Рабочая паездка ў Мядзельскі раён Мінскай вобласці
- 28
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 2 жніўня зрабіў рабочую паездку ў Мядзельскі раён Мінскай вобласці і наведаў сельскагаспадарчы філіял "Мінскаблаграсэрвіс".
Як далажылі Кіраўніку дзяржавы, цяпер у гаспадарцы 8,8 тыс. га сельгасугоддзяў. У бліжэйшай будучыні плануецца пашырыць плошчы да 10 тыс. га.
Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, чым характэрна менавіта гэта гаспадарка - гэта ўзор для стварэння новых гаспадарак, дзе з улікам сучасных падыходаў створаны неабходныя аб'екты, у тым ліку добры мехдвор для захоўвання і абслугоўвання энерганасычанай тэхнікі, пабудаваны зернесушыльны комплекс.
Кіраўнік дзяржавы якраз прыбыў на машынны двор гаспадаркі. "У чым наогул сэнс, каб разумелі асабліва тыя, хто нас убачыць і пачуе: сельская гаспадарка - гэта ў асноўным земляробства і жывёлагадоўля. Усё жывое, пачынаючы ад глебы. Жывёлы, расліны - гэта ўсё жывое. Раслінаводства дае кармы для жывёлагадоўлі. Тэхніка цяпер складаная, энерганасычаная, яе трэба недзе захоўваць, абслугоўваць і рамантаваць. Гэта для тэхнікі - машынны двор", - правёў невялікі лікбез беларускі лідар.
У гаспадарцы прывялі ў парадак стары мехдвор, адрамантавалі збудаванні, дзе трэба - пабудавалі новыя. "Я паглядзеў, што тут можна пакінуць. Частку будынкаў знёс. Чатыры будынкі рэканструяваў. Зрабіў так, як патрэбна нам пад нашы ўмовы. Разумеючы, колькі будзе тэхнікі, паставіў навес, зрабіў мыйку, мадэрнізаваў запраўку на тую колькасць тэхнікі, якая нам неабходна. Разлічана на 10 тыс. га, але тэхнікі пакуль (у разліку. - Заўвага) на 8,8 тыс. га", - расказаў гендырэктар ААТ "Мінскаблаграсэрвіс" Дзмітрый Шабар.
"Чаму лічыш на 8,8 тыс. га? А калі напружыцца - на ўсе 12 тыс. га. А калі параўнаць з энерганасычанасцю іншых гаспадарак, то, напэўна, на 12, а то і 15 можна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Дзмітрый Шабар расказаў, што ў гаспадарцы дастаткова складаныя палявыя работы, "ідуць фронтам": працуюць і з ворнымі землямі, і тымі, якія на працягу шэрага гадоў не выкарыстоўваліся.
Побач зернесушыльны комплекс і сховішча. Для ўмоў Беларусі такія комплексы асабліва важныя, каб дасушыць сабранае збожжа і закласці на захоўванне. "Збожжавыя ў нас, вядома, не так, як на Кубані або на поўдні Украіны. Яны не высушваюцца на полі. Таму іх трэба дапрацоўваць", - прадоўжыў тлумачыць Аляксандр Лукашэнка.
Дарэчы, кіраўнік прадпрыемства і тут выявіў гаспадарскі падыход. "Зернесушылку сам накідаў, як я яе бачу. Паездзіў па рэспубліцы, паглядзеў, якія комплексы ёсць у гаспадарках, крыху яе дапрацаваў. З "Амкадорам" паклалі на паперу, спраектавалі, пабудавалі", - расказаў Дзмітрый Шабар. Асаблівасць сушылкі ў тым, што ў ёй сумешчаны магчымасці як для папярэдняй апрацоўкі, так і для працяглага захоўвання. Кажучы проста, гэта дазваляе прывезенае з поля збожжа не захоўваць проста на зямлі, няхай гэта будзе нават асфальтавае ці бетоннае пакрыццё, а суткі захоўваць у спецыяльным месцы ў чаканні дапрацоўкі.
