Сустрэча з Генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем
- 7
- 4:13
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка лічыць Арганізацыю Дагавора аб калектыўнай бяспецы важнай структурай, якую неабходна развіваць. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 15 кастрычніка на сустрэчы з Генеральным сакратаром АДКБ Станіславам Засем.
"Падзеі ў нас у жніўні і рэакцыя, перш за ўсё, Расіі на гэтыя падзеі сведчаць аб тым, што гэта арганізацыя вельмі важная і нам яе трэба развіваць. У размове з Пуціным я якраз сказаў аб гэтым: цяпер мы, напэўна, зразумелі, што такое АДКБ і для чаго нам гэта арганізацыя патрэбна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што галоўная прычына цяперашніх унутрыпалітычных падзей у Беларусі - уплыў звонку. "Няпросты перыяд свет перажывае у цэлым. Гэта ўсё да выбараў прагназавалася. Многія кажуць, што Прэзідэнт атрымліваў інфармацыю, аналізаваў, ведаў аб гэтым. Не, не было ніякай інфармацыі, што будзе пасля гэтых выбараў у нас, у свеце наогул. Але прагноз мой стаў на 100% дакладным - і па пандэміі, і па сітуацыі, якая сёння складваецца. Нескладана было ўсё гэта спрагназаваць. На жаль, нашы заходнія, як прынята гаварыць, партнёры, вельмі ўжо актывізаваўшыся, перабралі меру адносна Беларусі", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле яго слоў, у Беларусі "асабліва не напружваюцца ў гэтым плане, хоць прыемнага тут мала". "Ціхая, спакойная краіна, а ў Мінску мы ніяк не можам галаву ўзяць у рукі і падумаць, як жыць далей. Але, я думаю, мы з гэтым абавязкова справімся. У гэтым няма ніякіх сумненняў, - заявіў Прэзідэнт. - Унутраная сітуацыя не проста ўскладнена, а яе галоўная прычына - знешняя. Не было б знешняга націску і ўплыву, ніколі гэтага ў Беларусі не было б. Хоць мы перажывалі ўжо ўсякае. Але тады ўплыў звонку быў мінімальны, а цяпер яны закусілі цуглі добра. Але справімся. Беларусы - людзі разумныя, разбяруцца ў гэтым плане".
Прэзідэнт нагадаў: некалькі гадоў таму ў Беларусі была прынята новая ваенная дактрына, у ёй улічаны такія з'явы, як гібрыдная вайна і каляровая рэвалюцыя. "Прыкладна так магло быць у Беларусі, таму мы былі вымушаны рэагаваць, у тым ліку дэманстраваць сілу. Мы паглядзелі ўвесь наш заходні рэгіён, прыстраляліся, кажучы па-ваеннаму, напэўна, гэта ўсё ж такі абразуміла там, за межамі краіны, што мы маем добры кулак і можам вельмі сур'ёзна адказаць. Таму АДКБ быць, мы будзем вельмі актыўна ўдзельнічаць у гэтым. І нават калі гэта камусьці будзе не з рукі, мы ўсё роўна будзем працаваць", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Таму мы вельмі хацелі б, каб у час беларускага кіраўніцтва ў АДКБ Генеральны сакратар займаў тую пазіцыю, аб якой мы дамаўляліся, і падштурхоўваў членаў АДКБ да больш эфектыўнай работы. Тут будзе абсалютная падтрымка з нашага боку", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Адхіліўшыся ад пытанняў функцыянавання арганізацыі, Прэзідэнт пацікавіўся ў Станіслава Зася пра асабістае. "Прыжыўся, не прыжыўся? Пажадана, каб не вельмі прыжыўся, але каб камфортна было працаваць", - сказаў ён.
"Прыжыўся нармальна, але заставацца не збіраюся", - адказаў Станіслаў Зась.
"Якое заставацца? Гэта выключана!" - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
"Тэрмін мне адмераны, я адпрацую добрасумленна, як магу, і вярнуся, - запэўніў беларускі генерал. - Па сітуацыі - вельмі істотны націск у гэтым годзе аказвае пандэмія. Перажылі першы этап, цяпер другая хваля - па ўсіх нашых краінах адзначаецца рост. Пазаўчора ў Расіі быў антырэкорд: за суткі памерлі 244 чалавекі. Таму сітуацыя няпростая, хоць такія (як раней. - Заўвага) абмежавальныя меры цяпер не прымаюцца".