Наведванне 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы Мінска

  • 28
  • 3

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка наведаў 19 чэрвеня 2-ю гарадскую дзіцячую клінічную бальніцу Мінска.

У час наведвання бальніцы Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў прывесці ў парадак сістэму аховы здароўя ў Мінску: "Мы будзем разглядаць перспектыву горада і прывядзенне аховы здароўя ў парадак. Таму што горш, чым у Мінску, у нас няма нідзе. У нас Мінск адстае ад рэгіёнаў па ахове здароўя".

Галоўны ўрач бальніцы Ларыса Сячко расказала Прэзідэнту аб арганізацыі лячэбнага працэсу ва ўстанове, аказанні дапамогі пацыентам з рознымі захворваннямі і асаблівасцях правядзення складаных аперацый. Як запэўнілі кіраўніка дзяржавы, з-за пандэміі менш увагі іншым захворванням аказваць не сталі.

Для яшчэ больш якаснага і комплекснага аказання дапамогі пацыентам плануецца пабудаваць новы корпус дзіцячай бальніцы. Стары будынак хочуць аддаць пад патрэбы іншых устаноў аховы здароўя. Кіраўнік дзяржавы запатрабаваў, каб да гэтага пытання падыходзілі па-гаспадарску. "Вядома, для дзяцей нічога не шкада. Але трэба рабіць аптымальна", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

Кіраўнік дзяржавы наведаў некалькі аддзяленняў бальніцы, рэанімацыю, школу цукровага дыябету і ізатопную лабараторыю, азнаёміўшыся з матэрыяльна-тэхнічнай базай установы. Прэзідэнт таксама паразмаўляў з маленькімі пацыентамі і іх бацькамі і ўручыў дзецям падарункі.

Сёння ў структуры 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы 212 ложкаў, у бальніцы функцыянуюць аддзяленні гемадыялізу, гіпербарычнай аксігенацыі, амбулаторнае эндакрыналагічнае, кансультацыйна-дыягнастычнае, фізіятэрапеўтычнае, прыёмнае, ультрагукавой і функцыянальнай дыягностыкі, цэнтральнае стэрылізацыйнае, клініка-дыягнастычная, мікрабіялагічная і ізатопная лабараторыі, міжраённы эндаскапічны кабінет, кабінет стаматолага.

Акрамя стацыянарнай дапамогі ў бальніцы аказваюць дапамогу амбулаторным пацыентам горада і краіны ў цэлым. На базе ўстановы арганізавана работа трох рэспубліканскіх цэнтраў, дзе лечацца пацыенты з усёй рэспублікі з цяжкімі захворваннямі: нефралогіі і замяшчальнай нырачнай тэрапіі, уралогіі, эндакрыналогіі.

У час наведвання Аляксандр Лукашэнка таксама сустрэўся з працоўным калектывам 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы. Кіраўнік дзяржавы павіншаваў персанал бальніцы і ўсіх медыкаў у іх асобе з прафесійным святам. "Вы - героі, таму што лечыце дзяцей. Я ўжо чалавек дарослы, але, калі дзеці хварэюць, у мяне паніка: я не магу гэта пераносіць - свае гэта ці чужыя. А вы ж бачыце гэта кожны дзень, і да гэтага немагчыма прывыкнуць", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

"Вы ведаеце, я прыйшоў да высновы, што ўрач і настаўнік - гэта люстэрка любой дзяржавы, будзьце дастойныя, перш за ўсё, гэтага звання. Я вам жадаю заставацца стрыжнем нашага грамадства, такімі мужнымі людзьмі, якімі мы ў грамадстве, звычайныя людзі, якіх вы лечыце, вас бачым", - пажадаў Прэзідэнт.

Медыкі заўважылі, што ў Расіі цяпер рэзкі ўздым каранавіруснай інфекцыі і ўлады прымаюць меры для ўвядзення абавязковай вакцынацыі. У сувязі з гэтым у кіраўніка дзяржавы пацікавіліся, ці не плануецца ўводзіць абавязковую вакцынацыю працоўных калектываў ад COVID-19 у Беларусі.

