Удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця міжнародага фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся"

  • 36
  • 2

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 15 жніўня прыняў удзел у цырымоніі ўрачыстага адкрыцця міжнароднага фестывалю этнакультурных традыцый "Кліч Палесся".

Вітаючы ўдзельнікаў мерапрыемства, Кіраўнік дзяржавы назваў фестываль яркай і ўнікальнай падзеяй.

"Па сцвярджэнні гісторыкаў (і гэта сапраўды так, ад жыцця), Палессе - прарадзіма славян. Адсюль нашы вытокі. Тут, на гэтых крутых берагах паўнаводнай Прыпяці, сярод бязмежных дуброў і воднай прыроднай прыгажосці, нашы карані - прыгожага, разумнага і дастойнага народа. Таму, прымаючы рашэнне аб правядзенні фестывалю ў 2010 годзе, мы меркавалі, што ён стане яшчэ адной нагодай сабрацца разам тром братэрскім народам - беларусам, рускім і ўкраінцам, - сказаў Прэзідэнт. - І вядома, мы рады бачыць тут, на агульнай гістарычнай радзіме, усіх славян. Усіх без выключэння".

Аляксандр Лукашэнка таксама заўважыў, што на фестывалі ў цэлым шмат гасцей і ўдзельнікаў, чаму ў Беларусі вельмі рады.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў паўднёвых рэгіёнах, на Палессі - вытокі славянскіх народаў. "Адкуль нашы беларусы (продкі беларусаў. - Заўвага) ішлі? Не толькі з Ізраіля, - з доляй гумару адзначыў Прэзідэнт. - Яны ішлі з Турава, адтуль нашы карані, вытокі, - і да полацкіх зямель. Гэтага саромецца не трэба, так было. І ніякая палітыка не можа павярнуць гэту гісторыю назад, развярнуць назад і сказаць, што мы з поўначы з'явіліся. Менавіта адсюль".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што часта бывае на Палессі і прыйшоў да высновы, што тут, у гэтых краях, зараджаліся асноўныя рысы беларускага характару. "Палешукі - людзі хітрыя, разумныя, вельмі "працавітыя" і таленавітыя. Гэта маё цвёрдае перакананне. Не таму, што на поўначы, усходзе людзі не такія. Беларусы - моцныя, ёмістыя людзі, палешукі са знакам якасці", - адзначыў ён.

"Беларусы - гэта сапраўдная нацыя, якая "ўвасобіла", увабрала ў сябе звычкі, навыкі, традыцыі людзей з Ізраіля, з Усходу, з Еўропы і адсюль - ад Кіеўскай Русі і вышэй (па карце. - Заўвага). Гэтага саромецца не трэба, трэба гаварыць так, як яно было", - заявіў Прэзідэнт.

Менавіта гэта трэба цвёрда падкрэсліць у Нацыянальным музеі, які цяпер будуецца ў цэнтры Мінска, даручыў Кіраўнік дзяржавы.

"Міністр культуры Маркаў заканчвае будаўніцтва Нацыянальнага музея, і мы гэта павінны там цвёрда падкрэсліць і вызначыць назаўсёды. І для нашых дзяцей, і для ўнукаў - што гэта наша, мы адсюль і нікуды адсюль не сыдзем, нікому гэта не аддадзім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

З асаблівай цеплынёй Кіраўнік дзяржавы звярнуўся да жыхароў рэгіёна: "Дарагія палешукі! За гады сваёй работы Прэзідэнтам я аб'ездзіў увесь свет, мяне цяжка чым-небудзь здзівіць. Але, прыязджаючы сюды, я кожны свой прыезд захапляюся Прыпяцкім Палессем і людзьмі, якія жывуць на гэтай зямлі, з іх асаблівай душой, светаразуменнем і жыццёвым укладам".

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што дзякуючы ў тым ліку фестывалю "Кліч Палесся" ў Беларусі захоўваюць і прымнажаюць найбагацейшую гісторыка-культурную спадчыну. Робяць усё, каб кожны мог прыехаць сюды і паглядзець, як жылі продкі, як беражліва беларусы ставяцца да гісторыі, культуры, роднай зямлі.

Прэзідэнт асабліва падкрэсліў маштабы і значнасць пройдзенага шляху па адраджэнні Палесся і ўсяго, што зроблена за перыяд існавання фестывалю. Сёння ён стаў візітнай карткай Прыпяцкага Палесся, святам сяброў і аднадумцаў, часткай вялікага стваральнага руху, канстатаваў Кіраўнік дзяржавы.

