Уручэнне даверчых грамат

  • 12
  • 11:47

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка прыняў даверчыя граматы апостальскага нунцыя і паслоў шасці дзяржаў. Цырымонія прайшла 3 лістапада ў Палацы Незалежнасці.

Даверчыя граматы Аляксандру Лукашэнку ўручылі апостальскі нунцый у Беларусі Антэ Ёзіч, пасол Венесуэлы Франклін Рамірэс Араке, пасол Ірана Саід Яры, пасол КНДР Зу Зен Бон, пасол Сірыі Махамад аль-Умрані, пасол Турцыі Мустафа Азджан, пасол Японіі Хірокі Такунага.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што кіраўнікі дыпламатычных місій прыехалі ў Беларусь у гадавіну Вялікай Перамогі. 75 гадоў таму народы СССР разам з заходнімі саюзнікамі перамаглі гітлераўскі нацызм і стварылі важнейшы інструмент для раўнапраўнага міжнароднага ўзаемадзеяння - Арганізацыю Аб'яднаных Нацый, нагадаў Прэзідэнт.

"За высокі статус дзяржавы - заснавальніка ААН Беларусь заплаціла неймаверную цану. На франтах Вялікай Айчыннай вайны, у баях з карнікамі, у канцлагерах і гета загінуў кожны трэці беларус. Захоўваючы памяць аб незлічоных стратах у той вайне і разумеючы, чым сёння пагражае вялікі ваенны канфлікт, наша краіна паслядоўна выступае за аднаўленне шырокага дыялогу аб міры і міжнароднай бяспецы", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, пачатак дыпламатычнай місіі новых паслоў у Беларусі прыпаў на вельмі складаны і адказны перыяд. "Выклік чалавецтву кідаюць другая хваля пандэміі, пагаршэнне сусветнай эканамічнай кан'юнктуры, абвастрэнне міжнародных канфліктаў, з'яўленне новых пагроз у інфармацыйнай прасторы, - растлумачыў ён. - Менавіта таму цяпер час дыктуе неабходнасць перайсці ад пустой рыторыкі і гучных палітычных дэкларацый да рэальных спраў. Нам вельмі важна цвяроза ацаніць сітуацыю і захаваць усе дасягненні міжнароднага супрацоўніцтва".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы перакананы: толькі ўзгодненыя дзеянні ўсіх краін, праяўленне гуманізму і салідарнасці, умацаванне атмасферы ўзаемнага даверу здольны нейтралізаваць гэтыя пагрозы і стварыць трывалую аснову для вырашэння праблем.

"Беларусь - незалежная дзяржава з вялікім вытворчым, навуковым і чалавечым патэнцыялам. Нягледзячы на ўсе цяжкасці, звязаныя з распаўсюджваннем каранавіруса, наша краіна застаецца адкрытай свету. Ніякія адлегласці і граніцы не могуць перашкодзіць развіццю даверных, узаемавыгадных адносін з нашымі партнёрамі, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Перакананы, што кожны з вас адкрые для сябе сваю Беларусь: ветлівую, гасцінную, прадпрымальную і адказную, з багатай гістарычнай спадчынай, гатовую да дыялогу з рознымі культурамі. Запэўніваю, кожны адчуе сябе ў нашай краіне як дома і ніколі не будзе расчараваны".

Прымаючы даверчыя граматы, адзначыў, што сёння Беларусь перажывае няпросты перыяд, звязаны з абаронай свайго суверэнітэту, захаваннем стабільнай унутранай абстаноўкі і паглыбленнем грамадскага дыялогу. Паводле яго слоў, калейдаскоп падзей гэтага года стаў экзаменам не толькі для дзеючай улады, але і для ўсяго беларускага грамадства.

"Як Кіраўнік дзяржавы адказна заяўляю, што мы можам эфектыўна процістаяць знешнім выклікам і пагрозам, забяспечыць унутрыпалітычную стабільнасць, не дапусціць грамадзянскага расколу і самавольства асобных радыкальных элементаў. Мы рашуча абараняем інтарэсы большасці грамадзян, якія прагаласавалі за адзіную Беларусь і выступаюць за незалежную і ўстойлівую дзяржаву", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт не сумняваецца, што беларусы маюць жаданне, волю і неабходны інструментарый для аднаўлення стабільнасці ў грамадстве на аснове балансу інтарэсаў, захавання спакойнага і бяспечнага жыцця.

"Мы гатовы да ўзаемадзеяння з усімі нашымі замежнымі партнёрамі, абмеркавання любых пытанняў супрацоўніцтва, уключаючы абмен думкамі аб сітуацыі ў Беларусі. Але толькі пры ўмове ўліку інтарэсаў бакоў і неўмяшання ва ўнутраныя справы", - звярнуў увагу кіраўнік дзяржавы.

Па традыцыі Аляксандр Лукашэнка выказаўся аб супрацоўніцтве Беларусі з кожнай з дзяржаў, якія прадстаўляюць дыпламаты.

Аб Ватыкане

"Асаблівыя адносіны звязваюць Беларусь і Ватыкан. На міжнароднай арэне мы разам паслядоўна развіваем такія важныя ініцыятывы, як барацьба з гандлем людзьмі, процідзеянне насіллю ў адносінах да дзяцей, абарона традыцыйных сямейных каштоўнасцей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што асаблівае месца ў двухбаковым парадку дня займаюць пытанні міжканфесійнага міру. "Разлічваем на кансалідуючую і канструктыўную ролю каталіцкай царквы ў беларускім грамадстве", - сказаў Прэзідэнт.