У выніку ўся гэта інфраструктура з'яўляецца асновай для мяса-малочнай вытворчасці і жывёлагадоўлі ў цэлым.
Аляксандр Лукашэнка звярнуў увагу, што прыкладна ў палове гаспадарак машынныя двары і зернесушылкі ўжо мадэрнізавалі, а ў частцы трэба яшчэ сур'ёзна працаваць. Пры гэтым гаспадарка ў Мядзельскім раёне была створана фактычна з нуля за кошт аб'яднання раней неэфектыўна выкарыстоўваемых сельгасугоддзяў. "Гэта ўзор стварэння новых гаспадарак: машынны двор, які павінен быць, зернесушылка, якая павінна быць, і малочнатаварная ферма. Гэта гаспадарка, Мядзельскі раён, там больш на поўнач, яны павінны быць арыентаваны, напэўна, усё ж такі на малочную жывёлагадоўлю і адкорм БРЖ. Калі вы яшчэ птушку і свініну будзеце яшчэ недзе вырабляць, гэта ўжо ваша справа", - сказаў беларускі лідар.
Прэзідэнт падкрэсліў важнасць уключэння ў абарот невыкарыстоўваемых кінутых зямель, давядзення да розуму існуючай інфраструктуры ад старых малых гаспадарак, на базе якіх неабходна ствараць новыя буйныя гаспадаркі. Гэта задача не толькі для Мядзельскага раёна і больш паўночных тэрыторый Віцебскай вобласці, але і для краіны ў цэлым.
Такіх буйных гаспадарак на ўвесь Мядзельскі раён трэба ўсяго некалькі, і Кіраўнік дзяржавы арыентуе мясцовае кіраўніцтва на вопыт агракамбіната "Дзяржынскі" па комплексным развіцці вытворчасці, забеспячэнні ўласных патрэбнасцей у кармах. "На пачатковым этапе 6-7 гаспадарак - для Мядзеля больш не трэба. А потым, магчыма, ты паглынеш увесь Мядзельскі раён", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў свой час у рамках мадэрнізацыі вёскі больш увагі ўдзялялі развіццю аграгарадкоў, сацыяльнай сферы: "Мы разумелі, што трэба людзям умовы стварыць. Мы кінуліся ў аграгарадкі, устанавілі стандарты, пачалі адраджаць вёску. І крыху захапіліся сацыяльнай базай. Атрымаўся перакос. Таму цяпер робім упор на матэрыяльную базу для таго, каб людзі маглі працаваць. Работа - гэта зарплата. Тады можна і аграгарадок у парадак прыводзіць, і людзі будуць жыць у гэтым аграгарадку. Момант цяпер пад'ёму матэрыяльнай базы. Вось у чым задума і мэта майго прыезду".
"Па такім узоры трэба ствараць гаспадаркі. Трэба вельмі актыўна, укладваючы сродкі, ісці наперад, - падкрэсліў беларускі лідар. - Дрэнных зямель няма. Яны такія, якія ёсць. Трэба прыстасаваць да іх культуры".
Аляксандр Лукашэнка ўпэўнены, што трэба, хоць гэта і не танна, на базе старых і неэфектыўных гаспадарак, уключаючы невыкарыстоўваемыя землі, ствараць такія новыя сельгаспрадпрыемствы: "Трэба ісці ў гэтым напрамку і наводзіць парадак там, дзе яго няма. Гэта будучыня не толькі Мядзельскага раёна, але і краіны".
Ён яшчэ раз акцэнтаваў важнасць Мінскай вобласці для развіцця краіны ў цэлым, у тым ліку ў АПК, і таму сельгасвытворчасць у рэгіёне важна давесці да высокага ўзроўню: "Калі мы выцягнем на патрэбны ўзровень Мінскую вобласць, дзяржава будзе ў шакаладзе. Палова краіны - Мінская вобласць".
Прэзідэнт нагадаў, што на мінулым тыдні ў Слуцкім раёне ён наведваў малочнатаварны комплекс, і гэта яшчэ адзін узор: "Ідэальна. Я ўжо рэкамендую, каб з усёй краіны туды паехалі людзі глядзець. Канструкцыі вырабіць не праблема, недарагія. Сам комплекс недарагі, гасспосабам пабудаваны. Ёсць узор стварэння малочнатаварнага комплексу".
