Сустрэча з педагагічным актывам Беларусі
- 12
- 13:42
Сістэма адукацыі з'яўляецца найважнейшай стратэгічнай галіной, а не сферай паслуг. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 29 чэрвеня на сустрэчы з педагагічным актывам краіны.
"Вы не проста навучаеце кваліфікаваных спецыялістаў. Перш за ўсё, вы выхоўваеце грамадзян нашай краіны, фарміруеце інтэлектуальную эліту грамадства", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, магчыма, не часта, але такія сустрэчы Прэзідэнта з педагагічным актывам праходзяць даволі рэгулярна. "Ёсць аб'ектыўная неабходнасць пагаварыць не толькі пра дасягненні і перспектывы развіцця сферы адукацыі, але і абмеркаваць пытанні на злобу дня", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што апошнім часам, асабліва ў інтэрнэце, з'явілася шмат так званых думкафарміруючых асоб. "Хто хайпуе, хто посціць у інтэрнэце. А вас я лічу сапраўды думкафарміруючымі людзьмі. Хто, калі не выкладчык ВНУ, палітолаг, дэпутат, хто, калі не вы, сёння фарміруеце думку нашага народа", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Нам трэба ісці наперад і думаць аб развіцці нашай краіны", - падкрэсліў беларускі лідар. У выступленні ён падрабязна спыніўся на развіцці сферы адукацыі за гады незалежнасці краіны. У свой час было прынята рашэнне ўдасканальваць, а не ламаць тую сістэму адукацыі, якая была.
"Нам, маладой Беларусі, з усіх бакоў пачалі падкідваць розныя ідэі радыкальнага рэфармавання сістэмы адукацыі. Тыя, хто старэйшыя, памятаюць, як было. Упэўнены, калі б пайшлі на гэта, сёння пляліся б у ліку адстаючых, страцілі б і школу, і традыцыі, і людзей. Калі разабрацца, мы ж своечасова выявілі ўсе падводныя цячэнні, схаваныя пад маскай шчырай дапамогі. Пытанне ў адным: каму тут, у Еўропе, патрэбна існаванне патэнцыяльнага канкурэнта, самастойнага, інтэлектуальнага і развітога?" - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён нагадаў, як у свой час ва ўладзе ў краіне арудавалі "нацыянальныя свядомыя", якія нібыта змагаліся за суверэнітэт і незалежнасць, і яны перш за ўсё ўмяшаліся ў сістэму адукацыі. "І вы памятаеце, што тады адбывалася. Стаўшы Прэзідэнтам, мне, ратуючы краіну, давялося займацца і сістэмай адукацыі, - расказаў Аляксандр Лукашэнка. - Тады я ўлавіў тую ніць, якую трэба было падтрымаць. Я заявіў аб тым, што нам не трэба нічога ламаць і выдумляць, нам трэба ўдасканальваць тую сістэму адукацыі, якая ў нас ёсць, была і будзе. І нам з найвялікшай працай удалося ў большай ступені вярнуцца да той сістэмы, якая была, удасканаліўшы яе, і, вядома, не адмовіцца ад новых парасткаў".
"Мы не толькі захавалі, але і прымножылі лепшыя традыцыі нашай вышэйшай школы", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
"Безумоўна, усе дасягненні грамадскай адукацыі - гэта і ваша заслуга. Мы памятаем гэта, цэнім і імкнёмся ўсяляк падтрымліваць вас, у тым ліку матэрыяльна. Пачата паэтапнае павышэнне зарплаты прафесарска-выкладчыцкага складу. На працягу будучай пяцігодкі мы абавязкова давядзём заработную плату ў вас да 150% ад сярэдняй па краіне", - заявіў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка даручыў да наступнай уступнай кампаніі распрацаваць новыя правілы паступлення ў ВНУ.
"Наконт даступнасці нашай адукацыі зламана нямала коп'яў. Здзіўляе, што некаторыя асобы ад палітыкі, якіх у свой час дзяржава вывучыла бясплатна, выступаюць толькі за платную форму навучання. Гэта значыць, што дзеці з рабочых сем'яў, няхай нават таленавітыя і разумныя, проста не змогуць сабе дазволіць такую раскошу, як вышэйшую адукацыю, - сказаў беларускі лідар. - Шлях, які выбралі многія краіны, падзяліўшы грамадства на эліту і рабочы клас, на тых, каму даступна і недаступна прывілея навучацца ва ўніверсітэтах, нам не падыходзіць".
