Удзел у форуме патрыятычных сіл "Сімвал адзінства"

  • 12
  • 23:16

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 верасня ў Дзень народнага адзінства прыняў удзел у форуме патрыятычных сіл "Сімвал адзінства" ў "Мінск-Арэне".

"Сёння мы ўпершыню ў гісторыі нашай дзяржавы адзначаем новае свята Беларусі - Дзень народнага адзінства. Мы адраджаем тым самым традыцыю ўспамінаць падзею, якая вярнула нам разрэзаную па жывым родную зямлю", - сказаў беларускі лідар у сваім выступленні на мерапрыемстве.

Ён нагадаў, што ў далёкім 1939-м Беларусь уз'ядналася ў сваіх нацыянальных граніцах. "Стагоддзямі падзяляемы паміж княствамі, каралеўствамі і імперыямі народ упершыню атрымаў шанц пабудаваць уласную дзяржаву на гістарычнай зямлі. Гэта здарылася больш як 80 гадоў таму 17 верасня, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Што значыць гэты дзень для нас, пакаленняў, якія жывуць цяпер? Гэта наша гістарычная памяць. Памяць, якая звязвае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад фатальных памылак".

Уся гісторыя часам цяжкага і драматычнага шляху Беларусі да здабывання і захавання сваёй дзяржаўнасці не раз пацвярджала найстаражытнейшую мудрасць, што сіла ў адзінстве, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы, беларусы, ведаем, што значыць дзеля чужых нацыянальных інтарэсаў, нечых празмерных геапалітычных амбіцый згубіць палову роднай зямлі, страціць сувязь з блізкімі і сябрамі на доўгія 20 гадоў", - заявіў Прэзідэнт. Паводле яго слоў, на працягу гэтых некалькіх дзесяцігоддзяў звыш 4 млн чалавек, якія пражывалі на акупіраванай Польшчай тэрыторыі, былі пазбаўлены права гаварыць на роднай мове, вучыцца ў нацыянальных школах, развіваць сваю самабытную культуру, ды і проста звацца беларусамі.

Для большай нагляднасці па патрабаванні Прэзідэнта на форуме была прадэманстравана карта Беларусі 1921 года, калі тэрыторыя краіны была ў разы меншая за сучасную. "Паглядзіце, дзе была Беларусь, разарваная, падзеленая... Гэта было справядліва? Не. 20 гадоў людзі мучыліся, з іх здзекаваліся, забаранялі размаўляць так, як яны хочуць, не кажу ўжо, што вучыцца дзецям не было дзе, ішло апалячванне, паланізацыя гэтай часткі Беларусі. Мы не маглі з гэтым змірыцца", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.

"Няма нічога дзіўнага ў тым, што 17 верасня 1939 года жыхары Заходняй Беларусі сустракалі Чырвоную армію як вызваліцельніцу. Са слязамі на вачах і кветкамі, - нагадаў беларускі лідар. - Памятаюць гэту сустрэчу архіўныя фота, якія беражліва захоўваюцца ў старэнькіх сямейных альбомах".

"Так, сёння мы не можам прымусіць замаўчаць нацыяналістаў розных масцей, нашчадкаў калабарацыяністаў, якія прыраўнавалі гэту падзею да нападзення фашысцкай Германіі на Польшчу. Але мы можам і павінны нарэшце, не саромеючыся, адказаць фактамі, што мы і пачалі рабіць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Ён нагадаў, як Польшча ў сярэдзіне верасня 1939 года пацярпела разбуральнае паражэнне ў вайне з Германіяй, польскія войскі былі разгромлены, а ўрад пабег у Вялікабрытанію. Польшча як дзяржава перастала існаваць, а над Заходняй Беларуссю, якая ўваходзіла ў склад на той час ужо не існуючай Польшчы, навісла цень нацызму. "Вярнуўшы страчаныя спрадвечна беларускія землі, савецкі ўрад спыніў смяротную пагрозу для жыхароў рэгіёна на цэлыя два гады", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Ён звярнуў увагу, што ў Польшчы вельмі пакрыўдзіліся на тое, што беларусы ў сваёй дзяржаве, згодна са сваёй Канстытуцыяй прынялі рашэнне святкаваць дзень уз'яднання краіны менавіта ў гэту памятную дату. "Чаму пакрыўдзіліся? Землі ж польскія. Аказваецца, мы іх "акупіравалі", - заўважыў Прэзідэнт. У адказ на такія абвінавачанні і папрокі, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гістарычнае рашэнне аб уз'яднанні зямель у 1939 годзе было правільным і справядлівым.

"1 верасня 1939 года Германія напала на Польшчу і на працягу двух тыдняў польскай дзяржавы не існавала. І калі б мы, Чырвоная армія, тады не рушылі свае войскі на захад, да Брэста і Гродна, не факт, што немцы спыніліся б там, на той заходняй граніцы. Яны былі б пад Мінскам ужо. І я смею сёння сказаць, што калі б у 1939-м, за два гады да нападзення фашыстаў на Савецкі Саюз, немцы былі пад Мінскам, баюся, што не было б Вялікай Перамогі ў 1945-м. Адзін кідок да Масквы - і Савецкага Саюза не існавала б. Таму гэты прэвентыўны рух Сталіна на захад і ўз'яднанне заходніх зямель Беларусі са спрадвечна беларускімі землямі быў правільным, справядлівым і заканамерным", - перакананы Прэзідэнт.