"Вось развіццё сельскай гаспадаркі. Гэта наш шлях", - дадаў Кіраўнік дзяржавы. Ён акцэнтаваў увагу, што, зразумела, нельга забываць і аб сацыяльнай сферы.
Наведваючы Мядзельскі раён, Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў максімальную ўвагу ўдзяліць вырошчванню лёну.
"Да тэмы вырошчвання лёну мы яшчэ вернемся і трэба максімальна ў гэтым напрамку працаваць", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт згадаў аб праведзенай напярэдадні сустрэчы з паслом Беларусі ў Кітаі, які расказаў аб тым, што кітайцы гатовы ў нас купляць у вялікай колькасці льняную паклю. Таму ільняному напрамку трэба ўдзяліць пільную ўвагу, упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
"Восенню паглядзім ураджай на Аршанскім ільнокамбінаце", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Абмяркоўваючы са спецыялістамі пытанні экспарту беларускай сельгаспрадукцыі, Прэзідэнт адзначыў: "Толькі не агаліце ўнутраны рынак".
Як запэўніў Міністр сельскай гаспадаркі і харчавання Іван Брыло, "праблем з унутраным рынкам не будзе". Ён праінфармаваў Прэзідэнта, што ўборачная кампанія ідзе нармальнымі тэмпамі. Так, на раніцу 2 жніўня намалочана 1 млн 774 тыс. т збожжа, што складае амаль 22%.
Аляксандр Лукашэнка дэталёва цікавіўся ходам і якасцю ўборкі, у тым ліку ўборкай азімага рапсу і грэчкі.
Размова зайшла аб умовах надвор'я, якія, на думку Прэзідэнта, спрыяльныя для ўборкі. "Надвор'я не чакайце, надвор'е ідэальнае. Поўдзень ужо да паловы падабраўся. Манеўраваць! Забыць мінулыя сухія гады! Надвор'е - падарунак, трэба проста разумна падыходзіць да ўборкі, тактыку выпрацаваць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы, звяртаючыся да Ігара Брыло.
У час рабочай паездкі ў Мядзельскі раён Аляксандр Лукашэнка сустрэўся з журналістамі. У размове Прэзідэнт растлумачыў, чаму краіна не плануе экспартаваць частку ўраджаю збожжа.
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што важна за кошт збожжа атрымаць прадукт з высокай дабаўленай вартасцю. Напрыклад, сучасныя кармы, чым займаецца БНБК. Або, што таксама больш прыбыткова, выкарыстоўваць на патрэбы жывёлагадоўлі, атрымаць малочную і мясную прадукцыю.
"Галоўнае - дабаўленая ўсюды вартасць", - сказаў Прэзідэнт.
Акрамя таго, гэта стварэнне новых рабочых месцаў у перапрацоўцы, зарплаты людзей і сацыяльная сфера.
"Некаторыя дзяржавы прадаюць шмат пшаніцы, жыта, зерня кукурузы, а потым купляюць малако, мяса, - звярнуў увагу Прэзідэнт. - Мы ж атрымліваем збожжа і нешта ў нас ідзе на спажыванне, піваварны ячмень, хлебапячэнне, кандытарку, а таксама на кармы жывёлам".
Аляксандр Лукашэнка лічыць важным павялічваць пагалоўе жывёл для атрымання вялікай колькасці мяса і малака. "Гэта вельмі важны напрамак нашай работы. Пакуль я не бачу, каб мы маглі прадаваць збожжа", - сказаў беларускі лідар.
Ён закрануў тэму грэчкі: "Хоць Міністр гаварыў, што мы грэчку пасеялі, нам трэба 25-27 тыс. т насельніцтву, а ў нас будзе 30-32 тыс., - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта значыць, 3-5 тыс. мы недзе можам прадаць, але гэта дробязь, гэта невялікія грошы і я не арыентую аграрыяў нашых на гэта. Мы павінны накарміць сваіх людзей, забяспечыць суседзяў, з Літвы, Латвіі, Польшчы прыязджаюць, хочуць купіць, няхай купляюць".