"Вы ведаеце маю пазіцыю. У нас кожны, няхай нават з самай глыбінкі, можа стаць студэнтам, калі мае веды і жаданне вучыцца. Гэтаму прынцыпу павінна адпавядаць сістэма ўступных экзаменаў. Пры адборы ў ВНУ прыёмнай камісіі неабходна бачыць чалавека, а не толькі (і не столькі, можа) рэзультат тэсціравання. Міністру адукацыі дадзена даручэнне прапрацаваць гэта пытанне", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: як выкладчык, добра ведае, што такое размаўляць сам-насам, бачыць чалавека. "Павінен сказаць, што сістэмай тэсціравання ў лепшыя ВНУ краіны мы адсякаем працавітую здольную моладзь, бацькі якой, будзем адкрыта гаварыць, не ўваходзяць у эліту нашай краіны. Няма ў іх бацькоў-бізнесменаў, вялікіх грошай... Сама сістэма не дае магчымасці паступіць у ВНУ хлопцам і дзяўчатам, скажам, з сельскіх школ, дзе выкладанне яшчэ крыху ніжэйшае, чым у вялікіх гарадах, у Мінску. Дзе няма такога рэпетытарства, што можна дадаткова атрымаць веды", - лічыць Прэзідэнт.
"Не трэба думаць, што ўсе выкладчыкі карупцыянеры і іншае... Усё ж такі, гэта патрыёты, як мы спачатку сказалі. Дык калі гэта патрыёты, яны павінны, яны ўмеюць разгледзець у абітурыенце будучага сапраўднага грамадзяніна. За тэсціраваннем, пры ўсіх яго станоўчых якасцях, мы гэтага не бачым. Таму, узяўшы лепшае з мінулай сістэмы паступлення ў ВНУ, тэсціраванне, якое мы ўжо прайшлі (гузы набілі), узяўшы ўсё лепшае, пастаўлена задача перад Міністэрствам адукацыі да наступнай уступнай кампаніі стварыць новыя правілы паступлення ў ВНУ", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён дадаў: вядома ж, магчымыя новаўвядзенні будуць шырока абмяркоўвацца. "Пастаўлена такая задача - у рамках работы над Кодэксам аб адукацыі правесці і гэту работу. Яе трэба зрабіць у самы кароткі тэрмін", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт паабяцаў, што ў будучай пяцігодцы будзе дасягнута 100%-ная забяспечанасць студэнтаў інтэрнатамі. "На сённяшні дзень мы забяспечваем 89,5% маючых патрэбу студэнтаў месцамі ў інтэрнаце. А ў асобных абласцях набліжаемся да 100%", - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - У гэтым напрамку мы будзем рухацца. У будучай пяцігодцы з інтэрнатамі студэнтаў мы разбяромся. Кожны студэнт будзе мець сваё месца ў інтэрнаце".
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гонар краіны - студэнцкая вёска ў Мінску, якая з'яўляецца сучасным комплексам амаль на 10 тыс. месцаў. "Інтэрнаты ў ім па ўмовах пражывання цяпер на ўзроўні атэля. Няхай 3-зоркавага, але атэля", - заўважыў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў таксама важнасць якаснай работы з моладдзю ў навучальных установах. "Не будзем займацца сваімі дзецьмі мы - імі зоймуцца чужыя настаўнікі гэтага жыцця. І тады ў гісторыі незалежнай Беларусі, якую павінны прадоўжыць нашы дзеці, можам паставіць кропку", - сказаў он.
Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што, на жаль, у параўнанні з савецкім перыядам адбыўся адкат назад у рабоце з моладдзю. "Кожны ўніверсітэт, інстытут, факультэт павінен мець набор такіх механізмаў работы. І альтэрнатыва віртуальнаму жыццю павінна быць цікавай", - упэўнены Прэзідэнт.
"Вы ведаеце, што адбываецца з моладдзю, якая застаецца сам-насам з інфармацыйнай прасторай. Я адкрыта кажу: там ёю ўжо займаюцца іншыя выхавальнікі, замежныя ідэолагі, а часам і злачынцы. І тое, што сёння адбываецца з некаторымі нашымі дзецьмі, гэта пытанне не толькі да бацькоў, але і да ўсіх нас, усёй сістэмы нашай адукацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён таксама адзначыў важнасць вучыць студэнтаў думаць, рабіць самастойныя вывады, выходзіць за рамкі праграмы, займацца самаадукацыяй. "Але не страчваючы сувязі з дзяржаўнай ідэалогіяй. І не трэба баяцца гэтага слова. Пакажыце мне хоць адну моцную і самадастатковую краіну ў свеце, якая не надае гэтай тэме вялікае значэнне", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў Беларусі прадоўжаць рэалізацыю ў ВНУ мадэлі "Універсітэт 3.0".
"Мы рэалізуем мадэль "Універсітэт 3.0". Яна ўяўляе сабой сімбіёз адукацыі, навукі і прадпрымальніцтва, паспяхова развіваецца на базе васьмі ВНУ. І абавязкова прадоўжым укараняць гэту мадэль далей", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў той факт, што на гэты час у ВНУ праводзяцца фундаментальныя і прыкладныя даследаванні, а гэта сведчыць аб дастойным узроўні айчыннай вышэйшай адукацыі і падрыхтоўкі навуковых кадраў вышэйшай кваліфікацыі.
