Рабочая паездка ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці
- 23
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў прадаўжэнне вялікай камандзіроўкі ў Гомельскую вобласць наведаў Петрыкаўскі раён.
У цэнтры ўвагі Кіраўніка дзяржавы - развіццё сацыяльнай інфраструктуры ў невялікіх раённых цэнтрах і стварэнне ўмоў для жыцця людзей. У гэтым сэнсе Петрыкаў, куды прыехаў Прэзідэнт, - прыклад эфектыўнага і станоўчага ўзаемадзеяння мясцовай улады з прамысловым гігантам. Дзякуючы такой шэфскай дапамозе горад і раён дынамічна развіваюцца, тут з'яўляюцца новыя сацыяльныя аб'екты, мадэрнізуюцца існуючыя.
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што Петрыкаў - зона адказнасці "Беларуськалія". Гэта звязана з тым, што ў раёне дзейнічае Петрыкаўскі горна-абагачальны комплекс ААТ "Беларуськалій", які быў уведзены ў эксплуатацыю пяць гадоў таму.
"Я даручаў, што зона адказнасці новай калійнай фабрыкі - Петрыкаў. Петрыкаў павінен быць не горшы за Салігорск, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Петрыкаў павінен быць другім Салігорскам. Гэта, лічы, твая вотчына. Трэба ў парадак прывесці. І каб людзі задаволеныя былі".
"Усё, што тут робіцца ў сацыяльнай сферы, - гэта лепшыя стандарты", - заўважыў генеральны дырэктар "Беларуськалія" Андрэй Рыбакоў.
Прэзідэнт пацікавіўся, якія адносіны складваюцца паміж мясцовымі органамі ўлады і кіраўніцтвам беларускага прамысловага гіганта. Як расказалі Кіраўніку дзяржавы, штогод старшыня райвыканкама і кіраўнік "Беларуськалія" сумесна зацвярджаюць праграму сацыяльных і гаспадарчых мэт, якая ў далейшым выносіцца на разгляд аблвыканкама.
"Гэта значыць, вы плануеце кожны год мерапрыемствы?" - удакладніў Прэзідэнт у старшыні райвыканкама Аляксандра Верамеева.
"Так, мы вызначаем мерапрыемствы, фінансавую падтрымку на закупку абсталявання. У 2025 годзе мы ўкамплектавалі нашу Петрыкаўскую ЦРБ з улікам дапамогі "Беларуськалія", - растлумачыў кіраўнік Петрыкаўскага раёна.
Петрыкаўскую цэнтральную раённую бальніцу Прэзідэнт наведаў асабіста, ён азнаёміўся з арганізацыяй работы акушэрска-гінекалагічнага корпуса, паразмаўляў з медперсаналам і пацыенткамі.
Кіраўнік дзяржавы ў першую чаргу спытаў пра структуру бальніцы і ў цэлым устаноў аховы здароўя раёна. Яму далажылі, што сюды ўваходзяць у тым ліку дзве ўчастковыя бальніцы, 22 ФАПы, 7 амбулаторый урача агульнай практыкі. Размова зайшла аб тым, наколькі аптымальна і апраўдана такая структура.
"Трэба разабрацца, каб мы не трацілі лішнія грошы, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Я не за тое, каб пазакрываць ФАПы, бальніцы ўчастковыя. Але трэба паглядзець там, дзе трэба".
"Я для сябе раблю выснову. Трэба даручыць Міністру аховы здароўя, каб ён яшчэ раз прайшоўся па краіне і паглядзеў, дзе нам што трэба, дзе не трэба, - сказаў Прэзідэнт. - Разам трэба паглядзець. Можа, недзе дабавіць трэба ФАПы і гэтак далей".
Напрыклад, што датычыцца ўчастковых бальніц у тых рэгіёнах, дзе змяншаецца колькасць насельніцтва, разумны падыход - гэта частковае выкарыстанне іх базы для арганізацыі пансіянатаў кругласутачнага знаходжання для людзей пажылога ўзросту.
Наконт ФАПаў Прэзідэнт адзначыў, што яны важныя для людзей, асабліва ў сельскай мясцовасці. І ён не выступае за нейкае канкрэтнае рашэнне. Але зыходзіць трэба з мэтазгоднасці.
Што датычыцца Петрыкаўскай ЦРБ, той корпус, які паказвалі Кіраўніку дзяржавы, быў пабудаваны ў 1993 годзе, а ў 2021-2022 гадах тут правялі капітальны рамонт з элементамі мадэрнізацыі. На базе корпуса функцыянуюць аддзяленне гінекалогіі, кабінеты акушэраў-гінеколагаў, кабінет кардыятакаграфіі, аддзяленне дзённага знаходжання, радзільная зала і іншыя неабходныя для жанчын памяшканні.