"Для нас галоўнае, каб убачылі - побач з імі жывуць нармальныя людзі, што гэта яны гатовы ў цяжкую хвіліну дапамагчы. Гэта немалаважна", - заўважыў Кіраўнік дзяржавы.
Ён падкрэсліў: "Мы не плануем прадаваць збожжа, заўтра яно павінна "вырабляць" малако, мяса. У нас галоўнае і важнае - вытворчая база.
Прэзідэнт упэўнены, што трэба ствараць новыя прадпрыемствы, базу для іх. "І асвойваць тыя землі, якія мы маглі ўчора асвоіць, іх нямала, закінутых, а гэтых кінутых зямель быць не павінна. Увогуле, меліярацыю падключым, але гэта асобная размова", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Размова зайшла аб нядаўняй паездцы Прэзідэнта ў Слуцкі раён, дзе быў паказаны ўзорны малочнатаварны комплекс, па ўзоры якога і трэба ўзводзіць такія аб'екты ў краіне. "Яны ("Мінскаблаграсэрвіс". - Заўвага) такі малочнатаварны комплекс пабудуюць для гэтай гаспадаркі. Трэба глядзець у будучыню, каб людзі з задавальненнем працавалі. Маці ў мяне працавала на ферме і магу параўноўваць - гэта будучыня. Не космас, звычайнае будучае прадпрыемства".
Журналісты пацікавіліся, якія мінусы назваў бы Аляксандр Лукашэнка. "Мінус адзін - нам бы больш грошай. Было б больш грошай, у сельскай гаспадарцы грошы кінуў у першую чаргу на меліярацыю. Трэба аднаўляць тое, што эксплуатуем ужо дзясяткамі гадоў, каналы, дрэнаж", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы. Ён таксама сказаў, што грошы накіраваў бы і на адсталыя гаспадаркі, развіццё фермерства.
Аляксандр Лукашэнка ў гутарцы з журналістамі пракаменціраваў пытанне абвастрэння абстаноўкі ў Сербіі і выказаўся наконт магчымасці падтрымкі гэтай краіны.
"Трэба падзяляць кіраўніцтва і звычайны народ. Станьце на маё месца, як бы вы гэта ўсё разумелі. Вядома, сербскаму народу трэба дапамагаць і давядзецца дапамагаць. Мы такія людзі. Але мы ўлічваем палітыку Сербіі адносна Беларусі. Ну калі яны хочуць там, як кажуць, на трох крэслах уседзець, у іх не атрымаецца. Тут мы, Расія, Еўрасаюз, Амерыка і іншыя... І ўсюды хочуць, каб было добра. Але ім не дадуць сядзець на гэтых усіх крэслах, і перш за ўсё еўрасаюзаўцы, куды яны так імкнуцца. Ёсць праблема. Гэта, што называецца, пытанне пад дых", - сказаў Прэзідэнт.
Адказваючы на пытанне, што Беларусь можа зрабіць для Сербіі, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што яшчэ раней думаў над гэтым пытаннем: "Не ведаю, што для іх можна зрабіць. Я перш за ўсё паглядзеў бы, як яны паводзілі сябе ў час перыяду, калі супраць нас уводзілі санкцыі. Не хачу варушыць недалёкае мінулае, але паглядзіце..."
Прэзідэнт нагадаў, як ён у свой час зрабіў візіт у Сербію ў 1999 годзе фактычна пад бамбёжкамі НАТА. "Калі ты туды, рызыкуючы жыццём... Гэта сапраўды было небяспечна. Дагэтуль перад вачыма выпадак, калі натаўцы (яны ж там бамбілі ўсё) пусцілі нас на вышыню, як я на верталёце лятаю - 500 метраў. Яны думалі, што я вярнуся. Не, як загадаў пілотам: будзем ляцець на 500 метрах. Вядома, збіць самалёт яны маглі, але не рызыкнулі. Гэта было б ужо надзвычайна. Я ўсё роўна пад бамбёжкамі прыляцеў", - прыгадаў тыя падзеі Кіраўнік беларускай дзяржавы.