Па паказчыках у сферы адукацыі, згодна са справаздачай ПРААН, Беларусь уваходзіць у трыццатку найбольш развітых краін свету. "Сярэдняя еўрапейская, па сусветных мерках зусім невялікая дзяржава, мы павялічылі экспарт адукацыйных паслуг, навучаем на 20 тыс. больш замежных грамадзян, чым у першыя гады нашай незалежнасці. І тое, што да нас паехалі вучыцца іншаземцы, сведчыць шмат аб чым. Гэта канкрэтны і важкі аргумент на карысць якаснай адукацыі", - падкрэсліў беларускі лідар.
У краіне развіваецца практыка-арыентаваная падрыхтоўка спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй, у ВНУ лабараторыі і адукацыйныя цэнтры працуюць сумесна з вядучымі сусветнымі кампаніямі.
"Нашы паказчыкі размеркавання і працаўладкавання выпускнікоў знаходзяцца на ўзроўні амаль 100%. А ў канцы 1990-х - пачатку 2000-х праблема накіравання на работу існавала", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт на сустрэчы з педагагічным актывам краіны заклікаў падумаць над тым, якой павінна быць адукацыя будучага.
Паводле слоў Кіраўніка дзяржавы, у краіне ў развіцці адукацыі шмат дабіліся і ўсё гэта стала магчымым дзякуючы таму, што паступова і ўдумліва ўдасканальвалася сістэма адукацыі. "Для нас было важна не звесці адукацыю да сферы паслуг, не нацэліць толькі на атрыманне прыбытку. Я лічу адным з нашых значных дасягненняў тое, што мы захавалі магчымасць для ўсіх абітурыентаў атрымліваць вышэйшую адукацыю па конкурсе бясплатна", - сказаў Прэзідэнт.
Ён заявіў, што тым не менш ёсць да чаго імкнуцца. "Сёння нам трэба знайсці адказ на пытанне, якой мы бачым адукацыю будучага. Аб гэтым многія гавораць, прапануюць новыя мадэлі. Часта ўсё зводзяць банальна да інфармацыйных тэхналогій. Я прыхільнік простай ідэі: не зможа ні цяпер, ні ў бліжэйшым будучым ніводны айцішнік, нават самы перадавы, накарміць, абуць і адзець людзей, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Так, сучасныя тэхналогіі могуць вывесці на новы ўзровень развіцця і сельскую гаспадарку, і вытворчасць у прамысловасці. Таму я заўсёды гавару, што навучанне ІТ-спецыяльнасцям само па сабе прагрэсіўнае, але яно павінна быць на стыку рэальных галін. Нам патрэбны шыракапрофільныя спецыялісты, дзе ІТ - гэта натуральная кампетэнцыя".
Прэзідэнт адзначыў, што стык ІТ-адукацыі і іншай - біялагічнай, хімічнай, эканамічнай і нават юрыдычнай - дасць сучаснага чалавека. "Але трэба падумаць над іншымі галіновымі модулямі, паглядзець на будучае. Дапусцім, хімія плюс фізіка, біялогія плюс механіка або фізіка. Абмяркуйце, што яшчэ трэба, і прапануйце", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што моладзь таксама хоча выбіраць асобныя модулі і элементы вучэбных праграм. "Трэба задаволіць іх запыт. Трэба пачуць іх і развівацца разам з жыццём, абапірацца на яго патрэбнасці", - дадаў ён.
Прэзідэнт адзначыў, што цяпер, у перыяд пандэміі, вакол тэмы дыстанцыйнай адукацыі шмат мітусні. "Для нас відавочным стала адставанне тых устаноў, дзе выкарыстанне гэтай формы навучання мела фармальны характар. Адны рабілі выгляд, што вучаць, а другія - што вучацца. Думаю, усе зрабілі высновы аб сваёй гатоўнасці або негатоўнасці ісці ў нагу з часам", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Дыстанцыйнае навучанне не заменіць жывую лекцыю або стасункі ў студэнцкай групе, заняткі, на якіх адбываецца абмен не толькі ведамі, але і энергіяй, дзе моладзь асвойвае важнейшыя ў жыцці навыкі - камунікабельнасць, здольнасць да публічных выступленняў, аргументаванага выкладання свайго пункту гледжання", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка лічыць, што дыстанцыйная адукацыя павінна стаць адным з дапаможных элементаў. Але педагог, настаўнік, выкладчык, жывыя стасункі з імі былі і застануцца галоўнымі. "І няхай тыя, якія мараць усю сістэму школьнай і вышэйшай адукацыі перавесці ў электронны фармат, растлумачаць, як можна дыстанцыйна навучыць будучага хірурга, асабліва на пачатковай стадыі, праводзіць аперацыі", - адзначыў ён.