Ён таксама пацвердзіў зацікаўленасць Беларусі ў далейшым паглыбленні ўзаемадзеяння са Святым прастолам.

Аб Турцыі

Кіраўнік дзяржавы назваў Турцыю важным саюзнікам, яна першай прызнала незалежнасць Беларусі. "У час майго візіту ў Анкару ў мінулым годзе мы з Прэзідэнтам Эрдаганам намецілі шэраг крокаў, якія прызначаны ўмацаваць гандлёвыя і гуманітарныя сувязі, пашырыць кантакты паміж грамадзянамі нашых краін", - адзначыў беларускі лідар.

"Мінск і Анкара адзіныя ў меркаванні, што рэзультатыўны эканамічны дыялог - ключ да поспеху і прагрэсу. Таму важна, каб дасягнутыя намі дамоўленасці не засталіся на паперы, а ўжо ў бліжэйшы час былі ўвасоблены ў жыццё", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Аб Іране

Прэзідэнт адзначыў, што Іран з'яўляецца адным са значных эканамічных і палітычных партнёраў Беларусі на Блізкім Усходзе. "У нас вялікі патэнцыял, які, без сумнення, раскрыты далёка не цалкам", - сказаў ён.

Беларускі бок вітае прыпыненне шэрага абмежаванняў у адносінах да Ірана з боку ААН і спадзяецца на далейшыя канструктыўныя крокі, накіраваныя на стабілізацыю ваенна-палітычнай абстаноўкі на Блізкім Усходзе.

"Удзячны вашай краіне за падтрымку Беларусі на шматбаковых пляцоўках. Мы таксама будзем адказваць узаемнасцю і гатовы да прадаўжэння ўзаемадзеяння з Іранам у міжнародных арганізацыях", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб Сірыі

"Трывалыя сувязі, якія характарызуюцца высокім даверам, шчырай дружбай, устаноўлены паміж Мінскам і Дамаскам. Беларусь актыўна падтрымлівае суверэнітэт, тэрытарыяльную цэласнасць і выступае за неўмяшанне ва ўнутраныя справы Сірыі", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Ён выказаў перакананне, што намаганні сірыйскага кіраўніцтва, накіраваныя на хутчэйшае ўрэгуляванне ўнутрыпалітычнай сітуацыі, аднаўленне эканомікі і сацыяльнай сферы, будуць садзейнічаць актывізацыі ўзаемадзеяння паміж дзвюма краінамі.

Аб Венесуэле

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што ў Лацінскай Амерыцы ў Беларусі напрацаваны значны вопыт двухбаковых адносін з Венесуэлай.

"Мы будзем і далей аказваць вашай краіне пасільную падтрымку. Вельмі спадзяюся, што новы пасол будзе ўсяляк садзейнічаць актывізацыі ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва ў гандлёвай і гуманітарнай сферах", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аб КНДР

Беларусь разлічвае на ўмацаванне адносін з Карэйскай Народна-Дэмакратычнай Рэспублікай.

"Неапраўдана нізкі ўзровень адносін у нас, нам трэба актыўней працаваць у гэтым напрамку. Мы ўважліва сочым за развіццём абстаноўкі на Карэйскім паўвостраве, падтрымліваем усе намаганні па забеспячэнні міру і вырашэнні існуючых супярэчнасцей у гэтым рэгіёне ў цэлым, - сказаў Прэзідэнт. - Зацікаўлены прадаўжаць канструктыўныя кантакты ў міжнародных арганізацыях. Просім новага кіраўніка дыпмісіі звярнуць увагу на такія сферы супрацоўніцтва, як вытворчасць лякарстваў і прадуктаў харчавання, прафесійнае навучанне і павышэнне кваліфікацыі".

Аб Японіі

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, узаемадзеянне з Японіяй мае значныя рэзервы ў гандлі, прамысловай кааперацыі, інвестыцыйным супрацоўніцтве, у галіне навукі і тэхналогій.

"Мы вельмі высока цэнім навуковую і гуманітарную дапамогу ў ліквідацыі наступстваў Чарнобыля. Са свайго боку гатовы і далей дапамагаць вашай краіне пасля аварыі на Фукусіме і прадоўжыць аздараўленне японскіх дзяцей у Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён таксама выказаў упэўненасць, што маючыя адбыцца летняя Алімпіяда і Паралімпійскія гульні ў Токіа ў 2021 годзе стануць не толькі яркім святам спартыўных дасягненняў, але і будуць садзейнічаць з'яднанню народаў.

Звяртаючыся да ўсіх дыпламатаў, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яны прадстаўляюць краіны, якія знаходзяцца на розных кантынентах. "Але ўсіх нас аб'ядноўвае адно натуральнае імкненне зрабіць свет больш бяспечным, эканоміку больш устойлівай, а жыццё простых людзей лепшым. Беларусь умее цаніць шчырасць, давер і заўсёды адкрыта для любых канструктыўных ініцыятыў", - запэўніў беларускі лідар.

"Перакананы, што вы не проста будзеце добразычлівымі і непрадузятымі наглядальнікамі за працэсамі, якія адбываюцца, а будзеце аказваць усялякае садзейнічанне фарміраванню раўнапраўных, узаемавыгадных адносін з Беларуссю. Вам пад сілу зблізіць і ўзаемна ўзбагаціць нашы культуры, дапамагчы пашырэнню гуманітарнага супрацоўніцтва і міжасобасных кантактаў", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.