністэрства абароны", - паведаміў Аляксандр Лукашэнка.