Нарада па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці
- 12
- 25:31
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 10 верасня сабраў нараду па пытаннях ліцэнзавання асобных відаў дзейнасці. На разгляд быў вынесены падрыхтаваны Міністэрствам эканомікі праект Закона "Аб змяненні законаў па пытаннях ліцэнзавання".
"Лічу, што пытанне вельмі важнае і актуальнае для краіны ў цэлым", - адзначыў беларускі лідар.
Ён папрасіў парламентарыяў удзяліць сур'ёзную ўвагу гэтаму пытанню: "Трэба перш за ўсё дэпутатам узварухнуцца. Дасведчаныя людзі. Разам з зацікаўленымі людзьмі сесці і прапрацаваць гэты законапраект. І не проста "змяненні і дапаўненні", а ў цэлым паглядзець на гэты закон".
У ліку прапанаваных у законапраекце навацый - увядзенне ліцэнзавання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі, паслуг па мантажы і абслугоўванні дамафонаў, а таксама змяненне патрабаванняў да медработнікаў у прыватным сектары аховы здароўя.
Кіраўнік дзяржавы прапанаваў абмеркаваць найбольш вострыя навелы дакумента, каб вызначыць падыходы да яго далейшай дапрацоўкі ў парламенце.
Гаворачы пра сам тэрмін "ліцэнзаванне", Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта своеасаблівыя правілы гульні. "У аснове ляжыць дазвол. Ёсць ліцэнзія - іду працую. Могуць быць і абмежаванні, - сказаў ён. - Неабходна разумець, што калі мы гаворым пра абмежаванні, то яны з'яўляюцца вымушанымі і павінны быць накіраваны на карысць, а не на шкоду. Задача - абараніць жыццё і здароўе людзей, забяспечыць бяспеку дзяржавы. І тут не трэба баяцца (вось, ліцэнзаванне - гэта лішняе рэгуляванне і гэтак далей), калі гаворка ідзе пра сур'ёзныя рэчы".
Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, трэба ў законе вызначыцца па пытанні маштабаў ліцэнзавання, у тым ліку вывучыўшы практыку ў іншых дзяржавах. "Сур'ёзна трэба паставіцца да гэтага закона. Таму я і настойваю на яго перапрацоўцы поўнасцю, а не толькі дапаўненні і змяненні", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Ліцэнзаванне - ні ў якім разе не самамэта. Зарэгуляваць можна любы від дзейнасці. Але празмерныя бар'еры, недастаткова ўзважаныя рашэнні, нават недапрацаваныя фармулёўкі могуць вельмі неспрыяльна паўплываць як на людзей, так і на эканоміку, - заўважыў Прэзідэнт. - Парламент і Урад павінны дакладна бачыць наступствы рашэнняў. Важна не дапускаць новаўвядзенняў з мэтай дагадзіць ведамасным інтарэсам, якія могуць выклікаць справядлівы негатыўны водгук у грамадстве. Гэта таксама трэба ўлічваць. Але не гэта галоўнае. Калі трэба, значыць, трэба. Неабходна разумець, як гэта будзе працаваць на практыцы. І не толькі ў Мінску, але і ў аддаленай вёсачцы. Закон ёсць закон".
Падагульняючы, Прэзідэнт яшчэ раз абазначыў асноўны падыход: "Не трэба падмяняць вырашэнне праблем устанаўленнем адміністрацыйных бар'ераў, калі гэта не трэба. Таксама неабходна больш увагі ўдзяляць вынікам публічнага абмеркавання законапраектаў. Прадстаўляць трэба Прэзідэнту тыя ці іншыя праекты, якія ў поўным аб'ёме выносіліся на суд грамадскасці. Гэта таксама важна - мець пэўнае заключэнне, як людзі ўспрымаюць тыя ці іншыя праекты, перш чым яны стануць законамі. Заканадаўства павінна быць максімальна стабільным".
Аляксандр Лукашэнка ў дачыненні да прадстаўленага законапраекта звярнуў увагу на важны нарматворчы момант. Справа ў тым, што ў выпадку неабходнасці прыняцця якога-небудзь ведамаснага нарматыўна-прававога акта, які датычыцца аднаго з падліцэнзійных відаў дзейнасці, адпаведныя змяненні кожны раз трэба ўносіць і ў сам закон аб ліцэнзаванні. Прэзідэнт прапанаваў пры дапрацоўцы законапраекта на будучае падумаць над тым, як пазбегнуць дадатковых непатрэбных фармальнасцей: "Трэба больш шырокае тлумачэнне закона, каб пастаянна яго не ўносіць (на разгляд. - Заўвага.). Калі мы да гэтага гатовы, падумайце. Гэта пытанне для парламента і Вас (Міністра эканомікі. - Заўвага) як ініцыятара. Тэарэтычна важнае пытанне, якое перацякае ў практыку".
