Рабочая паездка ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці
- 26
- 2
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 24 мая зрабіў рабочую паездку ў Петрыкаўскі раён Гомельскай вобласці.
Кіраўнік дзяржавы наведаў дрэваперапрацоўчы комплекс "Ляскавічы" Нацыянальнага парку "Прыпяцкі", дзе азнаёміўся з вытворчасцю і выкарыстаннем драўняных паліўных гранул (пелетаў).
"Вось гэта ўсё - горы адходаў (драўняных. - Заўвага) - павінна быць перапрацавана. І мы будзем ажыццяўляць жорсткі жым наконт укаранення гэтай катловай гаспадаркі. Гэта будзе ў прыярытэце. І потым, куды дзяваць гэтыя адходы? Трэба перапрацаваць у гранулы. І гэта наша перспектыва, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Гэта ж золата. Мы ходзім, топчам яго нагамі, гэтыя горы складзіруем. Трэба гэта ўсё перапрацаваць і пусціць у справу. Гэта перспектыва".
Кіраўнік дзяржавы нагадаў, што яшчэ некалькі гадоў таму паставіў задачу арганізаваць у Беларусі вытворчасць пелетаў. Першапачаткова прадугледжвалася, што гэта прадукцыя будзе пастаўляцца на рынак Еўрапейскага саюза.
"Што такое пелеты - гэта грануляваныя адходы лесапілавання. Усё, што прападае ў лесе, мы перамолваем, робім гранулы і аддаём апальшчыкам, а яны паляць печкі. Мы вырабілі катлы, якія нядрэнна працуюць на пелетах. А выкарыстоўваем газ і нафтапрадукты. Нам трэба сваё. Прытым гэта адходы. Гэтыя адходы трэба перапрацаваць і, дзе толькі можна, ацяпляць памяшканні", - падкрэсліў Прэзідэнт.
"Так, санкцыі па нам ударылі: Еўропа ўсё гэта скупляла па пэўных цэнах, цяпер яны, адурэўшы, стрэлілі сабе ў нагу і гэта не купляюць. Маюць велізарную цану па электраэнергіі, па газу і гэтак далей. Яны ачухаюцца. Яны прыйдуць да нас", - упэўнены Аляксандр Лукашэнка.
Ён падкрэсліў, што беларусаў трэба было адразу арыентаваць на выкарыстанне пелетаў. Праўда, пры даступнасці прыроднага газу і нафтапрадуктаў выкарыстанню біяпаліва для патрэб ацяплення надаецца не першарадная ўвага.
"Нам трэба гэта развіваць на будучае. Таму што ў нашых дзяцей таннага газу можа не быць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Як далажыў Міністр лясной гаспадаркі Аляксандр Кулік, у Беларусі створаны 64 вытворчасці па выпуску пелетаў агульнай магутнасцю каля 900 тыс. т у год.
Прэзідэнт падкрэсліў, што рэалізацыя пелетаў павінна быць рэнтабельнай. "За кошт іншых напрамкаў ты выходзіш на рэнтабельную работу. А трэба, каб усе напрамкі былі рэнтабельныя. Гэта твая задача, і супакойвацца нельга, - запатрабаваў беларускі лідар. - Трэба глядзець навокал. Ты бачыш, да чаго ўсё ідзе. Санкцыі не вечныя. І, напэўна, у Еўропе паразумнеюць і будуць усё ж такі глядзець на тое, што ім выгадна. Але працаваць трэба і цяпер".
Насельніцтву пелеты прапануюць па выгаднай цане. Праўда, пры наяўнасці ў грамадзян паліўнай кніжкі. У такім выпадку тона пелетаў абыдзецца Br50. На ацяпляльны сезон спатрэбіцца каля 3,6 т, што будзе каштаваць Br180. Пры набыцці катлоў частку кошту (40%, але не больш за 120 базавых велічынь) таксама кампенсуе дзяржава.
