Сустрэча са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным
- 17
- 8:27
Беларусь і Расія значна рушылі наперад у вырашэнні набалелых пытанняў. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 3 верасня на сустрэчы са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным.
"Я вельмі ўдзячны вам за апошнія тыдні і, можа, нават месяц-паўтара, калі ў нас ідуць інтэнсіўныя перагаворы паміж урадамі. Мы дамовіліся з Уладзімірам Уладзіміравічам (Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным. - Заўвага) яшчэ да выбараў аб гэтым. І, як мне ўчора Раман Аляксандравіч (Прэм'ер-міністр Беларусі Раман Галоўчанка. - Заўвага) дакладваў, што вы значна рушылі наперад у вырашэнні тых пытанняў, набалелых для нас", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Я ўсё часцей кажу, у нас гэта проста відаць, адчуваецца ўсё ў сувязі з асобнымі тут выпадамі так званай нашай апазіцыі (не ведаю, як яе назваць, я яшчэ не зусім разумею, як назваць усё гэта). Але, тым не менш, гэта для нас урок", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што гэты ўрок павінен падштурхнуць дзве братэрскія краіны - Беларусь і Расію - зрабіць адпаведныя вывады. "І па многіх пытаннях, па якіх мы быццам бы не змаглі раней дамовіцца, каб мы дамовіліся. І вы з Прэм'ерам Беларусі правялі вялікую работу, каб зблізіць нашы пазіцыі і па многіх пытаннях, наогул дамовіцца", - канстатаваў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, у яго з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным ёсць дамоўленасць, што пасля праведзенай напярэдадні сустрэчы міністраў замежных спраў і прыезду ў Мінск Міхаіла Мішусціна ў Маскве пройдзе сустрэча ўжо на ўзроўні кіраўнікоў дзяржаў. "І канчаткова расставім усе кропкі над "i" па тых пытаннях, якія вельмі значныя і балючыя для дзвюх дзяржаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Ён таксама выказаў удзячнасць Міхаілу Мішусціну за тое, што Расія падключылася ў цяжкую хвіліну і дапамагла хаця б у эканоміцы сур'ёзна стабілізавацца. "Вельмі сур'ёзна. Асабліва ў розумах людзей адбыўся пераварот, што Расія як братэрская краіна, асноўны наш эканамічны партнёр і рынак збыту (амаль палавіну ўсяго мы прадаём у Расіі), ад нас не адвярнулася ў гэты цяжкі час", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Вы бачыце, што адбываецца ў нас. Мы бачым, што адбываецца вакол Расіі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Мы вымушаны былі адказваць, бачачы недружалюбныя крокі з боку блока НАТА каля нашых граніц. А для гэтага ўсе доказы ёсць, як бы яны ні апраўдваліся, - і перакідка амерыканскіх, іншых падраздзяленняў з глыбіні іх натаўскай тэрыторыі да граніц Беларусі, асабліва самалётаў F-16 (па-мойму, 16 або 18 самалётаў яны перакінулі)".
"Мы разгарнулі практычна палавіну нашай беларускай арміі. Фактычна ўзялі пад кантроль заходнія граніцы з Літвой і Польшчай. І, як я часта кажу, фактычна акружылі Гродна, каб процістаяць гэтым пагрозам. Напэўна, гэта дэманстрацыя дала свой вынік", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Я заўважыў, назіраючы за расійскімі падзеямі, у іх - Захаду - новая фішка з'явілася. Зноў "Навічок" (атрутнае рэчыва. - Заўвага), зноў атручэнне. Дык я вам павінен сказаць, што ўчора або пазаўчора, я дакладна не помню, да выступлення Меркель (яна заявіла, што яму - Навальнаму - хацелі закрыць рот) мы перахапілі размову. Мы так разумеем, Варшава размаўляе з Берлінам. Два абаненты на сувязі. Перахапіла наша радыёэлектронная ваенная разведка. Паколькі там (на заходніх рубяжах Беларусі. - Заўвага) разгорнуты часці, і мы, вядома, вядзём і ў радыёсферы проціборства з натаўцамі. І мы перахапілі цікавую размову, якая (я вам дам пачытаць яе, мы падрыхтуем і накіруем у ФСБ) выразна сведчыць аб тым, што гэта фальсіфікацыя. Ніякага атручэння Навальнага не было", - заявіў Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што група спецыялістаў падрыхтавала для канцлера Германіі Ангелы Меркель, для яе адміністрацыі факты, можа, і заяву, якую яна зрабіла. "Зрабілі яны гэта - цытата: "Каб адбіць ахвоту Пуціну сунуць нос у справы Беларусі". Я працытаваў гэту размову. Разумееце, наколькі па-езуіцку паводзяць сябе гэтыя людзі", - расказаў Прэзідэнт.
"Таму, я думаю, Бортнікаву з Нарышкіным (кіраўнікі расійскіх спецслужбаў. - Заўвага) трэба будзе сур'ёзна разабрацца ў гэтай сітуацыі. Мы і голас перададзім запісаны, і тэкст. Поўнасцю ўсе матэрыялы сёння-заўтра будуць у вашых спецслужбаў для таго, каб яны разабраліся, каму гэта трэба. Адна таксама цытата: "Тым больш, у бліжэйшы час у іх выбары, дзень галасавання ў рэгіёнах Расіі". Інакш кажучы, яны ведаюць, што ў Расіі выбары, і трэба перад гэтымі выбарамі нейкую падсунуць гадасць. Мы думаем, што яшчэ нешта прыдумаюць. Вось іх стыль. Вось іх твар", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Тут і пра Беларусь размова ёсць. Я вам пакіну яе, вы пачытаеце", - дадаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка зрабіў выснову, што спакойнага жыцця "яны нам не гарантуюць, спакойнага жыцця нам не будзе". "У гэтым я ўпэўнены. Але вы павінны разумець, што мы поўныя рашучасці адстаяць свой суверэнітэт і незалежнасць і не дазволім тут нас нахіляць. Мы бачым, адкуль ужо ногі растуць. І не проста ногі. Мы бачым, што яны па вушы ўжо загразлі ў гэтай хлусні і мане. Але праўда заўсёды перамагала. І, напэўна, Гасподзь усё ж такі на нашым баку", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.