Рабочая паездка ў Віцебскую вобласць
- 20
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 4 снежня зрабіў рабочую паездку ў Віцебскую вобласць.
Прыляцеўшы ў Віцебск, Кіраўнік дзяржавы накіраваўся ў Віцебскі абласны клінічны радзільны дом. Тут яму далажылі аб дзейнасці гэтай установы аховы здароўя і яе рабоце ва ўмовах COVID-19.
Паводле слоў галоўнага ўрача раддома Алены Леановіч, ва ўстанове амаль 150 ложкаў. Тут наглядаюцца цяжарныя жанчыны з каранавірусам з усёй вобласці. У параўнанні з першай хваляй, захворванне ў будучых мам праходзіць больш складана, пнеўманія можа развіцца ў любы з перыядаў цяжарнасці. "У нас двайная задача - аказанне дапамогі маці і выратаванне малыша", - падкрэсліла Алена Леановіч.
Цяпер у раддоме знаходзяцца 45 жанчын з каранавіруснай інфекцыяй (усяго ў краіне 600 цяжарных з COVID-19), 25 з іх ужо нарадзілі. Усе дзеці здаровыя. Малышоў у мам, якія захварэлі, забіраюць адразу ж пасля нараджэння. Як толькі яна паправілася, ёй прыносяць дзіця. "Усе нашы мамы гэта разумеюць і нармальна да гэтага ставяцца", - адзначыла галоўны ўрач.
"Малайчына, што не паслухала гэтых прадстаўнікоў СААЗ: трэба ж было дайсці да таго, каб рэкамендаваць не забіраць дзіця ў маці ў той час, калі яна інфіцыравана", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
У час наведвання раддома Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з метадамі лячэння пацыентаў з інфекцыяй COVID-19. Прэзідэнт наведаў палаты інтэнсіўнай тэрапіі і рэанімацыі для дзяцей, а таксама пасляродавыя палаты і палаты дародавага знаходжання. У раддоме Аляксандр Лукашэнка пагутарыў і з парадзіхамі. "Я не дарэмна казаў, што ў нас паніку стварылі яшчэ пры першай хвалі, і ўсе лічаць, што каранавірус страшнейшы за анкалогію. А яшчэ адусюль крычаць: "Ай-яй-яй!" - адзначыў ён. - Нічога падобнага. Я вам жадаю добрага настрою, усё астатняе - за імі (урачамі. - Заўвага) і за мной. Выздараўлівайце, і дзякуй вам за дзетак!"
У Віцебску Аляксандр Лукашэнка таксама прыняў удзел у пасяджэнні абласнога штаба па пытаннях процідзеяння каранавіруснай інфекцыі ў вобласці. Кіраўнік дзяржавы заявіў, што прыляцеў у Віцебск, каб пераканацца ў рэальным стане спраў на месцах з лячэннем людзей. "Лячэннем наогул і на злобу дня - каранавірус", - растлумачыў ён.
"Сітуацыя ў свеце вельмі напружаная, калі не сказаць больш. Няпростая сітуацыя і ў Беларусі. Ёсць такая фраза, якую мы ўсе гаворым: сітуацыя няпростая, але пад кантролем", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка заўважыў, што менавіта з Віцебскай вобласці ў пачатку гэтага года ў Беларусі пачалася хваля захваральнасці на каранавірусную інфекцыю. "Тут назапашаны велізарны вопыт у лячэнні людзей", - канстатаваў Кіраўнік дзяржавы. Напрыклад, у Віцебскім абласным раддоме яшчэ ў першую хвалю прынялі рашэнне раздзяляць маці, заражаных COVID-19, з іх здаровымі нованароджанымі малышамі да таго часу, пакуль жанчыны не паправяцца. Гэта мера прынята, каб пазбегнуць магчымага заражэння дзяцей. Хоць СААЗ у гэтым пытанні рэкамендуе не разлучаць маці і дзяцей насуперак патэнцыяльнай рызыцы заражэння.
"Мы назапасілі ўласны вопыт барацьбы з гэтым злом, - канстатаваў Прэзідэнт. - Мы навучыліся лячыць людзей".