Аб магчымым увядзенні ліцэнзавання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе абазначыў падыходы па пытанні ўвядзення ліцэнзавання дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі.
"Мы паслядоўна на працягу шэрага гадоў данастройваем дзяржаўнае рэгуляванне адукацыйнай дзейнасці. Падкрэслю, данастройваем, а не закручваем гайкі, як часам спрабуюць гэта падаць нядобрасумленныя СМІ або псеўдаэксперты, якія ўцяклі за мяжу, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Ні ў якім разе не трэба залішне глядзець па баках. Трэба рабіць тое, што выгадна для нашай дзяржавы. Вядома, меркаванні мы будзем заўсёды ўлічваць".
"У пытанні ліцэнзавання адукацыі павінна быць пастаўлена кропка", - заявіў Прэзідэнт.
"Асноўнае патрабаванне ў гэтым пытанні - абараніць нашых дзяцей ад усялякіх прайдох, забяспечыць роўныя ўмовы работы як для дзяржаўных, так і для прыватных суб'ектаў", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што сфера адукацыі з'яўляецца дзяржаваўтваральнай. "Таму мы яе будзем рэгуляваць з улікам нацыянальных інтарэсаў. Як бы камусьці гэта ні падабалася", - адзначыў беларускі лідар.
Прэзідэнт папрасіў далажыць, як ліцэнзаванне адукацыі ўжо сябе паказала, ці ўдалося навесці парадак у галіне. Ён адзначыў, што крытэрыі для атрымання ліцэнзіі павінны быць дакладныя і зразумелыя для ўсіх, і пацікавіўся, якія меры плануецца прыняць, каб не ствараць непатрэбнага напружання і ў галіне, і ў грамадстве.
Аб прапанове ліцэнзаваць мантаж і абслугоўванне дамафонаў
Адно з прапанаваных новаўвядзенняў датычыцца неабходнасці атрымання ліцэнзіі для мантажу і абслугоўвання дамафонаў. Прэзідэнт выказаўся аб ім з некаторымі крытычнымі заўвагамі.
Кіраўнік дзяржавы звярнуў увагу, што ў беларускіх гарадах дамафоны ўстаноўлены практычна ў кожным пад'ездзе і, адпаведна, іх агульная колькасць па краіне значная.
Аляксандр Лукашэнка таксама засяродзіў увагу на пытанні абслугоўвання дамафонаў у сярэдніх і малых гарадах, а таксама па арганізацыях ЖКГ. "Ці змогуць там своечасова выканаць усе неабходныя патрабаванні і атрымаць ліцэнзіі? Ці не прывядзе ўсё гэта да перабояў у аказанні паслуг і іх падаражання для насельніцтва?" - удакладніў Прэзідэнт.
Аб ініцыятыве змяніць патрабаванні для медработнікаў у прыватных клініках
Праектам закона прапануецца, у прыватнасці, змяніць патрабаванні для работы ў прыватным сектары аховы здароўя. Напрыклад, павялічыць стаж працы з 3 да 7 гадоў у дзяржустанове, зрабіць абавязковай наяўнасць не менш як першай катэгорыі, у тым ліку для сярэдніх медработнікаў.
"У многіх выклікае сумненні мэтазгоднасць прапанаваных змяненняў у патрабаваннях для работы ў прыватным сектары аховы здароўя, - сказаў кіраўнік дзяржавы. - Атрымліваецца, што дзяржаўныя арганізацыі становяцца трамплінам для прыватнага бізнесу? Ці не?"
Прэзідэнт спытаў, ці ёсць аналітычныя даныя аб тым, колькі медработнікаў ідуць у камерцыйныя структуры і па якіх прычынах.
"Ці паўсюдна праходзіць такая міграцыя работнікаў аховы здароўя да прыватнікаў? Як прапанаваныя меры дадуць магчымасць узмацніць кадравыя рэзервы дзяржаўных устаноў аховы здароўя? - спытаў Аляксандр Лукашэнка. - З іншага боку. Калі пакінуць усё як ёсць, наколькі прыватная медыцына будзе ўключана ў вырашэнне сацыяльных задач дзяржавы? І наогул, як працуе дзяржаўна-прыватнае партнёрства ў гэтай сферы?"
"І ўвогуле нам трэба паглядзець на ахову здароўя дзяржаўную і прыватную. Мы заўсёды гаворым: "Вось, давайце роўныя ўмовы і іншае". А ці роўныя ўмовы? Напэўна, тут таксама сёе-тое ўпіраецца ў цэнаўтварэнне, у цану", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
Па выніках праведзенай дыскусіі Прэзідэнт даручыў дапрацаваць прапанаваныя падыходы да навацый у сферы ліцэнзавання, усебакова абмеркаваць іх з грамадскасцю і профільнымі спецыялістамі.


