Уручэнне даверчых грамат пасламі замежных дзяржаў

  • 8

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 красавіка прыняў даверчыя граматы паслоў 10 дзяржаў.

Даверчыя граматы Кіраўніку дзяржавы ўручылі дыпламаты з Японіі, Шры-Ланкі, Танзаніі, Самалі, Палесціны, КНДР, Егіпта, Ганы, Бангладэш і Алжыра.

Аляксандр Лукашэнка ў першую чаргу павіншаваў паслоў з афіцыйным пачаткам дыпламатычнай місіі ў Беларусі, адзначыўшы, што наперадзе іх чакае цікавая і патрэбная работа, ад якой шмат у чым будзе залежаць, як складуцца адносіны краін, якія яны прадстаўляюць, з Беларуссю. "І няхай нашы дзяржавы раздзяляе вялікая адлегласць. Я ўпэўнены, што гэта не будзе перашкодай", - дадаў беларускі лідар.

Прэзідэнт падкрэсліў, што Беларусь - краіна з багатай і самабытнай гісторыяй, а яе лёсавызначальныя павароты былі часта звязаны з ключавым становішчам у самым сэрцы Еўрапейскага кантынента.

"З аднаго боку, гэта бясспрэчная перавага, - заўважыў Кіраўнік дзяржавы. - У той жа час, знаходзячыся ў эпіцэнтры шматвяковага саперніцтва Захаду і Усходу, беларуская зямля не раз станавілася арэнай жорсткіх баёў. Памяць аб гэтым перадаецца ў нас з пакалення ў пакаленне, дапамагае берагчы мір і жыць у згодзе".

Прэзідэнт растлумачыў, што закранае гэту тэму таму, што і цяпер свет няўстойлівы і нестабільны, "права моцнага" замяніла міжнароднае права, давер страчаны і канфліктны патэнцыял узрос.

"Калі ў Першай сусветнай вайне прымалі ўдзел 38 дзяржаў, то ў Другой сусветнай вайне - амаль 60. У бягучыя канфлікты ўжо ўцягнута каля 90 краін - амаль палова ўсіх дзяржаў свету. У тым ліку і буйныя ядзерныя дзяржавы", - прывёў аргументы Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што адзін з буйных канфліктаў палае ля паўднёвых граніц Беларусі, другі сее незлічоныя ахвяры і разбурэнні на Блізкім Усходзе. Ствараюцца гуманітарныя праблемы, націск на сусветную эканоміку, пагроза энергетычнага і воднага крызісаў, перадумовы для новых хваляў бежанцаў.

"Што гэта? Трывожны набат набліжэння чарговай глабальнай вайны ці ўжо яе праяўленне? Хочацца верыць, што чалавецтву хопіць мудрасці своечасова спыніцца і накіраваць сілы на стваральныя мэты на зямлі і ў небе", - падкрэсліў беларускі лідар.

Звяртаючыся да замежных паслоў, Кіраўнік дзяржавы сказаў: "Мы адкрыты для вашых ініцыятыў па развіцці двухбаковых адносін, гандаль гэта будзе, інвестыцыі, навука, культура, адукацыя, спорт або народная дыпламатыя. Можаце разлічваць на падтрымку на ўсіх узроўнях. Я запрашаю вас больш цесна пазнаёміцца не толькі з нашай культурай, але і з нашымі магчымасцямі. Кожнай з вашых краін у нас ёсць што прапанаваць. Дзверы для вас у Беларусі адкрыты. Жадаю вам паспяховай і плённай працы на вашай адказнай пасадзе ў Беларусі".

Аляксандр Лукашэнка па традыцыі сказаў аб адносінах Беларусі з кожнай з дзяржаў.

Пра Алжыр

Прэзідэнт адзначыў, што ў Беларусі ўдзяляюць Афрыцы асаблівую ўвагу і мэтанакіравана нарошчваюць інтэнсіўнасць супрацоўніцтва з гэтым кантынентам будучыні і, зразумела, у інтарэсах афрыканскіх народаў.

"Зусім нядаўна, у снежні мінулага года, я ўпершыню наведаў Алжыр. Дамовіліся з Прэзідэнтам Тэбунам вывесці да канца 2027 года двухбаковы тавараабарот на адзнаку $500 млн. Гэта амбіцыйная, але выканальная задача. Акрамя таго, ідзе работа па стварэнні ў Алжыры сумесных вытворчасцей беларускай тэхнікі, дзіцячага харчавання, мінеральных угнаенняў і іншага", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Пра Гану

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, што Беларусь бачыць у Гане важнага і перспектыўнага партнёра. 

"Чакаем у чэрвені Прэзідэнта ў Мінску. Нам ёсць што прапанаваць для супрацоўніцтва, - заявіў кіраўнік дзяржавы. - Гэта не проста запатрабаваная сельгастэхніка, але і комплексныя рашэнні па забеспячэнні харчовай бяспекі, якія адаптуюцца спецыяльна пад патрэбнасці вашай краіны. Настроены на доўгатэрміновую сумесную работу, уключаючы стварэнне сэрвісных цэнтраў і складоў запасных частак, навучанне мясцовых спецыялістаў".

