Уручэнне касманаўту Алегу Навіцкаму ордэна Дружбы народаў
- 10
- 3:57
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 21 снежня ў Палацы Незалежнасці ўручыў лётчыку-касманаўту Алегу Навіцкаму ордэн Дружбы народаў.
У Палац Незалежнасці Алег Навіцкі прыехаў разам са сваёй сям'ёй. Для іх правялі экскурсію па галоўных залах палаца.
"Алег, нарэшце ты на грэшную зямлю спусціўся!" - сустрэў касманаўта Аляксандр Лукашэнка.
"Не на грэшную, на лепшую!" - адказаў Алег Навіцкі.
"Табе лепш бачна звысоку", - адзначыў Прэзідэнт.
"Гэта проста шчасце - быць дома", - падкрэсліў касманаўт.
Аляксандр Лукашэнка пагутарыў з сям'ёй Героя Расіі і жартам пацікавіўся ў самога Алега Навіцкага, чаму ён не паклікаў з сабой на радзіму ў Беларусь калег па Міжнароднай касмічнай станцыі. "Я намякаў на тое, каб не толькі сваіх родных, блізкіх, але калі табе гэтыя амерыкосы патрэбны будуць - калі ласка, мы гатовы. Калі трэба будзе, прыходзь і з імі, мы іх перавыхаваем хутка", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Алег Навіцкі "і знешне, і ўнутрана сапраўдны славянін". "У ім беларускае, рускае (знешне нават) і часткова нешта, напэўна, і ўкраінскае ёсць. Ён сапраўдны славянін. І тое, што ён робіць для сваёй радзімы, ён робіць правільна. Усё ж такі рана ці позна ты прыйдзеш на гэту зямлю, таму не трэба губляць свае карані. Ён сапраўдны чалавек, які з'ядноўвае народы", - падкрэсліў Прэзідэнт. Менавіта за гэту чалавечую якасць Алег Навіцкі і быў удастоены ордэна Дружбы народаў, дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Як заявіў касманаўт, уручаная яму ўзнагарода будзе захоўвацца на беларускай зямлі. "Гэта сапраўды вельмі высокі гонар, - сказаў ён. - Гэта вельмі высокая ацэнка маёй работы, працы. Я сапраўды вельмі люблю Беларусь. Гэта тая зямля, на якой я нарадзіўся, якая мяне выхавала ў асобе маіх бацькоў, знаёмых, сярэдняй школы. Напэўна, гэта загартоўка мне да гэтага часу дапамагае спакойна ісці па жыцці. Я заўсёды ведаю, што тут мой дом, тут мне заўсёды рады і тут мяне заўсёды прымуць".
Алег Навіцкі падкрэсліў, што заўсёды, нават калі сыдзе з касманаўтыкі, будзе працаваць на карысць дзвюх краін - Беларусі і Расіі. Падзяліць ён іх для сябе ніяк не можа, падкрэсліў касманаўт. "Гэта наш славянскі саюз, які павінен быць заўсёды разам. І мы заўсёды павінны падстаўляць плячо адзін аднаму, разам радавацца і разам гараваць, разам заступацца адзін за аднаго і, калі трэба, разам ісці ў атаку. Вось і ўсё", - перакананы ён.
"Усё правільна", - падтрымаў яго пазіцыю беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што ў Беларусі рыхтуюць некалькі чалавек для палёту ў космас. І жартам спытаў: калі неабходна будзе знайсці дзяўчыну-касманаўта, ці згодзіцца на гэту ролю Юлія, жонка Алега Навіцкага. Яна ў адказ заявіла аб гатоўнасці паляцець разам з мужам у космас.
"А калі Алегу камандзірам давядзецца ляцець?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Зразумела, камандзірам", - адзначыла Юлія Навіцкая.
"Я павінен паўдзельнічаць у адборы спачатку, правільна?" - зрабіў рэмарку касманаўт.
"Значыць, рыхтуйся на ўсялякі выпадак", - падагульніў Кіраўнік дзяржавы.
Гаворачы сур'ёзна аб падрыхтоўцы беларускіх касманаўтаў, Аляксандр Лукашэнка выказаў надзею, што Алег Навіцкі зможа падключыцца да іх адбору і падрыхтоўкі да будучых палётаў.