Наведванне атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінскага гарвыканкама
- 23
- 12:39
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка падкрэслівае важнасць захавання краіны, што з'яўляецца абавязкам перад сучасным і будучымі пакаленнямі. Аб гэтым Кіраўнік дзяржавы заявіў 30 снежня, выступаючы пры наведванні АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама.
"У апошнія дні адыходзячага года попыт на Прэзідэнта, як я кажу, велізарны. Але пры ўсіх затратах часу я не мог не прыехаць да вас, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння ў страі я бачу сапраўдных патрыётаў нашай Радзімы, людзей абавязку, гонару і сумлення".
"Свет імкліва змяняецца, становіцца ўсё менш бяспечным для жыцця нармальнага чалавека, а шэраг дзяржаў і зусім акунуўся ў бездань грамадзянскіх войнаў і міжнацыянальных канфліктаў. Вам гэта не проста вядома, мы з вамі гэта адчулі на сабе. Каля нашых заходніх і паўночных граніц ідзе пастаяннае нарошчванне ваеннага патэнцыялу. Польшча і краіны Прыбалтыкі сталі палігонамі для рэгулярных вучэнняў і трэніровак войскаў НАТА. Нам пагражаюць не толькі ўвядзеннем новых эканамічных санкцый, супраць нас развязалі сапраўдную інфармацыйную вайну, пастаянна ўчыняюцца палітычныя правакацыі", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён адзначыў, што час прайшоў, страсці хоць крыху ўлягліся, і людзі на свае вочы ўбачылі, хто рваўся да ўлады. "Вядучую ролю ў арганізацыі вулічных беспарадкаў адыгрываюць замежныя лялечнікі і іх памагатыя-калабарацыяністы, якія не змаглі інакш паказаць сваю хоць нейкую палітычную значнасць. Мы ўжо з вамі бачылі такіх у кадрах нямецкай кінахронікі, якія захоплена маршыруюць з БЧБ-сцягамі і партрэтамі фюрэра", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт канстатаваў, што, нягледзячы на вялікія фінансавыя ўліванні, прамы замежны ўдзел у арганізацыі пратэсных акцый і падрыхтоўцы радыкальных элементаў, спроба адрадзіць падобнае ў нашы дні фактычна захліпнулася па простай прычыне: "Немагчыма гераізацыя нацызму ў краіне, якая страціла кожнага трэцяга свайго грамадзяніна".
"Мяцеж, бліцкрыг або каляровая рэвалюцыя не прайшлі. Таму няўдалыя "змагары", якія сядзяць у цёплых замежных кабінетах, прадаўжаюць вынаходзіць усё новыя падкопы супраць нашай дзяржавы, як яны гавораць, "на карысць беларускага народа". Карысці толькі не відаць. У гэтых "дзеячаў" свае спецыфічныя ўяўленні і разуменне палітыкі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт адзначыў, замест пошуку канструктыўнай альтэрнатывы, сумленнай і адкрытай барацьбы за сімпатыі людзей яны заклікаюць да вулічных баталій. Узамен змястоўнага дыялогу па пераадоленні існуючых праблем спрабуюць паставіць пад сумненне легітымнасць дзяржаўных інстытутаў. Актыўна садзейнічаюць заклікам знішчаць маёмасць нязгодных з імі, распраўляцца з іх дзецьмі, жонкамі і блізкімі людзьмі. "Пры гэтым яны называюць сябе патрыётамі, хоць адкрыта працуюць на развал эканомікі, ліквідацыю існуючага канстытуцыйнага ладу і знішчэнне краіны", - падкрэсліў беларускі лідар.
"На прыкладзе нашых суседзяў мы бачым, да чаго можа прывесці разбурэнне масавай свядомасці і гістарычнай памяці народа. Асабліва ў самай актыўнай яго часткі - моладзі", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
"Хачу, каб вы разумелі маю пазіцыю. Яна нязменная: наш абавязак перад сучасным і будучымі пакаленнямі - захаваць краіну. Час выбраў проста нас. І мы яе захаваем, чаго б нам гэта ні каштавала. Захаваем для ўсіх нас, нашых дзяцей і ўнукаў. У гэтым мая і ваша галоўная задача. Калі хочаце, гістарычная місія, - заявіў Прэзідэнт. - Шчыра і адкрыта вам гавару, і няхай яны (праціўнікі дзеючай улады. - Заўвага) пачуюць: калі б людзі ў пагонах дарэмна елі хлеб, як яны кажуць, калі б у тыя жнівеньскія дні вы пахіснуліся, мы сёння жылі б у іншай краіне. І наогул, ці жылі б мы, і ці існавала б гэта краіна... Гавораць, вялікае бачыцца на адлегласці. Пройдзе яшчэ крыху часу і тыя, хто сёння не разумеюць і процістаяць нам на чыстых мінскіх вуліцах, зразумеюць, што зрабілі вы ў гэтым годзе".
Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што ніякім майданам у Беларусі не бываць, калі будуць забяспечаны еднасць народа, цвёрдасць улады і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне. "У Кіраўніка дзяржавы ёсць усе паўнамоцтвы і сродкі, каб не дапусціць братазабойчых сутыкненняў. І адна з галоўных роляў адведзена вам", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт падзякаваў не толькі прысутным на мерапрыемстве, але і ўсім тым, хто стаіць у гэтыя цяжкія дні побач плячо ў плячо, за мужнасць, стойкасць, вернасць прысязе і свайму народу. "Гэта не проста словы. Для кожнага з вас гэта назейны арыенцір, які вызначае справы і ўчынкі", - адзначыў беларускі лідар.