"Не дай бог. Калі ўзнікне такая сітуацыя, абавязкова будзе ўведзены такі прынцып. Дзякуй богу, неабходнасці такой пакуль няма", - сказаў Аляксандр Лукашэнка. Прэзідэнт дадаў, што перажывае за расіян, але разлічвае, што гэта ўспышка каранавіруса хутка скончыцца.

Кіраўнік дзяржавы праз тыдзень плануе правесці нараду па ўдасканаленні сістэмы аховы здароўя ў Мінску і барацьбе з каранавірусам. "Мы паглядзім на сітуацыю і падумаем, што трэба зрабіць. Вопыт у нас ужо вялікі ў гэтым плане, мы ведаем, што трэба рабіць, але тым не менш кантроль павінен быць і з боку Прэзідэнта. І губернатары, і службовыя асобы - усе займаюцца гэтай праблемай, кожны робіць сваё. Усё размеркавана ад Прэзідэнта да ўрача", - падкрэсліў ён.

У той жа час Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што вакцынацыя ад каранавіруса лішняй не будзе. Асабліва тых работнікаў, якія маюць пастаянныя кантакты з вялікай колькасцю людзей. "Мы пакуль настойліва рэкамендуем, асабліва ўрачам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт адзначыў, што ў краіне не спяшаюцца з вытворчасцю ўласнай вакцыны, як у іншых краінах, бо пакуль няма такой неабходнасці: у Беларусі наладзілі выпуск расійскага прэпарату, падстаўляюць плячо і кітайскія партнёры.

"Мы не будзем спяшацца. Мы ў будучым годзе створым сваю вакцыну, ужо апрабаваную. Гэта зараза ж муціруе, і невядома, які штам віруса будзе ў наступным годзе. Мы хочам сваю вакцыну падвесці якраз да той хваробы, таго штама віруса, які будзе, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Сёння спецыялісты Расіі заяўляюць, што ў іх успышка гэтага віруса, 90 працэнтаў з нечым - індыйскі штам. Што будзе ў наступным годзе, мы не ведаем. Але ведаем дакладна, што гэты вірус будзе з намі жыць".

У ходзе размовы з Прэзідэнтам медыкі звярнулі ўвагу, што дыспансерызацыя - гэта аснова ранняга выяўлення захворванняў, і працуючаму чалавеку даводзіцца думаць, як узяць дзень для яе праходжання. Кіраўнік дзяржавы назваў важным пытанне дыспансерызацыі. Ён падкрэсліў, што трэба вывучыць вопыт, які існуе ў іншых краінах.

"Падумаем над гэтым пытаннем, мы ведаем вопыт іншых краін, у тым ліку Расіі, калі кіраўнік арганізацыі прадастаўляе чалавеку выхадны дзень, калі ён праходзіць дыспансерызацыю, - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка. - Вывучым пытанне, гэта не з бюджэтам будзе звязана, а з канкрэтным работадаўцам. Вось тое, што трэба абавязаць кіраўнікоў устаноў і арганізацый клапаціцца пра сваіх работнікаў, гэта дакладна".

Пры гэтым Кіраўнік дзяржавы заўважыў: "Будзе гэта аплатны або неаплатны дзень, мы вырашым. А што ён будзе, гэта дакладна, паколькі гэта важнае пытанне. Так, уносяцца прапановы, каб па прыкладзе Расіі даць такі аплатны дзень".

Ён падкрэсліў, што трэба падумаць, перш чым прыняць рашэнне па гэтым пытанні.

Супрацоўнікі бальніцы ў час сустрэчы закранулі яшчэ адну тэму, якая хвалюе беларусаў: магчымасці выезду за мяжу ў адпускны перыяд. Аляксандр Лукашэнка парэкамендаваў з улікам кавіднай сітуацыі па меры магчымасці ўсё ж такі адпачываць у краіне, тым больш, што ўмовы для гэтага ёсць. Пры гэтым ён падкрэсліў, што прадугледжаны магчымасці для вылету ў курортныя краіны цераз Расію з-за ўведзеных некаторымі краінамі абмежаванняў. "Што датычыцца Чорнага мора, Сочы, Грузіі, то вельмі вялікі паток людзей, і няма праблем з пералётамі туды, вядома, зрабіўшы неабходныя тэсты", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Прэзідэнт таксама звярнуў увагу на суседнюю Украіну, якая ўвяла для беларусаў абмежаванні па перамяшчэнні людзей. "Мы тут ратуем іх людзей і будзем ратаваць, людзі ні ў чым не вінаватыя (на Украіну прыпадае 85% ад экспарту паслуг у 2-й дзіцячай бальніцы. - Заўвага), а яны закрылі нам пралёт, і нам даводзіцца рабіць круг, аблятаючы іх, каб трапіць у Турцыю і далей", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.