Наступны аспект, на які звярнуў увагу беларускі лідар, - забяспечанасць абсталяваннем. Адносна сітуацыі з каранавірусам на асаблівым кантролі знаходзіцца колькасць апаратаў для штучнай вентыляцыі лёгкіх. У Беларусі задзейнічана каля 500 апаратаў ШВЛ з 2,5 тыс. існуючых у наяўнасці. "Апаратаў ШВЛ дастаткова. І мы зробім усё, каб нашы ўрачы не адчувалі ў гэтым дэфіцыту", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка заявіў, што зыходзячы з вопыту, атрыманага ў час першай хвалі захваральнасці, сваю эфектыўнасць даказалі рэгіянальныя штабы па пытаннях процідзеяння каранавіруснай інфекцыі. Таму цяпер было прынята рашэнне аднавіць іх работу. Яны павінны канцэнтравацца на арганізацыі лячэння людзей, паставак сродкаў аховы, лякарстваў. "Калі ў нас ёсць магчымасць мабілізаваць усе сілы і рэсурсы на вырашэнне той ці іншай праблемы, тады ёсць і вынік. А хто можа гэта арганізаваць у Віцебскай вобласці? Вядома, губернатар са сваімі падначаленымі. Ён сёння адказвае за гэтыя праблемы, лячэнне людзей больш, чым за якія-небудзь іншыя, таму што на кон пастаўлена жыццё нашых людзей", - сказаў Прэзідэнт.
Паводле яго даных, абстаноўка ў Віцебскай вобласці апасенняў не выклікае. "Ніякай крытычнай сітуацыі ў вобласці няма і быць не павінна, - падкрэсліў беларускі лідар. - Чаго не хапае ў Віцебскай вобласці: урачоў, сродкаў індывідуальнай аховы і іншых сродкаў аховы, лякарстваў? Гаварыце адкрыта. У гэтай зале мы прымем любое рашэнне, нават немагчымае. І з прычыны нашага жадання працаваць мы рэалізуем любое наша рашэнне".
У якасці пазітыўнай тэндэнцыі апошняга часу Прэзідэнт назваў пераважанне колькасці выпісаных са стацыянараў пацыентаў з COVID-19 над колькасцю шпіталізаваных. "Чаму мяне гэта абнадзейлівае? Гэта сведчыць аб тым, што ў нас не будзе празмернага запаўнення бальніц, ложкі вызваляюцца. А да гэтага яны ўсе прымалі людзей, і прымалі больш, чым выпісвалі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Разам з тым, як адзначыў Прэзідэнт, часам гучыць крытыка, што пацыентаў выпісваюць з бальніц дачасна. "Глупства несусветнае! Ні адзін урач не выкіне чалавека на амбулаторнае або санаторна-курортнае лячэнне, калі бачыць, што пацыент не набыў устойлівую дынаміку выздараўлення", - пракаменціраваў Аляксандр Лукашэнка. Больш таго, у некаторых стацыянарах перастрахоўваюцца і дадаткова пакідаюць пацыентаў на некалькі дзён, каб пераканацца, што ўсё добра.
Акрамя таго, Кіраўнік дзяржавы прывёў актуальныя статыстычныя даныя па захваральнасці на каранавірусныя пнеўманіі. Пацыентаў з такім дыягназам на сённяшні дзень 21,5 тыс. чалавек. На апаратах штучнай вентыляцыі лёгкіх знаходзяцца 519 хворых, пры агульнай колькасці апаратаў ШВЛ 2,5 тыс. Пры гэтым Прэзідэнт адзначыў, што не трэба кіравацца парадамі асобных "прафесійных" супольнасцей і акцэнтаваць увагу на лічбах. Паколькі некаторыя паказчыкі залежаць ад колькасці праведзеных тэстаў - чым іх больш, тым больш будзе выяўлена і заражаных. Значна важней, паводле яго слоў, што дапамога хворым на каранавірусную інфекцыю ў Беларусі аказваецца ў поўным аб'ёме, і ёсць дастатковыя рэсурсы, каб прадаўжаць лячэнне.
Аляксандр Лукашэнка нагадаў, што пытанне лячэння і ратавання людзей - найважнейшае. "Самы галоўны паказчык - гэта смяротнасць. У Віцебскай вобласці, якая ў нас сёння не лепшая, за суткі памерлі двое, за мінулыя - нуль. Патрабаванне будзе перш за ўсё - захаванасць жыцця, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Я хачу, каб усе пачулі: галоўнае - захаваць жыццё чалавеку. Усё астатняе другараднае: хопіць сродкаў індывідуальнай аховы, не хопіць, будуць лякарствы, не будуць. Без лякарстваў выратавалі чалавека - дзякуй. З лякарствамі выратавалі - таксама вам дзякуй. Але загінуў чалавек - за кожнага адкажаце. Вось што самае галоўнае - захаваць жыццё чалавека".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што вельмі паглыблены ў пытанні барацьбы з каранавірусам. І сёння ў яго няма прэтэнзій ні да Міністра аховы здароўя, ні да губернатараў, ні да членаў штаба.