"Ва ўмовах узмацнення рэальных і патэнцыяльных выклікаў і пагроз нацыянальнай бяспецы Рэспублікі Беларусь мы забяспечым сваю незалежнасць, адстаім канстытуцыйны лад, будучае нашай краіны і народа. Пры гэтым кожны супрацоўнік і ваеннаслужачы, чалавек у пагонах павінен ведаць і разумець, што на нашым баку закон, і што вы абаронены дзяржавай, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Людзі вераць у вас і ведаюць, што вы заўсёды прыйдзеце на дапамогу і забяспечыце спакойнае і мірнае жыццё нашых грамадзян, абароніце краіну ад знешніх і ўнутраных пагроз".
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што наглядны прыклад таго ў апошні час - зладжаная работа КДБ і МУС па спыненні дзейнасці тэрарыстычных груп.
Сілавыя структуры Аляксандр Лукашэнка назваў важнейшым фактарам нацыянальнай бяспекі, міру і спакою ў грамадстве. Таму кіраўніцтва краіны ўдзяляе асаблівую ўвагу цяперашняму стану і перспектывам іх развіцця. "Эканамічныя ўмовы сёння няпростыя, але нам удаецца своечасова аснашчаць вас самымі сучаснымі ўзорамі тэхнікі і ўзбраення, захоўваць кадравае ядро, павышаць прэстыж службы. Гэта работа будзе прадоўжана", - запэўніў Кіраўнік дзяржавы.
"Надыходзячы 2021 год мы сустракаем у няпростай абстаноўцы. Аднак упэўнены, мы разам справімся з усімі праблемамі, як гэта бывала неаднаразова", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.
У новым годзе ён пажадаў ваеннаслужачым і праваахоўнікам, і асабліва іх родным і блізкім, невычэрпнай жыццёвай энергіі, моцнага здароўя, сямейнага дабрабыту.
Прэзідэнт таксама ўручыў дзяржаўныя ўзнагароды супрацоўнікам праваахоўных органаў і ваеннаслужачым. Узнагароды атрымалі прадстаўнікі Міністэрства ўнутраных спраў, Міністэрства абароны, Камітэта дзяржаўнай бяспекі, Дзяржаўнага пагранічнага камітэта, Службы бяспекі Прэзідэнта.
Сярод узнагароджаных - Намеснік Міністра ўнутраных спраў - начальнік крымінальнай міліцыі Генадзь Казакевіч, Намеснік Міністра ўнутраных спраў - камандуючы ўнутранымі войскамі Мікалай Карпянкоў, камандзір спецыяльнага атрада хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Аляксандр Быкаў, камандзір АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба, камандзір АМАПа УУС Гродзенскага аблвыканкама Віктар Краўцэвіч, камандзір АМАПа УУС Брэсцкага аблвыканкама Максім Міховіч.
Узнагарод таксама ўдастоены камандзір 103-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксей Ялфімаў, камандзір 38-й асобнай гвардзейскай паветрана-дэсантнай брыгады Аляксандр Ільюкевіч, камандзір 5-й асобнай брыгады спецыяльнага прызначэння Дзмітрый Кучук, начальнік Асобнай службы актыўных мерапрыемстваў пагранічнай службы Ігар Кручкоў.
Пасля цырымоніі ўручэння ўзнагарод Аляксандр Лукашэнка наведаў размяшчэнне атрада міліцыі асобага прызначэння, дзе азнаёміўся з рознымі варыянтамі экіпіроўкі праваахоўнікаў і бытавымі ўмовамі супрацоўнікаў груп хуткага рэагавання.
Камандзір Мінскага АМАПа Дзмітрый Балаба далажыў Прэзідэнту аб удасканаленні матэрыяльна-тэхнічнай базы атрада і будаўніцтве новых аб'ектаў, у прыватнасці, спартыўна-тактычнага комплексу з цірам для забеспячэння вучэбна-трэніровачнага працэсу.
У будынку штаба Кіраўнік дзяржавы наведаў пакой баявой славы атрада. Тут яму расказалі пра гісторыю фарміравання падраздзялення, і Прэзідэнт пакінуў запіс у Кнізе ганаровых гасцей.
У час наведвання атрада міліцыі асаблівага прызначэння ГУУС Мінскага гарвыканкама Аляксандр Лукашэнка быў удастоены чорнага берэта. Рашэнне ўручыць Прэзідэнту гэты знак узнагароды амапаўцаў прыняў савет камандзіраў атрада.
Аляксандр Лукашэнка пажартаваў, што наўрад ці здасць неабходныя выпрабаванні на права нашэння берэта. Але, як растлумачыў камандзір АМАПа ГУУС Мінгарвыканкама Дзмітрый Балаба, чорны берэт уручаны Прэзідэнту "за асаблівыя заслугі". Гэта прадугледжана адпаведным палажэннем. "Вы былі з намі ў баявых парадках, і цяпер Вы паўнацэнны баец АМАПа", - сказаў Дзмітрый Балаба.