Чакаецца, што ў гэтым годзе на ўнутраным рынку будзе спажыта больш за 70 тыс. т пелетаў. Гэта каля 8% ад агульнай магутнасці вытворчасцей. "Гэта мала. Нам трэба падумаць аб тым, як нам тут паскарацца. Трэба комплексна глянуць на гэта пытанне", - даручыў Аляксандр Лукашэнка.
На прадпрыемстве Кіраўнік дзяржавы азнаёміўся з мадэрнізацыяй лесапільнага цэха і выкарыстаннем пелетаў на практыцы. Яму прадэманстравалі ўзоры кацельнага абсталявання айчыннай вытворчасці, якое працуе на пелетах.
Акрамя таго, Прэзідэнту паказалі ўзоры гатовай прадукцыі дрэваапрацоўкі. На комплексе "Ляскавічы" высокі ўзровень аўтаматызацыі вытворчасці, і Аляксандр Лукашэнка ацаніў праведзеную работу. "Трэба, каб мы сапраўды, без жартаў ішлі гэтым шляхам. Каб была максімальная аўтаматызацыя. Тады і працоўныя рэсурсы будуць. Вось 32 чалавекі вызвалілі - гэта паўкалгаса. Вялікая справа", - падкрэсліў ён.
Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў прапанаваў Кіраўніку дзяржавы больш актыўна ўкараняць пры домабудаванні ЛВЛ-брусы. Іх можна выкарыстоўваць у якасці перакрыццяў замест вырабаў з жалезабетону і металу.
Аднак для арганізацыі вытворчасці ЛВЛ-брусоў неабходна спецыяльнае абсталяванне. Акрамя таго, трэба ўнесці змяненні ў будаўнічыя нормы. У гэтым заканадаўстве не прапісана выкарыстанне такога матэрыялу.
"Я гатовы прыняць рашэнне. Уносьце прапановы. Але не так: "Давайце пачакаем нечага". Трэба тэрмінова закупіць абсталяванне. Нешта самі зробім. І першую лінію трэба зманціраваць да новага года, - адразу ж абазначыў тэрміны Аляксандр Лукашэнка. - Калі вы ўпэўнены, што гэта нармальна для будаўніцтва жылля і іншага, уносьце прапановы. Я падтрымаю. Трэба рабіць. Гэта ж наш матэрыял".
У Ляскавічах Кіраўнік дзяржавы таксама агледзеў кацельню, якая працуе на пелетах. У летні час яе трэба загружаць гэтым драўняным палівам усяго адзін раз у месяц, а зімой - прыкладна раз у тыдзень. Прэзідэнт даў высокую ацэнку ўбачанаму. "Гэта для нас цуд, які валяецца пад нагамі. І мы з гэтага барахла робім цуд", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
Як далажылі Прэзідэнту, з 11 тыс. усіх кацельняў у краіне (за выключэннем тых, якія адносяцца да "Белэнерга") 66 працэнтаў пераведзены ўжо на мясцовыя віды паліва. Ужо ёсць 40 раёнаў, дзе доля мясцовых энергарэсурсаў перавышае 70%, а ў некаторых набліжаецца да 100%.
З 2010 года ў рамках рэалізацыі дзяржпраграм 350 аб'ектаў пераведзены з прыроднага газу на мясцовыя віды паліва. Пры гэтым захоўваецца і магчымасць выкарыстання на іх газу.
Мясцовыя віды паліва, рэканструкцыя і мадэрнізацыя кацельняў дазваляюць не толькі знізіць спажыванне газу, але і знізіць сабекошт выпрацоўкі цеплавой энергіі.
Аб'ём спажывання мясцовых энергарэсурсаў на працягу года эквівалентны 3 млрд куб.м прыроднага газу. Доля пелетаў пакуль займае каля аднаго працэнта, але дынамічна расце. Астатняе - дровы, шчэпкі, тарфяное паліва.