"Дзякуй богу, у нас тысячамі за суткі не гінуць людзі, нават сотнямі не гінуць. І не будуць гінуць, таму што мы ўсе - ад старшыні сельскага савета, райвыканкама, аблвыканкама да Міністра, Прэм'ер-міністра і Прэзідэнта - займаемся і будзем займацца гэтай праблемай. Мы будзем ратаваць нашых людзей, наколькі гэта магчыма, - запэўніў Аляксандр Лукашэнка. - Таму не статыстыкай трэба супольнасці медыцынскай займацца, а лячэннем людзей. Што ў пераважнай большасці нашы людзі і робяць".
"Давайце будзем ратаваць людзей - гэта мой зварот да ўрачоў. Лячыць людзей трэба. Пытанне лячэння і ратавання людзей - найважнейшае", - падагульніў Прэзідэнт.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы пракаменціраваў чуткі і фэйкі, распаўсюджаныя Telegram-каналамі перад яго прыбыццём у Віцебск. "Не паспеў я прыехаць да вас у Віцебскую вобласць, яны напісалі, што (мне нават няёмка чытаць) "дэсант чэкістаў высадзіўся загадзя". Наколькі я інфармаваны, усе чэкісты на рабочых месцах. Я раніцай гаварыў з Іванам Тэртэлем (Старшыня КДБ. - Заўвага) - усе на рабочых месцах", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падкрэсліў, што перад яго візітам у той ці іншы горад супрацоўнікі КДБ не прыцягваюцца да арганізацыі мерапрыемства. Пытаннямі бяспекі займаецца адпаведная структура - Служба бяспекі Прэзідэнта. Гэта агульнасусветная практыка.
"Далей пішуць: "Відаць, будзе расказваць, як усё ў краіне добра і "карону" мы пераможам. Цікава, што адкажуць яму медыцынскія сёстры і санітаркі, якія ў кароткіх перапынках у час дзяжурства спяць на падлозе?" Слухайце, дзе ў час дзяжурства медсястра або ўрач спіць наогул? Глупства несусветнае. Дзяжурства на тое і ёсць дзяжурства, каб не спаць", - звярнуў увагу Кіраўнік дзяржавы.
Каменціруючы фэйкі аб недахопе аднаразовых сродкаў індывідуальнай аховы, з-за чаго іх даводзіцца ўрачам дэзынфіцыраваць і насіць далей, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што ў краіне дастаткова СІА. Сам Прэзідэнт пры візітах ва ўстановы аховы здароўя кожны раз надзявае адзін і той жа медыцынскі касцюм. "Мне напярэдадні прыезду не шыюць халат, штаны, майку, шапачку. Іх у Мінску ў бальніцы дэзынфіцыруюць, і я зноў іх надзяваю, - расказаў ён. - Але я не ведаю, каб аднаразовыя сродкі індывідуальнай аховы нехта выкарыстоўваў шмат разоў. У нас гэтага дабра дастаткова".
У Telegram-каналах таксама запэўніваюць, што ў бальніцах няма выразнага падзелу на "чырвоную" і чыстую зоны. Гэта поўная хлусня, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. "Я ў чыстай зоне разам з вамі пераапранаўся (у час наведвання раддома ў Віцебску. - Заўвага), зайшоў у шлюз, і там напісана: "чырвоная зона". Я надзеў гэты "наморднік" на нос і пайшоў далей. Выйшаў з зоны, шлюз - "чыстая зона", - адзначыў Прэзідэнт.
Спіс такіх фэйкаў бясконцы, дадаў Кіраўнік дзяржавы. "Гэтыя нягоднікі так "паважаюць" урачоў. Я ўжо далей і не чытаю: што ім не плацяць, прымушаюць працаваць на мяжы чалавечых рэсурсаў. Крыніца інфармацыі - медыкі. Не трэба было, можа, гэта нават чытаць, але нягоднікі апошнія. Я гэтым агідным людзям хачу задаць толькі адно пытанне. Помніце, пасля выбараў Еўрасаюз выдзеліў 54 млн еўра пратэстунам, гэтым пісакам? А 52 млн - на лячэнне ад кавіду. Але гэтыя сродкі, як заявілі еўрасаюзаўцы, накіравалі грамадзянскай супольнасці для лячэння кавіду. Дзе гэтыя грошы? Вось няхай напішуць, дзе 52 млн еўра".
"Гэтыя грошы выдзяляюцца тым, хто бадзяецца па вуліцах. Ужо цяпер нават іх чытаеце і бачыце - не хапае. Гэтыя збеглыя (напэўна, паўтары сотні ўжо), пакуль грошы ідуць сюды, там іх перахопліваюць. І нашы пратэстуны, якія, як яны кажуць, пад дубінкі АМАПа ходзяць, унюхалі гэта: "Мы пад дубінкі ідзём, а яны нашы грошы забіраюць. Вось дзе іх грошы. Ім за гэта плацяць, каб абылгаць, зняславіць тых прыстойных людзей, якія сёння змагаюцца ў гэтых "чырвоных" зонах", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.