Ён звярнуў увагу, што праз некалькі гадоў пасля гэтага кіраўніцтва Сербіі далучалася да нейкіх санкцый. "Вось я цяпер у роздуме. Але, з іншага боку, гэта наш народ. Сербы добрыя, талковыя людзі. Ну не пашанцавала ім, напэўна, у нечым, як і некаторым іншым", - сказаў Прэзідэнт.
У час размовы з прадстаўнікамі СМІ Аляксандр Лукашэнка адказаў незадаволеным ва Украіне пазіцыяй Беларусі.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што некаторыя ва ўкраінскіх рэсурсах агучваюць прэтэнзіі ў адрас беларускага боку: "Вось, мы на Лукашэнку маліліся... А вось як ён мог зрабіць?! Мяне ж там як агрэсара выстаўляюць ва Украіне".
"А я так рэзка рэагую: а як вы маглі аб'явіць нам эканамічную вайну пры нашай пазіцыі тады, да вайны? Мы ж праводзілі дружалюбную, міралюбівую пазіцыю. Мы ж украінцаў падтрымлівалі, дзе толькі маглі, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Яны супраць нас эканамічныя санкцыі ўвялі, закрылі неба і іншае. І пачалі нас дзяўбці па ўказцы амерыканцаў. А цяпер закрычалі: "Вось, мы на Лукашэнку маліліся, а як ён мог зрабіць?!"
"Дык вы паглядзіце, як вы зрабілі да гэтай ваеннай расійскай аперацыі. Дык у мяне яшчэ хапае цярпення, яшчэ нечага...", - заўважыў беларускі лідар.
Прэзідэнт таксама звярнуў увагу, што кожныя суткі, асабліва ў выхадныя, да 500 чалавек з Украіны прыязджаюць у Беларусь. "Мы іх не забіваем і не закопваем, як палякі некалі забівалі і закопвалі на граніцы людзей. Мы іх кормім, мы іх лечым і многім даём грамадзянства, працу. Але некаторыя вяртаюцца назад. Праз суткі прыходзяць зноў нешта купіць, папрасіць. Мы іх кормім. Гэта нашы людзі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
Кіраўнік дзяржавы таксама выказаўся на тэму харчовай здзелкі па вывазе ўкраінскага збожжа.
"З гэтай сітуацыі, у якую самі ўлезлі, што абвінавачвалі нас, ім трэба выйсці. Ну вось у Стамбуле сустрэліся, ужо дамовіліся, збожжа павезлі. Цяпер "галодную Афрыку накормяць". Слухайце, 20 суднаў, якія яны вязуць, гэта нават Турцыі не хопіць, каб забяспечыць. Вунь Іран ужо дамаўляецца з Расіяй, каб з новага ўраджаю збожжа пастаўлялі. Таму гэта проста гульні. У СМІ пачалі крычаць: "Голад! Прычына голаду тут (у Расіі і Беларусі. - Заўвага)". Калі мы ім сказалі: "Давайце", даводзіцца даваць. Вы хутка ўбачыце, гэта тэма адыдзе, яна ўжо адыходзіць. А тое, што застанецца, вы ўбачыце, чаго гэта варта. Гэта балбатня, не больш", - заявіў беларускі лідар.
Ён назваў харчовую здзелку выйсцем з той сітуацыі, у якую амерыканцы і іх сатэліты ўлезлі. Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што яшчэ нядаўна на тэме вывазу ўкраінскага збожжа спрабавалі раздуць тэму голаду ў Еўропе і Афрыцы. Пры гэтым нават у лепшыя часы Украіна забяспечвала толькі 1,5 працэнта экспарту збожжа. "Гэта нішто, арыфметычная хібнасць. І яны пачалі абвінавачваць і нас, і Расію, што мы агрэсары, не даём вывезці вялікую колькасць украінскага збожжа, таму голад", - сказаў беларускі лідар.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ён з расійскім калегам Уладзімірам Пуціным адразу разабраліся ў сітуацыі і адрэагавалі, прадаставіўшы магчымыя маршруты для транспарціроўкі: "Калі ласка, вывозьце. Хочаце? Самае таннае - праз Беларусь, вязіце. Ды не, жаба душыць. Як гэта? Прыйшлі зноў да дыктатара прасіць, каб збожжа дапамог вывезці? Хоць па чайнай лыжцы, напэўна, вывозяць, чыгунцы нейкая аплата была, як мне Прэм'ер-міністр далажыў".