Аляксандр Лукашэнка пацікавіўся, у чым перавага пелетаў. Было даложана, што яны кампактныя, экалагічна чыстыя, ад іх менш попелу і поўнасцю можна аўтаматызаваць працэс. У звычайным прыватным доме можна арганізаваць загрузку паліва раз у тыдзень і кіраваць працэсам з мабільнага тэлефона.
Прэзідэнт даручыў аснашчаць такімі кацельнямі малыя населеныя пункты: "Аграгарадкі нам трэба пастарацца ў гэтай, можа, нават пяцігодцы. Паставіць задачу. Усё роўна ў будучым людзі будуць жыць у аграгарадках. Ніхто ў вёсках, нават якія былі раней цэнтрамі калгасаў, усё роўна жыць не будзе. Тэхніка магутная. Яны будуць жыць у цэнтры, як Ляскавічы. Таму аграгарадкі - гэта мэта нумар адзін".
Кіраўніку дзяржавы таксама прадэманстравалі айчынныя катлы для пелетаў. У Беларусі іх вырабляюць ужо дзве кампаніі. "Малайцы! Дзякуй за катлы", - ацаніў прадукцыю Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка ў Ляскавічах пасля азнаямлення з вытворчасцю і выкарыстаннем драўняных пелетаў прыехаў на мясцовы малочнатаварны комплекс. Размова аб ходзе мадэрнізацыі МТК "Ляскавічы" ААТ "Агра-Ляскавічы" па прыкладзе перадавога вопыту ААТ "Парахонскае" ў Пінскім раёне.
Прэзідэнт успомніў, што ўпершыню прыехаў сюды 27-28 гадоў таму. "Гэта мая маладосць. Мой лёс", - сказаў ён.
Часы тады былі няпростыя, а ў гэтых месцах яшчэ хацелі ўтварыць Палескую народную рэспубліку. "Рух быў такі, ачумелых было шмат", - заўважыў Прэзідэнт.
Аляксандр Лукашэнка прыехаў тады сустрэцца з мясцовым насельніцтвам, каб пераканаць, што Палессе не можа існаваць і развівацца само па сабе.
Кіраўнік дзяржавы ўспомніў, як тады яму прапанавалі разам пакасіць траву, што ён выдатна ўмее рабіць. І мясцовае насельніцтва тады падтрымала Аляксандра Лукашэнку, убачыўшы, што гэта свой чалавек.
"Гэна наш! Я гэтыя два словы запомніў назаўсёды. Гэта было за Прыпяццю", - сказаў Прэзідэнт.
Аляксандру Лукашэнку падрабязна далажылі аб планах мадэрнізацыі МТК, і ён даручыў паскорыцца з рэалізацыяй намечанага. Гэты прэзідэнцкі пасыл датычыцца не толькі дадзенага комплексу або сельгаспрадпрыемства, але і актуальна ў маштабах усёй краіны.
"Трэба паскарацца ў два разы, калі хочам выжыць. Не паскорымся - будзем цялёпкацца ў хвасце. Мы ўсё вырабляем, што вырабляе ўвесь свет. Канкурэнцыя шалёная. Таму трэба паскарацца мінімум у два разы", - дадаў ён.
Кіраўнік дзяржавы адвёў тэрмін да новага года і мае намер потым асабіста праінспектаваць рэзультат.
"Мабілізоўвай людзей і запомні: кадры сёння - гэта дысцыпліна. Жалезная павінна быць дысцыпліна. Таму што мы ж хочам па тэхналогіі працаваць і нешта атрымаць, - даручыў Кіраўнік дзяржавы. - Давайце без цяганіны. Да новага года тут павінна быць (рэалізавана намечанае. - Заўвага)".
У час наведвання малочнатаварнага комплексу Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў больш шырока ўкараняць у сельскай гаспадарцы краіны сістэмы паліву.
"Трэба думаць, як ва "Усходзе" (рабіць, як на гэтым сельгаспрадпрыемстве недалёка ад Мінска. - Заўвага). Тут жа вады шмат - Прыпяць. Можа, нейкую капейку мог бы зарабіць на агароднінных культурах, сад пасадзіць, недзе для бульбы поле выбраць. У Расіі рынак свабодны - велізарны рынак за варотамі", - сказаў Прэзідэнт.