"Скажу для ўсіх, хто нас глядзіць і чуе: мы адкрыты і заўсёды рады гасцям, мы памятаем вытокі і верныя традыцыям, мы ўпэўнена глядзім у будучыню і робім усё, каб яна была мірнай і бяспечнай. Для палешукоў гэта найважнейшае пытанне - мір і бяспека. І не толькі таму, што светапогляд такі (на Палессі і ва ўсёй Беларусі. - Заўвага): мір, мір і яшчэ раз мір. Вайна зусім побач. Нават не за плотам, як я часта гавару. Яна ля вашага парога, і вы, як ніхто іншы з беларусаў, разумееце, што такое мірнае жыццё", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.

Аб'яўляючы аб адкрыцці чарговага "Клічу Палесся", Прэзідэнт пажадаў усім моцнага здароўя, дабра і працвітання.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на Палессі ён рабіў свае першыя крокі на пасадзе Прэзідэнта, і таму гэта месца для яго асаблівае. Аляксандр Лукашэнка раней не раз расказваў, як у адну з першых паездак у рэгіён у якасці Прэзідэнта краіны пачаў уручную касіць пойму Прыпяці з палешукамі, пасля чаго мясцовыя сказалі аб ім: "Гэта наш", - і ўсялякія размовы аб нейкай незалежнай палескай рэспубліцы, якія хадзілі ў той час, спыніліся.

"І тая касьба (з палешукамі. - Заўвага) у 90-я гады з сапраўднай мужчынскай размовай, шчырай і сумленнай, шмат у чым прадвызначыла маё прэзідэнцкае крэда - адкрыта, прама, вока на вока гаварыць з народам і рабіць усё на яго карысць", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Памятаю, летам па калена ў пыле сустракаўся з людзьмі з Ляскавіч, навакольных вёсак. Адна бабулька падышла і ад імя ўсіх кажа: "Дзетачка, дапамажыце з хлебам". Хлеба не было. Тады я запатрабаваў ад ваенных перакінуць сюды ваенныя пякарні, і гэта была першая пякарня, якая зрабіла гарачы хлеб для  палешукоў. Сёння, праз гады, цяжка ў гэта паверыць. Але з гэтага ўсё пачыналася", - расказаў Кіраўнік дзяржавы.

У той час палескі край меў патрэбу ў падтрымцы. Таму была прынята і рэалізавана праграма адраджэння Палесся. Ставіліся простыя і зразумелыя задачы - стварыць новыя працоўныя месцы, мадэрнізаваць вытворчасць. А самае галоўнае - павысіць якасць жыцця палешукоў, зрабіць так, каб вобраз гэтых "людзей на балоце", бедных і ў лапцях, застаўся толькі ў кіно, але не ў рэальным жыцці.

"Многае зрабілі. Тое, што некалі я вам абяцаў, мы зрабілі", - заявіў Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ў рэгіёне рэалізуюцца праграмы развіцця, на гэта з бюджэту накіроўваюцца значныя фінансавыя сродкі. "Хачу, каб вы разумелі: я не проста настойваю на тым, каб мы ўвальвалі сюды вялікія грашовыя сродкі. Без гэтага, вядома, развіцця быць не можа, і гэта вялікія грошы", - сказаў ён.

"Але, вывучыўшы ваша меркаванне, улічваючы інтарэсы нашай дзяржавы, будзем будаваць галоўнае для вас - дарогі і масты. Без іх нічога не можа быць. Мы жывём, як кажуць, на балоце. Не на балоце - на наша шчасце, тут (на Палессі. - Заўвага) велізарная колькасць вады, без чаго пакутуе ўвесь свет. А ў нас гэтага дабра хапае, толькі трэба гэтым нармальна распарадзіцца", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле яго слоў, чарговая праграма па Палессі нацэлена на тое, каб людзі маглі мець дастойныя ўмовы жыцця, дастойную работу, нармальную заработную плату, яна "створыць самыя ўнікальныя ўмовы там, дзе гэта трэба, для работы і жыцця палешукоў". "Ад вас толькі адно патрэбна - дысцыпліна, парадак і праца", - звярнуў увагу Прэзідэнт.

