Сустрэча з Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі архібіскупам Клаўдзіа Гуджэроці
- 6
- 3:01
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка сустрэўся 17 снежня з Апостальскім нунцыем у Вялікабрытаніі архібіскупам Клаўдзіа Гуджэроці.
Клаўдзіа Гуджэроці займаў пасаду Апостальскага нунцыя ў Беларусі ў 2011-2015 гадах. На гэты раз ён прыехаў у Мінск як спецпасланнік Папы Рымскага Францыска. "Мы з вялікім задавальненнем гатовы Вас прыняць як чалавека, які пакінуў добры след пасля сваёй службы. Вы ўсё ж такі правялі не адзін год тут", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, сустрэўшыся з архібіскупам.
"Я вельмі рады, што яго святасць Папа Францыск накіраваў Вас у Беларусь. Мне прыемна з Вамі сустрэцца, у мяне добрыя ўражанні засталіся ад сустрэч, перагавораў, размоў з Вамі, калі Вы служылі тут. І я заўсёды гаварыў, што цяперашні Папа Рымскі Францыск, з майго пункту гледжання, гэта народны чалавек", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт папрасіў Клаўдзіа Гуджэроці перадаць Папу Рымскаму Францыску самыя цёплыя віншаванні з Новым годам і пажаданні моцнага здароўя. "Калі захварэе, няхай не перажывае: мы гатовы прыняць яго на лячэнне, мы ўмеем лячыць. Але цяпер лепш не трэба хварэць. І Нараджэнне Хрыстова тут, Новы год, святы - хварэць нам няма калі. Але калі што - адразу да нас", - з гумарам адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Архібіскуп запэўніў, што абавязкова перадасць гэтыя словы Папу Рымскаму. Паводле яго слоў, кіраўнік Каталіцкай царквы хацеў сустракаць калядныя святы разам з вернікамі, але каранцінныя мерапрыемствы пакуль не дазваляюць гэта зрабіць.
Аляксандр Лукашэнка таксама падзякаваў спецпасланніку Папы Рымскага за прыезд, назваўшы яго візіт у Мінск добрым знакам. "Ёсць аб чым пагаварыць, у нас заўсёды было шмат тэм. Многія тэмы і застаюцца, іх адразу не вырашыш. Але нейкія рухі ёсць", - заявіў Прэзідэнт.
Клаўдзіа Гуджэроці таксама лічыць, што за час яго работы ў Беларусі ў бакоў атрымалася многае зрабіць для развіцця адносін. "На жаль, Вы рана паехалі ад нас. Пасля Вялікабрытаніі Вам трэба зноў у Беларусь вяртацца", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы. "Пасля Вялікабрытаніі можа быць пенсія. Там не відаць сонца - небяспечна для здароўя", - таксама пажартаваў архібіскуп.
Закранаючы тэматыку пандэміі, Кіраўнік дзяржавы заявіў, што ў Беларусі сітуацыя пачала стабілізавацца. "Нам ёсць чаму парадавацца на сённяшнюю раніцу: мы ўжо на працягу двух тыдняў не прырастаем, спыніліся на пэўнай адзнацы. А пнеўманіі, што галоўнае, у нас скарачаюцца па 20-30-40 чалавек за суткі. Таму я поўны аптымізму, што нам удасца гэта стрымаць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.