Перагаворы з Прэзідэнтам Расіі Уладзімірам Пуціным

  • 12
  • 5:23

Прэзідэнты Беларусі і Расіі Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін 29 жніўня правялі перагаворы ў падмаскоўнай дзяржаўнай рэзідэнцыі Нова-Агарова.

Кіраўнік беларускай дзяржавы ў пачатку сустрэчы пазітыўна ацаніў сумесную работу ўрадаў дзвюх краін па развіцці супрацоўніцтва.

"Для прыняцця рашэнняў практычна пытанняў няма. Урады добра працуюць", - сказаў беларускі лідар.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што напярэдадні ў Маскве ў яго адбылася плённая сустрэча са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным. "Мы з Міхаілам Уладзіміравічам, Вы ў курсе справы, сістэмна і ўсёабдымна прапрацавалі ўвесь пералік (пытанняў. - Заўвага). Прытым ініцыятарам быў не я, а Міхаіл Уладзіміравіч. Ён дастаў свой блакнот і перачытаў, пералічыў усе гэтыя праблемы, пытанні. Мы іх прааналізавалі. Добрая адбылася размова. Я нават падзякаваў яму за тое, што мы змаглі сустрэцца. Менш будзе нам работы, - сказаў Прэзідэнт Беларусі. - У нас такі сёння дзень падвядзення некаторых вынікаў, а не прыняцця рашэнняў, я думаю".

Аляксандр Лукашэнка канстатаваў, што тавараабарот Беларусі і Расіі расце і ў бягучым годзе. "Як мінімум на 12%. Мы перасягнём - і значна - узровень мінулага года ў нашым тавараабароце. Прыемна, што ў гэтым тавараабароце вялікае месца займае сучасная электроніка", - адзначыў ён.

Кіраўнік беларускай дзяржавы адзначыў, што напярэдадні пытанне аб'яднання намаганняў у адпаведнай сферы таксама абмяркоўвалася на яго сустрэчы ў Маскве са Старшынёй Урада Расіі Міхаілам Мішусціным. "У нас ёсць нядрэнныя кампетэнцыі. І нядаўна Дзяніс Мантураў (першы віцэ-прэм'ер Расіі. - Заўвага) прыязджаў да нас, глядзеў гэтыя прадпрыемствы са спецыялістамі. Мы выпрацоўвалі нейкую форму ўзаемаадносін у гэтым плане, - сказаў беларускі лідар. - Форму мы знойдзем. Гэта не пытанне. Як і па іншых напрамках супрацоўніцтва".

"Мы тут абсалютна не застанёмся голымі і без гэтых тавараў - мікраэлектронікі. Мы сёння абсалютна ўсё ствараем, што трэба, разам. Заўтра мы выйдзем на вельмі высокі ўзровень", - падкрэсліў беларускі лідар.

"Што датычыцца бягучых пытанняў, мы свята выконваем усе нашы дамоўленасці, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі, прадуктаў харчавання, паліва", - падкрэсліў беларускі лідар.

Гаворачы пра рэгулярнасць беларуска-расійскіх кантактаў, у тым ліку на вышэйшым узроўні, Аляксандр Лукашэнка растлумачыў гэта не толькі жаданнем лідараў дзвюх краін. "Дынаміка міжнародных адносін такая, што яна нас у тым ліку падштурхоўвае да таго, каб абмяркоўваць тыя праблемы, якія перад намі стаяць. Што мы разам будзем, супрацоўнічаючы, пераадольваць усялякія цяжкасці, вы ў гэтым можаце нават не сумнявацца. Я аб гэтым гаварыў не адзін раз, сустракаючыся з прадстаўнікамі расійскага бізнесу, кіраўніцтвам абласцей, рэгіёнаў", - сказаў Прэзідэнт Беларусі.

Прэзідэнт Расіі цёпла вітаў беларускага калегу: "Не так даўно нібыта і бачыліся, але, як я заўсёды гавару ў такіх выпадках, дынаміка нашых адносін такая, што ўвесь час з'яўляюцца новыя і новыя моманты, на якія трэба звярнуць увагу, узгадніць, адрэгуляваць".

Уладзімір Пуцін адзначыў, што напярэдадні адбыліся перагаворы Аляксандра Лукашэнкі з кіраўніком расійскага Урада. "У ходзе нашай сённяшняй размовы падвядзём некаторыя вынікі. Калі трэба будзе нешта дадаць і скарэкціраваць, мы гэта якраз і зробім", - сказаў ён.

Кіраўнік расійскай дзяржавы заявіў, што Расія і Беларусь паспяхова развіваюць узаемадзеянне, нягледзячы на знешнія спробы неяк паўплываць на гэта.

"У цэлым хачу адзначыць (і вы гэта ведаеце лепш, чым хто іншы), галоўны наш напрамак узаемадзеяння - гандлёва-эканамічны - развіваецца паспяхова, нягледзячы на ўсе знешнія спробы неяк паўплываць на гэта", - падкрэсліў Кіраўнік расійскай дзяржавы, звяртаючыся да Прэзідэнта Беларусі.

Ён звярнуў увагу, што тавараабарот за мінулы год $52 млрд (паводле даных расійскага боку) - гэта добры паказчык. А за 6 месяцаў бягучага года ён вырас яшчэ на 12,5%. З Расіі ў Беларусь паступаюць значныя аб'ёмы замежных інвестыцый, працуюць 2,5 тыс. прадпрыемстваў з расійскім удзелам. "І, што самае важнае, прынцыповае, на мой погляд, што мы ўзаемадзейнічаем і на традыцыйных напрамках, і на напрамках, якія сёння з'яўляюцца асабліва важнымі - гэта высокія тэхналогіі", - заўважыў Уладзімір Пуцін.

У сувязі з гэтым ён асабліва падкрэсліў значную ролю кіраўніка беларускай дзяржавы. "Дзякуючы вашым шматгадовым намаганням Беларусь многае захавала і прымножыла з таго, што было створана яшчэ ў час Савецкага Саюза, і цяпер мы разам можам прадаўжаць рух па гэтых напрамках, уключаючы мікраэлектроніку і некаторыя іншыя напрамкі", - сказаў Уладзімір Пуцін.

Акрамя таго, на парадку дня перагавораў лідараў дзвюх краін - супрацоўніцтва на міжнароднай арэне, тэматыка ўмацавання Саюзнай дзяржавы. Расія і Беларусь, як падкрэсліў Уладзімір Пуцін, разам працуюць на міжнародных пляцоўках, у тым ліку ААН, СНД, ШАС і іншыя. "Усё гэта таксама, вядома, будзе сёння ў полі нашай увагі", - звярнуў увагу ён.