Кіраўнік дзяржавы таксама растлумачыў, што ў будучым акцэнт будзе рабіцца на развіцці больш-менш буйных населеных пунктаў. "Будзем канцэнтравацца ў аграгарадках (гэта вельмі важна для Палесся), у буйных вёсках. Людзі ўжо не хочуць жыць на балоце і хутарах. Яны думаюць пра дзяцей - дзецям трэба даць адукацыю, яны павінны быць усім забяспечаны, а гэта магчыма ў такіх буйных, як Ляскавічы, аграгарадках. Хоць павінна быць усё, як у горадзе. Тады людзі не будуць імкнуцца збегчы адсюль. Хоць людзі адсюль і не бягуць ні ў Мінск, ні ў іншыя буйныя гарады", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што праграма развіцця Палесся павінна закласці асновы для пераўтварэння рэгіёна ў такім рэчышчы. Зрэшты, аналагічным прынцыпам дзяржава будзе кіравацца ў адносінах да іншых рэгіёнаў краіны.

Беларускі лідар нагадаў, што па яго даручэнні чарговую праграму курыруе выхадзец з Палесся Міхаіл Русы. "Ён душой і сэрцам разумее, што трэба для Палесся", - адзначыў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што за апошні час палескі рэгіён абнавіўся - стаў цэнтрам развітой прамысловасці, агародніцтва, культурным цэнтрам з невычэрпным турыстычным патэнцыялам, куды прыязджае мноства турыстаў. "Вы бачыце, як змяніліся разам з Ляскавічамі і Туравам дзясяткі іншых населеных пунктаў Брэстчыны і Гомельшчыны, - сказаў ён. - Але галоўнае - мы будуем наш палескі рэгіён з розумам, не парушаючы прыроднай гармоніі, захоўваючы сакральнае, першапачатковае хараство гэтых мясцін".

Гаворачы аб прыродным харастве, Прэзідэнт нагадаў пра сваю прапанову закласці сады каля Мінска і расказаў, што мае намер увасобіць у жыццё гэту ідэю, ужо ёсць і патэнцыяльны выканаўца, дарэчы, паляшук.

"Учора прапанаваў фермеру непасрэдна пад Мінскам некалькі ўнікальных палёў (якія ў мяне просяць забудаваць, пад жыллё) - пад палескія сады. Гавару: прыязджай, зрабі вакол Мінска, каб Мінск, як Кішынёў (некалі ў Малдове, я памятаю гэту карцінку) працвітаў і быў квітнеючым", - расказаў Аляксандр Лукашэнка пра наведванне фермерскай гаспадаркі Міхаіла Шруба".

Паводле слоў Прэзідэнта, кіраўнік гаспадаркі зацікавіўся прапановай, але ўзяў час на роздум. "Але, думаю, згодзіцца. Таму што ўнікальнае месца, многія хацелі б там нешта зрабіць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Звяртаючыся да жыхароў Палесся, Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз падкрэсліў: "Будзьце сапраўднымі палешукамі, умацоўвайце сваю дружбу, не лайцеся. У нас усяго хопіць. Калі некаму чагосьці не хапае - скажыце. Тое, што дзяржава павінна зрабіць, мы абавязкова зробім".

"Мы будзем рабіць усё для таго, каб быў мір, - заявіў Прэзідэнт. - Мы не хочам ваяваць. Чаму? Таму што Беларусь - гэта агульны дом, тут жывуць усе (прадстаўнікі розных нацыянальнасцей і веравызнанняў. - Заўвага), і жывуць нармальна".

"Паглядзіце, што робіцца вакол. З пункту гледжання рэлігійнай і нацыянальнай варожасці. Страшна падумаць. Мы - спакойна. Не я - вы ўсё зрабілі для таго, каб на гэтым кавалку зямлі, вакол якога ўсё палае, спакойна жылі людзі, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - І мы будзем жыць спакойна, калі не будзем адбіраць чужое і раскладаць па кішэнях, калі будзем працаваць і ўмацоўваць нашу краіну. Галоўнае - эканоміка. Таму я заўсёды вам гавару: вы мне дайце толькі адно - эканоміку, усё астатняе - за мной".

Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што ёсць тыя, хто называе Беларусь суагрэсарам, хоць краіна праводзіць абсалютна міралюбную палітыку. Больш таго, адкрывае свае граніцы. Нават у гэты няпросты перыяд Прэзідэнт распарадзіўся адкрыць граніцу з суседняй Украінай для тых, хто хоча збіраць дзікаросы (ягады, грыбы) на тэрыторыі прыгранічча, як гэта было на працягу доўгіх гадоў да пачатку ваенных дзеянняў. "Там нашы людзі жывуць. Мы адкрылі для іх і ў вайну граніцу. Прыходзьце. Па 5-6 тысяч долараў зараблялі (раней, калі было ўсё спакойна. - Заўвага) людзі, працуючы, вядома, з раніцы да ночы, яны за кошт гэтага жылі. Якая вайна можа гэта перакрэсліць і закрыць граніцу?" - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка на фестывалі "Кліч Палесся" ўзнагародзіў чатырох уладальнікаў ганаровага звання "Ганаровы паляшук".

Узнагароды ўдастоены дырэктар ЗАТ "Сатурн-1 г.Жыткавічы" Міхаіл Саскевіч, загадчыца філіяла "Тонежскі сельскі дом культуры" Лельчыцкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці Тамара Прыбалавец, генеральны дырэктар ААТ "Савушкін прадукт" Аляксандр Саўчыц і кіраўнік заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь народнага ансамбля песні і танца "Палескія зоры" імя М.В. Цурканава Пінскага гарадскога Дома культуры Сяргей Паддубны. Усе яны выхадцы з Палесся, тут пачыналася іх прафесійнае, творчае станаўленне, а многія звязалі з рэгіёнам сваё далейшае жыццё.

Ва ўрачыстай абстаноўцы ім уручаны сімвалічныя статуэткі ў выглядзе фігуры каларытнага жыхара Палесся.

Аляксандру Лукашэнку ў час фестывалю "Кліч Палесся" падарылі вулей з пчоламі. Падарунак перадаў Сяргей Паддубны, які стаў уладальнікам звання "Ганаровы паляшук". Ён нагадаў, што мёд лічыцца сімвалам здароўя і даўгалецця. "У кожнай кроплі нашага каштоўнага прадукту ёсць гэта самая часцінка невычэрпнай энергіі, моцнага здароўя і даўгалецця. Паважаны Аляксандр Рыгоравіч, прыміце дары нашага Палескага рэгіёна ад усіх нас, палешукоў, у знак нашай вялікай павагі да вас і да нашай Радзімы", - сказаў ён.

Кіраўнік дзяржавы падзякаваў за падарунак і з усмешкай выказаў некаторыя апаскі наконт яго размяшчэння ў Палацы Незалежнасці, куды традыцыйна накіроўваюцца прадметы і вырабы, перададзеныя ў падарунак Прэзідэнту.

"Нават не ведаю, што з імі рабіць, як у Палацы Незалежнасці гэты вулей з пчоламі паставіць? Думаю, будуць баяцца прыязджаць да мяне ў госці. Падумаем, што зрабіць", - з гумарам сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Паводле слоў Прэзідэнта, мёд на Палессі асаблівы. "Я вельмі добра ведаю ваш мёд - сапраўдны, натуральны. Мёд не з палёў, якія мы высяваем (хоць ёсць і такі), але з гэтых лугоў і неабсяжнай поймы Прыпяці. Таму ён асаблівы, шчыра вам гавару. Я вам удзячны за гэты падарунак", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт пасля ўдзелу ва ўрачыстай цырымоніі адкрыцця фестывалю наведаў падворкі, дзе азнаёміўся з рамеснымі традыцыямі Палесся і работамі народных майстроў.

Аляксандр Лукашэнка пабываў у доме паляўнічага і рыбака, дзе прадстаўлены традыцыйныя паляўнічыя і рыбалоўныя прылады, чучалы дзікіх жывёл. "Калі б палешукі жылі ў такой хаце, то ім і ехаць нікуды не трэба было б. Ідэальны дом", - заўважыў ён.

Побач з домам размясціліся рамеснікі Брэсцкай і Гомельскай абласцей. Кіраўніку дзяржавы прадэманстравалі працэс вырабу чаўна. Гэта традыцыя ў Жыткавіцкім раёне мае статус афіцыйнай гісторыка-культурнай каштоўнасці і аб'екта нематэрыяльнай спадчыны Беларусі з 2022 года. Цэнтр захавання рамяства - вёска Перароў, дзе майстры вырабляюць традыцыйныя лодкі з суцэльнага дубу.