"Шыкоўныя ўмовы. Для жанчын не шкада, якія нараджаюць", - ацаніў корпус Кіраўнік дзяржавы. Гінекалагічным аддзяленнем бальніцы ўжо 11 гадоў загадвае Бахлаван Мухамад Фадзі. Мужчына атрымаў грамадзянства Беларусі і гадуе разам з жонкай траіх дзяцей. "Ні ў якім выпадку ў Сірыю не адпускаць. Разумеем, што ім там дапамога патрэбна, і мы гатовы. Але туды мы цябе ўжо не адпусцім", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт цёпла паразмаўляў з пацыенткамі, якія ў бліжэйшы час чакаюць нараджэння дзяцей. "Можна ў святое памяшканне зайсці? Як вы настроены нараджаць?" - уваходзячы ў адну з палат, з усмешкай пацікавіўся Аляксандр Лукашэнка ў пацыентак. Жанчыны адказалі, што настроены пазітыўна і знаходзяцца ў выдатным настроі.
Наступны пункт прэзідэнцкага маршруту - дашкольная ўстанова адукацыі "Яслі-сад № 2 упраўлення сацыяльнага развіцця і жыллёва-камунальнай гаспадаркі ААТ "Беларуськалій". Яна працуе ў Петрыкаве з 2021 года.
Разлічана ўстанова на 240 месцаў. Цяпер яе наведваюць амаль 160 выхаванцаў, у тым ліку 40 дзяцей ранняга ўзросту - 8 груп. Установа на 100% укамплектавана педагагічнымі кадрамі.
Для дзяцей тут ёсць музычная і спартыўная залы, медыцынскі, інфармацыйна-метадычны кабінеты, інтэрактыўны і "Лега" пакоі, пакой духоўнай спадчыны, басейн. Працуюць педагог-псіхолаг, настаўнік-дэфектолаг. Арганізаваны пункт карэкцыйна-педагагічнай дапамогі выхаванцам.
Аляксандр Лукашэнка азнаёміўся з арганізацыяй работы ўстановы для дзяцей, цёпла паразмаўляў з яе маленькімі выхаванцамі, а яны ў сваю чаргу выканалі невялікі творчы нумар. У падарунак ад кіраўніка дзяржавы ім перадалі вялікую карзіну з прысмакамі, цукеркамі "Прэзідэнт".
Зазірнуўшы ў гімнастычную залу, дзе ў гэты час у малышоў праходзілі фізкультурныя заняткі, Прэзідэнт заўважыў: "Чэмпіёны свету будучыя".
"Самыя спартсмены ў нас, на жаль або на радасць, у невялікіх гарадках, у раённых цэнтрах, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Вось тут нашы спартсмены".
Дарэчы, у час паездкі закраналіся і пытанні дарослага спорту. Прэзідэнт і старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко абмеркавалі вынікі хакейнага матча, які адбыўся напярэдадні - жлобінскі "Металург" перамог смаленскі "Славуціч" у фінале экстралігі і стаў пяціразовым чэмпіёнам Беларусі па хакеі. Кіраўніку дзяржавы перадалі сімвалічны падарунак - медаль каманды пераможцаў.
Вакол ясляў-сада размешчаны жылы раён адносна новай забудовы, і Прэзідэнт, звяртаючыся да гендырэктара "Беларуськалія", спытаў, як ідуць справы з забяспечанасцю жыллём. Андрэй Рыбакоў праінфармаваў, што ў веданні кампаніі ў Петрыкаве - 16 жылых дамоў, адзін інтэрнат, 840 кватэр. Гэта дазваляе забяспечваць пражыванне практычна для ўсіх работнікаў мясцовага ГАКа, у каго ёсць у гэтым неабходнасць. Здаецца жыллё як арэнднае. Цяпер колькасць працуючых на фабрыцы - 800 чалавек, але з улікам яе пашырэння і выхаду на вялікія аб'ёмы колькасць супрацоўнікаў плануецца нарасціць да 1,2 тыс.
"З жыллём праблем не будзе?" - удакладніў Прэзідэнт.
"Не будзе. Мы з запасам (разлічвалі. - Заўвага)", - адказаў гендырэктар "Беларуськалія".
"Гэта галоўнае. Зарплата там добрая. Будзе жыллё - гэта важна", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнту таксама далажылі аб планах Петрыкаўскага раёна перадаць частку гаспадарак "Беларуськалію", уключыўшы іх у холдынг "Беларуськалій-Агра". Размова ідзе аб тых сельскагаспадарчых прадпрыемствах, якія з'яўляюцца патэнцыяльна праблемнымі. У сувязі з гэтым беларускі лідар звярнуў увагу на важнасць шэфскай дапамогі - у гэтым выпадку сельскагаспадарчым прадпрыемствам раёна з боку "Беларуськалія". Пры гэтым кадравыя пытанні на тых ці іншых прадпрыемствах павінны заставацца ў веданні мясцовых органаў улады.
"Няхай укладваецца ("Беларуськалій". - Заўвага), але тэхналогіі, кадры - гэта твая зона адказнасці. Няхай прапануе кадры, але ты павінен гэта кантраляваць, - сказаў Аляксандр Лукашэнка кіраўніку Петрыкаўскага раёна. - У нас жорсткая вертыкаль: Прэзідэнт - старшыні аблвыканкамаў - старшыні райвыканкамаў. Прымаць рашэнні ты павінен, асабліва кадравыя. Гэта найважнейшае пытанне, і не мне табе нагадваць, што такое кадры".