Разам з тым Аляксандр Лукашэнка выказаў меркаванне, што паколькі Украіна закрыла для беларускага боку магчымасць авіяпралёту над сваёй тэрыторыяй, то трэба ім адказаць адэкватна. Беларускі бок таксама не будзе прымаць самалёты, якія ляцяць цераз Украіну. "Гэта значыць, трэба стварыць роўныя ўмовы для нашых самалётаў "Белавія". Калі мы гэтым шляхам ляцім, то мы прымусім і іншых лятаць гэтым шляхам у Беларусь", - дадаў Прэзідэнт.

У час наведвання Аляксандр Лукашэнка падарыў 2-й гарадской дзіцячай клінічнай бальніцы сертыфікат на набыццё ультрагукавога дыягнастычнага апарата высокага класа.

"Можа, табе і не патрэбна?" - пажартаваў Кіраўнік дзяржавы, уручаючы сертыфікат галоўнаму ўрачу бальніцы Ларысе Сячко.

"Мне патрэбна некалькі такіх сертыфікатаў", - парыравала яна.

"Потым мы з Міністрам падумаем, калі вырашым, ці будзем тут што-небудзь прыбудоўваць, як ты патрабавала. Зразумела, там спатрэбіцца і абсталяванне", - адзначыў Прэзідэнт.

Ларыса Сячко ў сваю чаргу ўручыла Прэзідэнту кнігу, дзе падрабязна расказваецца аб этапах станаўлення бальніцы і яе сучасным статусе, лепшых спецыялістах. Сярод архіўных дакументаў, апублікаваных у кнізе, ёсць і распараджэнне Кіраўніка дзяржавы аб развіцці матэрыяльна-тэхнічнай базы бальніцы. Дакумент датаваны 19 чэрвеня 1996 года. "Гэта вельмі сімвалічна", - адзначыла галоўны ўрач.

У кнізе таксама ёсць кранальны здымак маленькіх пацыентаў з Кіраўніком дзяржавы: Аляксандр Лукашэнка наведваў 2-ю дзіцячую бальніцу 6 студзеня 1995 года напярэдадні Раства. "Мы хацелі б падарыць гэту цудоўную фатаграфію ў гэтым выкананні, каб Вы памяталі, што наведвалі нашу клініку, адыгралі ролю ў лёсе бальніцы, што наш калектыў вельмі любіць і цэніць тое, што Вы зрабілі не толькі для краіны, а для нашай бальніцы", - заявіла Ларыса Сячко.

У бальніцы ўрачы жартам папракнулі Прэзідэнта, што ён даўно ўжо не наведваў іх установу. "Падтэкст папроку я зразумеў: трэба часцей бываць, вы тут побач. Калі запросіце што-небудзь новенькае паказаць, я з задавальненнем, - дадаў Аляксандр Лукашэнка. - Самае вялікае шчасце, калі мне тут правільна далажылі, што ў нас няма праблем з дзеткамі: па тых профілях, якія вы лечыце, у нас няма праблем. Больш таго, выбудавана добрая, зладжаная сістэма, як кажуць урачы, лагістыкі. Дзяцей трэба ратаваць: яны наша галоўнае багацце".

Падарунак ад усіх медыкаў Кіраўніку дзяржавы ўручыў Міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч. Гэта быў фотаальбом, які расказвае аб наведванні Прэзідэнтам бальніц у перыяд пандэміі. Міністр адзначыў, што для некага чырвоная зона - гэта хайп, а Кіраўнік дзяржавы наведваў бальніцы, каб, маючы ўяўленне аб рэальным стане спраў, прымаць вывераныя рашэнні.