Сустрэча з Міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу
- 5
- 2:18
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка правёў 16 верасня сустрэчу з Міністрам абароны Расіі Сяргеем Шайгу.
"Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, што нам трэба прадоўжыць вучэнні на тэрыторыі Беларусі "Славянскае братэрства", якія праходзяць пад Брэстам. Мы вітаем гэтыя вучэнні, і добра, што яны праходзяць, прытым, як мне дакладваюць, паспяхова. Трэба падумаць пра другі этап вучэнняў і іншыя вучэнні, выпрацаваць план, не аглядваючыся па баках, хто нам і што скажа, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Мы не збіраемся нікога напружваць, нахабна нешта рабіць, але свае інтарэсы мы павінны захоўваць".
Расійская ваенная дэлегацыя на чале з міністрам абароны Сяргеем Шайгу прыляцела ў Беларусь з рабочым візітам. У час сустрэчы ў Мінску пройдзе абмеркаванне пытанняў двухбаковага ваеннага супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. "Я таксама прасіў Прэзідэнта Расіі аб некаторых тыпах узбраенняў. Сказаў яму, што, калі вы прыедзеце, мы паглядзім, што нам і дзе трэба рэальна ўмацаваць у плане Саюзнай дзяржавы. Баяцца няма чаго, мы гатовы на гэта ісці. Апошнія падзеі паказваюць, што трэба смялей абараняць інтарэсы і беларусаў, і расіян. Так здарылася, што мы ў гэтым плане засталіся адны, але не самыя слабыя", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Калі нехта думае, што Беларусь аслабла, што не выстаім, што Расія адыдзе ўбок, гэта для дурняў разважанні. Мы здольны ўтрымаць сітуацыю не толькі ў Беларусі, але і па перыметры нашых граніц. Вы можаце не сумнявацца ў нашай надзейнасці ў плане абароны нашай агульнай Айчыны - ад Брэста да Уладзівастока, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Апошнія падзеі нас яшчэ больш схіляюць да таго, каб мы трымаліся разам і ні ў якім выпадку не ўдалося забіць клін паміж намі ўсім тым, хто на гэта разлічваў і разлічвае".
Кіраўнік абароннага ведамства ў сваю чаргу расказаў, што на гэты год у беларускіх і расійскіх ваенных было намечана каля 130 сумесных мерапрыемстваў: вучэнні, сустрэчы, сумесныя пасяджэнні як у фармаце двухбаковага супрацоўніцтва, так і на міжнародных пляцоўках. Цяпер, напрыклад, праходзіць вучэнне "Славянскае братэрства". "На жаль, праграму выканалі толькі на 30%. Нам трэба да канца года выйсці хаця б на 70%. А для гэтага трэба ўшчыльняцца і праводзіць другі этап вучэння, якія ідуць цяпер. У кастрычніку ў нас будуць наступныя вучэнні", - дадаў Сяргей Шайгу.