Наведванне фінальнага матчу чэмпіянату па хакеі ў Гродне
- 27
- 8:34
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 24 красавіка ў Гродне фінальны вырашальны матч беларускай хакейнай экстралігі сезона-2022/23.
Да вырашальнай гульні за права валодання Кубкам Прэзідэнта дабраліся хакеісты гродзенскага "Нёмана" і жлобінскага "Металурга". Заключны паядынак сезона праходзіў у гродзенскім Лядовым палацы спорту.
Хакеісты жлобінскага "Металурга" сталі ўладальнікамі Кубка Прэзідэнта. У вырашальным матчы каманда са Жлобіна абыграла "Нёман" з лікам 1:0.
Пасля завяршэння фінальнага матчу Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што хакеісты жлобінскага "Металурга" і гродзенскага "Нёмана" падарылі балельшчыкам хвіліны, гадзіны і дні выдатнага хакея. "Шмат будзе напісана, сказана аб гэтай серыі, аб сённяшнім матчы. Ён быў нечаканым для мяне, неверагодным", - сказаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што на лёдзе змагаліся дзве каманды: маладая, заўзятая, накіраваная ў будучыню дружына "Нёмана" і вопытная, дарослая, месцамі вельмі дарослая каманда "Металурга".
"Вы, хлопцы, дарма некаторыя нос павесілі. Гэта добрая каманда, і калі вы яе захаваеце, за гэтымі ігракамі вялікая будучыня, яны шмат прынясуць шчасця. Вам скажу вялікі дзякуй. Вы сапраўды вытрымалі ход гульні з першай да апошняй хвіліны, выканалі, я так разумею, заданне сваіх трэнераў, гулялі дакладна, па месцы. Але не хапіла адной секунды, а можа, долі секунды, каб гэты цудоўны спектакль быў працягнуты. Але спорт ёсць спорт, адсюль нікуды не дзецца", - падтрымаў гродзенцаў Прэзідэнт.
"На гэтай арэне сёння былі дзве роўныя, прыгожыя каманды. Вы не дарма ясце хлеб. Вы яго сёння адпрацавалі з першай да апошняй секунды, і, думаю, ніхто не кіне камень у ваш агарод", - падкрэсліў беларускі лідар.
Прэзідэнт выказаў асаблівую ўдзячнасць кіраўнікам рэгіёнаў. Паводле яго слоў, губернатары заўсёды дапамагаюць хакеістам і ўносяць свой уклад у развіццё гэтага віду спорту. "Я вельмі рады вяртанню гродзенцаў у вялікі хакей. І я таксама рады, што "Металург" пацвердзіў сваю загартоўку. Вялікі дзякуй вам!" - дадаў Кіраўнік дзяржавы.
У час цырымоніі ўзнагароджання на лёдзе, акрамя фіналістаў, таксама прысутнічала каманда Прэзідэнта Беларусі. Аляксандр Лукашэнка растлумачыў, што нядаўна завяршыўся аматарскі турнір па хакеі і яго дружына вырашыла прыехаць у Гродна падтрымаць фіналістаў экстралігі. "Гэта хлопцы, якія гэтак жа, як вы, змагаліся, на зубах выцягвалі многія гульні. Гэта сапраўдныя хакеісты. Іх вялікі хакей, кажуць, скончыўся, яны прыйшлі ў яшчэ большы хакей - аматарскі. І яны перамаглі ў чэмпіянаце Беларусі гэтага года і вырашылі прыехаць, паглядзеўшы хакей, павіншаваць вас з гэтым вялікім спектаклем, - растлумачыў Кіраўнік дзяржавы. - Гродзенцы, вялікі дзякуй вам!"
Прэзідэнт асабліва адзначыў культуру балення на лядовай арэне, прадэманстраваную жыхарамі Гродна. "Вы мяне, гродзенцы, сёння здзівілі. Думаў, вы такія агрэсіўныя, вельмі злыя, настроеныя незразумела як. А я ўбачыў карэктных прадстаўнікоў заходняга рэгіёна, якія давалі пакрычаць і гамяльчанам, жлобінцам, і самі крычалі як след. Малайцы!" - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Дзякуй. А цяпер да нашай цырымоніі. Для многіх з вас усё жыццё наперадзе, але гэтыя хвіліны вы запомніце на ўсё сваё жыццё. І не толькі вы: вашы родныя, блізкія і, самае галоўнае, вашы дзеці - яны ў вас будуць вучыцца жыццю. І не толькі гуляць у хакей", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт асабіста павіншаваў хакеістаў "Металурга" з перамогай і ўручыў камандзе заваяваны кубак.