У сваю чаргу Расія таксама прапанавала варыянты вывазу праз Чорнае мора, нагадаў Прэзідэнт.
У ходзе размовы з Кіраўніком дзяржавы журналісты пацікавіліся, чаму менавіта цяпер такая напружаная сітуацыя складваецца ў свеце.
Аляксандр Лукашэнка адзначыў: "Не, гэта не цяпер. Памятаеце, калі пачаўся кавід, многія мяне не разумелі, нехта мяне ненавідзеў, калі гаварыў пра каронапсіхоз. А потым я спрабаваў растлумачыць, чаму адбываецца, навошта гэта ўсё, і сказаў, што гэта пачаўся перадзел свету".
"Спрабуюць перадзяліць свет. Кожны моцны, як ён сябе лічыць, спрабуе адкусіць у суседа, яшчэ недзе, каб забяспечыць будучыню і свой уплыў, наколькі ён гэта псіхалагічна разумее. Глядзіце - па ўсім свеце. І, вядома, у авангардзе - ЗША. Ім ужо і кусаць, напэўна, не трэба. У іх іншая праблема - захаваць гэта панаванне. І каб захаваць, яны такім чынам дзейнічаюць", - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы.
У ліку прычын рэзка зменлівай сітуацыі ў свеце Аляксандр Лукашэнка назваў кавід: "Потым пандэмія - яна абвастрыла ўсе гэтыя язвы. Памятаеце, "верталётныя" грошы раскідваў Еўрасаюз, амерыканцы штампавалі. Я казаў, што гэта вам бокам вылезе".
"Цяпер інфляцыя ў свеце шалёная, а інфляцыя - гэта вельмі цяжкі час для эканомікі. І мы гэтаму ўсяму спрабуем супраціўляцца, пакуль цярпіма", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама выказаў меркаванне, што ў ліку прычын абвастрэння сітуацыі ў свеце - нерацыянальнае кіраванне дзяржавамі, што спараджае многія эканамічныя праблемы для людзей.
"Хто б мог падумаць, што квітнеючая Германія будзе рэкамендаваць сваім людзям, а недзе і забараняць кожны дзень душ прымаць. Немцам рэкамендуюць два разы на тыдзень душ прымаць. Так усюды...дэфіцыт тавараў і іншае. Гэта сітуацыя заўсёды спараджае канфлікты і войны. Яны за кошт гэтага хочуць паказаць, што яны эфектыўныя, і адвесці народ ад гэтых праблем. А, ва Украіне вайна - цярпіце. Ну, да часу людзі будуць цярпець, а далей спытаюць", - прадоўжыў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт звярнуў увагу, што сапраўды склаўся комплекс прычын усё большага напружання ў свеце. "І галоўнае гэта тое, што пачаўся перадзел свету пад гэту пандэмію, - адзначыў ён. - Цяпер нам спрабуюць навязаць воспу малпаў, але народ не адрэагаваў - вярнулі кавід. Дык мы ж даўно гаварылі аб тым, што кавід стане сезоннай хваробай".
"Трэба проста лячыць людзей. І нам трэба самім за сабой глядзець", - адзначыў Прэзідэнт, звярнуўшы ўвагу на неабходнасць весці здаровы лад жыцця.
"Вось гэта шаленства, якое пачалося нават да кавіду і абвастрылася ў кавід, яно прадаўжаецца, - рэзюмаваў Кіраўнік дзяржавы. - І з гэтай сітуацыі нядбайныя кіраўнікі спрабуюць выйсці і вывесці свае дзяржавы праз канфлікты і войны".