"Малайцы, што вы захоўваеце гэтыя традыцыі. Гэта вельмі важна, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Для палешукоў вельмі шмат зроблена. Галоўнае, каб цяпер бераглі краіну. Вы цяпер тут апора, без вас мы нічога не зробім".

Прэзідэнт адзначыў, што ў свой час менавіта палешукі сталі ініцыятарамі "Клічу Палесся", звярнуўшыся з адпаведнай просьбай. Прапанова была падтрымана, і ў Беларусі з'явіўся яшчэ адзін яркі фестываль. "Ну як можна было загубіць народную ініцыятыву? Думаю, няхай будзе (яшчэ адзін фестываль. - Заўвага). І сёння не шкадую - яшчэ адна кропка, дзе збіраюцца людзі", - сказаў беларускі лідар.

Дом нацыянальнай кухні стаў яшчэ адным пунктам у маршруце Прэзідэнта па падворках фестывалю. Тут гасцей знаёмяць з багатай кулінарнай спадчынай Палесся. У доме нацыянальнай кухні можна даведацца пра традыцыйныя палескія стравы і напіткі, спосабы іх прыгатавання і значэнне ў народнай культуры. Аляксандр Лукашэнка паспытаў і ацаніў мясцовыя пачастункі.

У доме рамёстваў ён азнаёміўся з сакрэтамі бондараў, якія здаўна вырабляюць драўляныя бочкі, кадкі і іншыя рэчы, неабходныя ў штодзённым жыцці палешукоў. Былі таксама прадстаўлены вырабы кавальскага і традыцыйных рамёстваў: саломапляцення, ткацтва габеленаў і пляцення лапцей.

Аляксандр Лукашэнка ў час наведвання аграгарадка Ляскавічы нагадаў аб размове, якая адбылася напярэдадні і датычылася касьбы траў у поймах рэк. Гэта дазволіць не толькі атрымаць дадатковы корм для жывёлы, але і ўключыць у абарот землі, якія не выкарыстоўваюцца. Асабліва гэта пытанне актуальнае для Палесся, дзе працякае Прыпяць.

"Гэта запас зямель на будучыню, абводнены. Калі тут абвадніць палі, ураджай будзе выдатны", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.

У сувязі з гэтым ён звярнуў увагу на пытанне арашэння палёў. З улікам вялікай колькасці водных рэсурсаў у Беларусі гэта магло б вырашыць праблемы няхваткі вільгаці для сельгасугоддзяў у засушлівыя перыяды. "У нас шмат рэк, азёр, балот, а мы пакутуем, што дажджы не ідуць. Радавацца трэба. І трэба думаць аб тым, каб арашаць палі", - падкрэсліў Прэзідэнт.

Прэзідэнт звярнуў увагу на праблему зарастання поймы ракі Прыпяць дзікай расліннасцю. "Амаль 10 кіламетраў абводненых зямель (зарастаюць. - Заўвага). Недазвольнае марнатраўства для нас, калі ў свеце мільёны людзей галадаюць. Я цудоўна разумею, як зямны чалавек, што гэта пойма - наша будучыня. І не толькі беларусаў, можа, усёй Еўропы. Клімат становіцца ўсё больш сухім і гарачым, а ў нас такое багацце", - падкрэсліў ён.

Таму Аляксандр Лукашэнка яшчэ напярэдадні, у час рабочай паездкі ў Жыткавіцкі раён, даручыў заняцца гэтым пытаннем, праводзіць у пойме Прыпяці неабходныя работы і распрацоўваць для гэтага сродкі малой механізацыі. Бо існуючая тэхніка, магутныя энерганасычаныя трактары для такіх відаў работ не падыходзяць.

Кіраўнік дзяржавы даручыў прадугледзець у праграме развіцця Палесся сродкі з бюджэту на стварэнне такой тэхнікі.

"Пойму трэба касіць. Нават калі не зможам сабраць сена. Інакш будуць "джунглі", у якія ніколі нават нашы дзеці не забяруцца", - заўважыў беларускі лідар.

На завяршэнне Кіраўніку дзяржавы ўручылі каравай ад усіх раёнаў Палесся. Яшчэ адзін каравай Прэзідэнту падарыў старшыня Гомельскага аблвыканкама - з нагоды мільённага намалоту ў паўднёвым рэгіёне. "Гэту прыгажосць - у Палац Незалежнасці", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.