Разважаючы аб падзеях верасня 1939 года, Кіраўнік беларускай дзяржавы задаўся пытаннем, чаму ж тады Польшча не абараніла свае землі і за два тыдні здала ўсю тэрыторыю, уключаючы Гродна і Брэст? "Чаму вы не паміралі там, калі гэта ваша зямля? Што можна было гаварыць аб землях, усходніх крэсах, якія ўваходзілі ў склад Польшчы... Нашы дні былі б злічаны", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Ён заўважыў, што існуе меркаванне, нібыта палякі не маглі процістаяць магутнай арміі Германіі. "Тады паўстае другое пытанне: а чаму вашы заступнікі вам не дапамаглі? Вы заўважылі, куды пабег урад Польшчы? У Вялікабрытанію. А англасаксы моцнымі тады былі. Чаму не абаранілі, як абяцалі, Польшчу? І яшчэ адно пытанне: дык палякі ж атрымалі смяротны ўдар 1 верасня (1939 года. - Заўвага) ад сваіх саюзнікаў. Германія ж да 1 верасня 1939 года была ў вельмі цесным саюзе з Польшчай, у абдымку хадзілі. Польскі Урад, кіраўніцтва гатова было, і гэта архіўнымі фактамі пацвярджаецца, гатова было на цэнтральных плошчах Варшавы паставіць помнік Гітлеру. І гэты самы Гітлер праз некалькі месяцаў растаптаў Польшчу", - канстатаваў Кіраўнік беларускай дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адхіліў усялякія прэтэнзіі да Беларусі за падзеі верасня 1939 года, падкрэсліўшы, што ў той перыяд беларускі народ зноў здабыў права жыць і развівацца ў межах адной рэспублікі. За кароткі час у заходніх абласцях людзі атрымалі бясплатнае медыцынскае абслугоўванне, пачалі работу амаль 6 тыс. школ, адкрыліся нацыянальныя ВНУ і тэатры, будаваліся новыя фабрыкі і заводы, нагадаў Прэзідэнт. Ва ўсіх абласных гарадах і райцэнтрах з'явіліся беларускія газеты і часопісы. "Уз'яднанне ў 1939 годзе Беларусі надало магутны імпульс развіццю эканомікі, навукі, культуры. Але галоўнае - беларусы аб'ядналіся. Былі разам і ў барацьбе супраць прыхільнікаў аднаўлення "вялікай" Польшчы, і ў барацьбе з гітлераўскімі акупантамі", - заўважыў Прэзідэнт.

"На палях бітваў, у партызанскіх атрадах і падполлі жыхары Заходняй і Усходняй Беларусі, не задумваючыся, паміралі за сваю Айчыну. У гэтай самай страшнай і жорсткай вайне ў гісторыі чалавецтва ўмацоўвалася і загартоўвалася народнае адзінства беларусаў, рускіх, украінцаў, палякаў, яўрэяў і іншых малых народаў, якія пражывалі ў рэспубліцы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - У неймаверных выпрабаваннях беларускі народ фарміраваўся ў адзіную нацыю".

"У аснове народнага адзінства - найстаражытнейшая ў нашай дзяржаве традыцыя народаўладдзя. Свой гістарычны і палітычны статус мы разам выбіраем на рэферэндумах і ўсебеларускіх сходах. Выбіраем сэрцам, самі, ніхто нам не дыктуе", - заявіў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што менавіта так у 2021-м - у Год народнага адзінства - была агучана і падтрымана большасцю галасоў беларусаў прапанова зрабіць дзень 17 верасня новым дзяржаўным святам. "Таму што для нас ён даўно з'яўляецца сімвалам беларускай дзяржаўнасці і запаветам будучым пакаленням. Запаветам берагчы суверэнітэт краіны, нацыянальную еднасць і мір на роднай зямлі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Помніце, беларусы: гэта галоўнае свята, якое мы доўгія дзесяцігоддзі сарамліва не хацелі абазначаць. Не было б гэтага свята - не было б краіны і не было б нас", - падкрэсліў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка нагадаў: у Беларусі з гонарам гавораць аб тым, што савецкая рэспубліка, якая стала ў 1945-м сузаснавальнікам Арганізацыі Аб'яднаных Нацый, заняла ганаровае месца ў міжнароднай супольнасці, адбылася як беларуская нацыянальная дзяржава з роўнымі правамі для ўсіх грамадзян.