Аляксандр Лукашэнка таксама адказаў на пытанне аб магчымасці ўвядзення спрошчанага рэжыму для прыняцця ў беларускае грамадзянства жыхароў Літвы, Латвіі і Польшчы.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што ў Беларусі прадастаўляюць грамадзянства перасяленцам з Украіны і гэта пытанне вырашаецца аператыўна. "Хутчэй ужо не бывае. Таму што ў нас Прэзідэнт можа прыняць у грамадзянства. А мне на стол дакументы - затрымкі не будзе. Гэтак жа будзе і літоўцам, латышам і палякам", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Спецыялістаў, якія хочуць у нас жыць і працаваць, мы з задавальненнем прымем у Беларусі. Дэпутаты мелі на ўвазе (першапачаткова гэта было дэпутацкай ініцыятывай. - Заўвага), каб валакіты не было, каб гэта было хутка. А механізм у нас... Напэўна, у свеце такога няма. Мы да гэтага гатовы. Будзем усё рабіць, каб прыняць у нашу сям'ю беларускую самых прыстойных і добрых нашых суседзяў. І не толькі суседзяў. Хто хоча ў нас працаваць, жыць па-беларуску, калі ласка, дзверы адкрыты", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы павінны накарміць сваіх людзей, забяспечыць рынак. Суседзі вунь з Літвы, Латвіі, Польшчы прыязджаюць, хочуць нешта купіць. Няхай купляюць. Гэта перапрацоўку ўжо прайшло (сельгаспрадукцыя. - Заўвага), і гандаль яшчэ нешта на гэтым заробіць. Гэта выгадна, з аднаго боку. Ну і людзям дапаможам. Людзі будуць удзячныя. Ваяваць супраць нас не будуць, калі ўжо на тое пайшло", - адзначыў беларускі лідар.
Ён звярнуў увагу, што некаторыя "свядомыя" журналісты і іншыя разважаюць, што Прэзідэнт Беларусі ўвёў бязвіз зыходзячы з эканамічных меркаванняў, каб зарабіць грошы. "А які дурань не хоча зарабіць грошы? У тым ліку і дзяржава хоча, і я гэтага хачу. Але не гэта галоўнае. Галоўнае - каб людзі ўбачылі, што побач з імі жывуць нармальныя людзі. Падобныя на палякаў жывуць людзі, што яны не агрэсіўна настроены. Што яны гатовы ў цяжкую хвіліну дапамагчы. Глядзіш, і не будуць ваяўніча супраць нас настроены. Гэта немалаважна", - растлумачыў сваю пазіцыю Кіраўнік дзяржавы.
У час сустрэчы з журналістамі Прэзідэнт паабяцаў абараніць дзяцей і іх сем'і з рыжскай дзіцячай Акадэміі радыё і тэлебачання.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што дзеці з гэтай акадэміі нечакана звярнуліся да яго з просьбай адказаць на пытанні: "Кампанія стаіць цэлая, дзеткі... Думаю, добра. Давайце толькі хутка спытайце, што вы хацелі. Ну добра, на хаду я адказаў на гэтыя пытанні".
"Людзей, дзяцей пачалі, як мне дакладваюць, прыціскаць, цкаваць. Цкаванне! Вось вам дэмакратыя. Мы зробім усё для гэтых дзяцей і для гэтых сем'яў. Усё, што ім трэба, мы зробім. Яны ж у нас не просяць ні грошай, ні кватэр, ні жылля", - заявіў Прэзідэнт.
Адзінае, яны звярнуліся з просьбай у паскоранай форме атрымаць беларускае грамадзянства. "У нас жа няма праблем. Вядома, мы абаронім гэтыя сем'і і гэтых дзяцей. Няхай прыязджаюць. Добрыя дзеткі. У нас месца хапае. Будуць працаваць - будучыя журналісты. Навучым, тэхніку купім. Няхай пацярпелыя, нібыта, з-за нас людзі думаюць пра нас добра", - сказаў Прэзідэнт.