Пра Егіпет

"Беларусь і Егіпет традыцыйна звязваюць дружалюбныя адносіны. Склаліся даверныя кантакты на самым высокім узроўні", - сказаў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка чакае ад пасла Егіпта актыўнага садзейнічання ў развіцці дзелавых сувязей і нарошчванні тавараабароту. "Для гэтага ёсць і патэнцыял, і інструменты, уключаючы сумесную гандлёвую камісію", - адзначыў Прэзідэнт.

Пра Самалі

Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што Самалі перажывае цяпер новы перыяд сваёй гісторыі. Пасля дзесяцігоддзяў канфліктаў аднаўляецца структура дзяржаўнай улады. Прымаюцца меры па павышэнні ўзроўню жыцця насельніцтва.

"Гатовы падставіць плячо ў гэтай важнай рабоце. У нас вырабляецца тое, што патрэбна народу Самалі і можа забяспечыць вашу харчовую бяспеку", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Пра Танзанію

"Беларусь бачыць у Танзаніі надзейнага, перспектыўнага партнёра ў рэгіёне Усходняй Афрыкі. Асновай нашага ўзаемадзеяння можа і павінна стаць эканоміка. Давайце разам нарошчваць гандаль, аб'ёмы якога пакуль зусім невысокія", - прапанаваў беларускі лідар.

Ён заявіў аб гатоўнасці ў самыя кароткія тэрміны завяршыць работу над стварэннем сумеснага камітэта па гандлёва-эканамічным супрацоўніцтве. У Беларусі таксама чакаюць прыезду старшыні Нацыянальнай асамблеі Танзаніі.

Пра Палесціну

"Увага ўсяго свету ў гэтыя дні прыкавана, зразумела, да Блізкага Усходу, Персідскага заліва. Займаючыся пошукам урэгулявання канфлікту вакол Ірана, важна не забываць палесцінскае пытанне", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што на працягу многіх гадоў Беларусь і Палесціна падтрымліваюць дружалюбны дыялог. "Мы з болем у сэрцы назіралі за падзеямі ў сектары Газа, ахвярамі якіх сталі дзясяткі тысяч палесцінцаў, у тым ліку дзяцей. Неабходна дабіцца поўнага спынення насілля і пашырыць магчымасці для дастаўкі ў рэгіён гуманітарнай дапамогі", - сказаў Прэзідэнт.

Пра Бангладэш

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што цяпер Азія з'яўляецца галоўным лакаматывам сусветнай эканомікі, забяспечваючы каля 60% росту глабальнага ВУП.

"Бангладэш - наш даўні партнёр у гэтым рэгіёне. Вялікі вопыт двухбаковага гандлёва-эканамічнага супрацоўніцтва павінен стаць зыходнай кропкай для новых узаемавыгадных праектаў. Гатовы дзяліцца перадавымі тэхналогіямі ў сельскай гаспадарцы, сферах аховы водных рэсурсаў, перапрацоўкі адходаў і па іншых цікавых для вас напрамках", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Пра КНДР

Кіраўнік дзяржавы нагадаў аб сваім нядаўнім візіце ў Пхеньян, у ходзе якога бакі адкрылі прынцыпова новы этап у адносінах.

"Можаце быць упэўнены, што вы прыехалі да сапраўдных сяброў, якія вас ніколі не падвядуць. Мы гатовы развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва ў інтарэсах нашых народаў і цвёрда маем намер рэалізаваць дасягнутыя на вышэйшым узроўні дамоўленасці", - запэўніў беларускі лідар.

Пра Шры-Ланку

"Адносіны са Шры-Ланкай - прыклад таго, што вашым краінам можа даць супрацоўніцтва з Беларуссю ў адукацыйнай сферы. Кожны пяты ўрач на Шры-Ланцы скончыў беларускую ВНУ. З улікам гэтага паспяховага вопыту запрашаем на вучобу да нас не толькі па медыцынскіх, але і па інжынерных, аграрных, гуманітарных і іншых спецыяльнасцях", - сказаў Прэзідэнт.

Пра Японію

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь заўсёды была і застаецца зацікаўленай у развіцці канструктыўных і ўзаемавыгадных адносін з Японіяй. "І ўсё тут залежыць толькі ад Японіі", - адзначыў ён.

"Росту даверу паміж нашымі краінамі традыцыйна садзейнічала рэалізацыя праектаў у гуманітарнай сферы", - сказаў Прэзідэнт.

Ён нагадаў, што пасля аварыі ў Фукусіме беларускі бок накіроўваў гуманітарную дапамогу, а дзеці з Японіі прыязджалі ў Беларусь на аздараўленне. Беларусь таксама наведалі больш за 400 японскіх экспертаў, якія вывучалі вопыт пераадолення наступстваў Чарнобыля.

Кіраўнік дзяржавы прапанаваў прадоўжыць узаемавыгаднае супрацоўніцтва, у першую чаргу ў сферы аховы здароўя.