Нацыянальнае адзінства не раз было выпрабавана на трываласць у ХХ стагоддзі. Так, у 1990-я беларускі народ адхіліў спробу пабудаваць нацыяналістычную дзяржаву крайне радыкальнага толку (тады быў лозунг: "Беларусь для беларусаў"), не даў разваліць краіну і расцягнуць багацце па вуглах, захаваў мір і згоду ў грамадстве. "І ў жніўні-верасні мінулага года, калі ў востры перыяд развязанай супраць нас гібрыднай агрэсіі беларусы адстаялі сваю незалежнасць. Мы, сапраўдныя беларусы, не далі паўтарыць бліцкрыг 40-х гадоў мінулага стагоддзя, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Але да драматычных урокаў першай паловы мінулага стагоддзя мы вяртаемся не для таго, каб кагосьці папракнуць. Я паўтару, што гаварыў не раз. Суседзі нам дадзены ад Бога, як і любой іншай дзяржаве. У адносінах з усімі мы імкнёмся да міру і дружбы. Мы ніколі не квапіліся на чужы каравай або кавалак зямлі. Нам свайго хапае. Мы нават не нагадваем сёння ім аб тым, што Беласток і Беласточчына - гэта беларускія землі, што Вільня - гэта таксама беларускі горад, і землі вакол. Мы ж пра гэта не гаворым. Унутрыканфесіянальная раўнавага і міжнацыянальнае адзінства - непахісная аснова нашага грамадства".

"Усе мы, людзі, якія жывуць на гэтай зямлі, - беларускі народ. У нас адна дзяржава, адзін закон, агульная гістарычная памяць на ўсіх. Гэта непарушна. Гэта назаўсёды", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Але ніколі мы не дазволім гераізаваць бурых (размова пра польскага ваеннага злачынца Рамуальда Райса, мянушка якога "Буры". - Заўвага) і іншых забойцаў беларускага народа. Такімі яны назаўсёды застануцца ў нашай гістарычнай памяці. І няма чаго тут рабіць тым, хто гэтых злачынцаў цягне з забыцця. Хто спрабуе падпарадкаваць, растаптаць, разарваць нашу суверэнную краіну, зрабіць яе часткай санітарнага кардона, які акружае брацкую Расію", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў: многія гавораць аб тым, што, магчыма, трэба забыць усё, што было менш як сотня гадоў таму: "Ну, была Хатынь - там помнік. І тысячы такіх помнікаў, дзе па-зверску забіты нашы людзі. Можна забыць, толькі вы не забудзьце, беларусы, адно: як толькі мы забудзем дарогу да гэтых помнікаў, як толькі зарасце хмызняком дарога да Хатыні, гэта паўторыцца, гэта зноў прыйдзе ў нашы дамы. Пакуль мы помнім, мы жывём. І проста жыццёвая мудрасць: калі мы забудзем іх, гэтак жа забудуць нас. Таму мы не павінны гэтага дапусціць. Гэта ў нашых славянскіх сэрцах і думках".

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што літаральна перад пачаткам форуму вярнуўся з дружалюбнага Таджыкістана, дзе знаходзіўся з візітам. Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што гэта неймаверна прыгожая краіна з хуткарослым насельніцтвам. У ёй шмат гор і параўнальна мала мясцін, дзе можна жыць і вырошчваць ураджай. "Падлятаючы каторы раз да Душанбэ, я ўразіўся тым, як там працуюць людзі. Кожны кавалачак дагледжаны, нібыта лыжкай або відэльцам. Таму што ад гэтага залежыць жыццё гэтага народа. Страшэнная сітуацыя вакол. Атмасфера, паветра трашчыць ад гэтай напружанасці на поўдні. Узарваўся чарговы раз Афганістан", - падзяліўся ўражаннямі беларускі лідар.

Ён нагадаў, што ўсяго пару дзесяцігоддзяў таму Таджыкістан быў знясілены грамадзянскай вайной, і шмат сіл было пакладзена на тое, каб аднавіць нармальнае жыццё і забяспечыць неабходным насельніцтва. "Жыццё найцяжэйшае, але людзі пераадольваюць гэта. І зноў бяда. Я гэта гавару да таго, каб вы бераглі тое, што ёсць. Калі мы толькі страцім усё, што мы маем, бяды не абмінуць. І калі ты вяртаешся чарговы раз дадому, чарговы раз пачынаеш разумець, у якой прыгажуні, у якой цудоўнай краіне, у якім цудоўным месцы, падораным нам богам, мы жывём. Беражыце гэта! Гэта належыць нашым дзецям!" - заклікаў Кіраўнік дзяржавы.

"Мой зварот да вас, нашага беларускага народа. Я хачу павіншаваць вас з новым дзяржаўным святам, якое зойме такое ж дастойнае месца ў нашай сучаснай гісторыі, як Дзень Перамогі і Дзень Незалежнасці. Але яшчэ раз падкрэслю: калі б не было гэтага ўз'яднання, не было б у нас ні Дня Перамогі, ні Дня Незалежнасці. Нас не было б. Таму што не было б той зямлі, на якой продкі нашы нарадзіліся і якую сваёй працай апрацоўвалі, - сказаў беларускі лідар. - Дата 17 верасня жыла і будзе жыць у сэрцы і памяці беларускага народа".

"І мы, грамадзяне сучаснай незалежнай Беларусі, ведаем, што назаўсёды звязаны самабытным лёсам розных пакаленняў беларусаў, якія тысячу гадоў жывуць на гэтай зямлі. На нашай з вамі роднай беларускай зямлі", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.