Ён даручыў ужо цяпер рыхтаваць склады, каб захаваць будучы ўраджай бульбы.
"Патрэбна вада. Гэта ганьба, што мы пакутуем каля Прыпяці ад няхваткі вады", - акцэнтаваў увагу беларускі лідар.
Ён таксама даручыў максімальна задзейнічаць пойменныя лугі для забеспячэння кармавой базы.
У сваю чаргу Кіраўнік спраў Прэзідэнта Беларусі Юрый Назараў пацвердзіў неабходнасць звярнуць увагу на ўкараненне сістэм паліву. "У гэтым годзе Прыпяць нават не выйшла з берагоў. Таму год няпросты будзе. Прэзідэнт і нагадаў, што трэба займацца палівам. У нас у краіне вады шмат - рэкі, азёры, а палівам не займаюцца. Упэўнены, што ў нас атрымаецца", - сказаў ён.
У гэтым напрамку ўжо дзейнічаюць. Напрыклад, напярэдадні Аляксандр Лукашэнка расказваў пра эксперымент у вырошчванні бульбы з палівам. Гэтым займаюцца якраз ва "Усходзе". "Мы ўзялі 30 га, паставілі ўстаноўку палівальную. Разам з маторным заводам яе вырабілі. І я ўпэўнены, што мы на гэтых 30 га мінімум 1 тыс. ц/га атрымаем таварнай бульбы. Вось гэта перспектыва паліву", - падзяліўся падрабязнасцямі Кіраўнік спраў Прэзідэнта.
Аляксандру Лукашэнку ў час рабочай паездкі ў Петрыкаўскі раён таксама расказалі пра эксперымент з прыцягненнем для работ у сельскай гаспадарцы іншаземцаў.
"Па Вашым даручэнні па мігрантах. Правялі эксперымент. У адной з гаспадарак Рэчыцкага раёна працуюць сёння чатыры ўзбекі", - расказаў старшыня Гомельскага аблвыканкама Іван Крупко.
Паводле яго слоў, гэтыя людзі прайшлі адбор з двух дзясяткаў кандыдатаў, перш чым іх узялі на работу.
"Гэта нашы людзі - узбекі", - заўважыў Аляксандр Лукашэнка.
Іван Крупко прадоўжыў: "Прыкладна Br3 тыс. (зарплата. - Заўвага). Працуюць па 10 гадзін пазменна. На трактары на любых відах работ".
Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, што ў выніку, якія ўражанні ад іх работы.
"Дысцыплінавалі іншых. Раней усе загібалі пальцы, прыходзілі пазней на работу. Сёння чарга стаіць і стабілізавалася работа трактарыстаў-механізатараў", - адказаў Іван Крупко.
Паводле яго слоў, цяпер думаюць прыцягваць дадатковыя працоўныя рэсурсы з ліку іншаземцаў.
Аляксандр Лукашэнка ў сувязі з гэтым заўважыў, што ў Беларусь прыехала некалькі соцень тысяч чалавек з Украіны, у тым ліку многія за апошні час. "Праўда, яны не ўсе тут асядаюць. Некаторыя да нас прыехалі і пайшлі ў Еўрасаюз і гэтак далей. Гэта іх справа. Але многія асядаюць. Гэта ж украінцы, нашы людзі", - сказаў ён.
"Трэба запрашаць, трэба ім усе ўмовы ствараць. Людзей трэба прыцягваць. Але павінен быць кантроль. Ты прыехаў, сям'я - мы табе дом далі, адукацыю, ахову здароўя і іншае (забяспечылі. - Заўвага). Няважна, адкуль прыехаў. Галоўнае - каб хацеў працаваць. І іншыя паглядзелі, што з імі жартаваць ніхто не будзе. Не хочаце працаваць - не трэба, заменім", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.


