Сустрэча са старшынёй ПАТ "Банк ПСБ" Пятром Фрадковым
- 14
- 3:00
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 5 кастрычніка сустрэўся са старшынёй ПАТ "Банк ПСБ" Пятром Фрадковым.
"Мы вельмі станоўча настроены адносна Вашага банка ў Беларусі і хацелі б самага цеснага супрацоўніцтва з Вашым банкам, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Учора вечарам Аляксандр Генрыхавіч (Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын. - Заўвага) гаварыў аб гэтым. І мне здаецца, што ў яго ўжо цэлы план выспеў нашых адносін".
"Я ведаю Вашы патрыятычныя пачуцці і стаўленне да Расіі. Але Айчына ў нас агульная, як я часта гавару, ад Уладзівастока да Брэста. Таму Беларусь Вам не павінна быць чужой. Тым больш я вельмі станоўча ўспрыняў нядаўняе прынятае ў Расіі рашэнне аб будаўніцтве высакаскораснай магістралі ад Масквы да Мінска, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта вельмі цікава для нашых людзей. Таму што апошнія вось гады (грамадзяне Беларусі сталі часта наведваць Расію і яе сталіцу. - Заўвага) - я ўжо гэта называю паломніцтвам нейкім беларусаў у Маскву. Асабліва моладзі".
"Таму давайце разам супрацоўнічаць для таго, каб нашы народы былі заўсёды разам. І каб ніколі не ўзнікала па той ці іншы бок - у Мінску або Маскве - размоў аб тым, што нашы народы можна нейкім чынам разарваць", - дадаў Прэзідэнт.
"Дзякуй за тое, што прыехалі ў Беларусь. Я гатовы да абмеркавання любых пытанняў. Мы гатовы супрацоўнічаць", - заявіў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама папрасіў Пятра Фрадкова перадаць самыя добрыя пажаданні яго бацьку - Міхаілу Фрадкову: "Калі будзе магчымасць, перадайце бацьку самыя добрыя пажаданні. Самае галоўнае - здароўя. Усё астатняе ў яго ёсць. Калі няма, як я гавару, купім. У мяне вельмі добрыя пачуцці да яго пасля нашай сумеснай работы. Усё ж такі ён доўга працаваў - і Старшынёй Урада, і ўзначальваючы Службу знешняй разведкі".
Пётр Фрадкоў у сваю чаргу выказаў удзячнасць Кіраўніку беларускай дзяржавы за магчымасць сустрэчы. Ён падкрэсліў, што для яго асабіста і для Банка ПСБ развіццё ўзаемадзеяння, партнёрскіх сувязей у Беларусі мае важнае значэнне. "Беларусь з'яўляецца абсалютным прыярытэтам і заўсёды з'яўлялася, - заявіў кіраўнік банка. - Для нас вельмі важна, што гэта супрацоўніцтва прадаўжаецца і развіваецца, прычым па зусім розных напрамках".


