У Беларусі ўдасканальваецца заканадаўства па функцыянаванні рынку каштоўных папер
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 14 чэрвеня падпісаў Указ № 234, якім удасканальваецца заканадаўства па функцыянаванні рынку каштоўных папер.
У прыватнасці, карэкціруецца Указ ад 28 красавіка 2006 года № 277 "Аб некаторых пытаннях рэгулявання рынку каштоўных папер".
Дакументам з улікам правапрымяняльнай практыкі ў галіне размяшчэння і абарачэння аблігацый удакладнены механізмы разліку аб'ёму эмісіі незабяспечаных аблігацый, прадастаўлення паручыцельства і дадатковага забеспячэння.
Яго палажэнні таксама прыведзены ў адпаведнасць з тэрміналогіяй і падыходамі, якія выкарыстоўваюцца ў законах: "Аб урэгуляванні неплацежаздольнасці" (у частцы вызначэння крытэрыяў ацэнкі рызыкі банкруцтва, а таксама пераліку дакументаў і звестак для ацэнкі плацежаздольнасці эмітэнтаў аблігацый і іх паручыцеляў); "Аб змене кодэксаў" (у частцы выключэння з аб'ектаў яго рэгулявання банкаўскай ашчаднай кніжкі на прад'яўніка). Банкаўская ашчадная кніжка з улікам унесеных у Грамадзянскі кодэкс змяненняў перастала адносіцца да каштоўных папер.