Перагаворы са Старшынёй КНР Сі Цзіньпінам

  • 23
  • 10:42

Перагаворы Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Старшыні КНР Сі Цзіньпіна адбыліся ў Пекіне 1 сакавіка ў рамках дзяржаўнага візіту беларускага лідара ў Кітай.

Пасля прыезду Прэзідэнта Беларусі да паўночнага ўвахода ў Дом народных сходаў прагучалі цырыманіяльныя фанфары. Сі Цзіньпін прывітаў Аляксандра Лукашэнку і пасля пратакольнага фатаграфавання лідары краін прадставілі адзін аднаму членаў афіцыйных дэлегацый.

Далей цырыманіял прадугледжваў выкананне гімнаў і ўрачысты праход роты ганаровай варты.

Пасля завяршэння ўрачыстай сустрэчы кіраўнікі дзяржаў накіраваліся на афіцыйныя перагаворы з удзелам членаў дэлегацый.

"Паважаны Старшыня, дарагі сябар беларускага народа. Перш за ўсё чарговы раз хачу павіншаваць цябе з найвялікшым даверам кітайскага народа. У сваім віншаванні ад імя Прэзідэнта Беларусі, маёй сям'і я сумленна выказаўся аб тым, што мы вельмі перажывалі за поспех чарговага з'езда Камуністычнай партыі Кітая. Мы вельмі хваляваліся. Хоць можна было і не хвалявацца. Але, тым не менш, за сяброў заўсёды хвалюешся. І я хачу ад імя беларускага народа, ад сваёй невялікай сям'і, сябе асабіста павіншаваць майго сябра Сі Цзіньпіна з выбраннем Старшынёй КНР", - сказаў Кіраўнік беларускай дзяржавы. 

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што, зыходзячы са свайго вопыту, пасля такіх маштабных рашэнняў вельмі шмат наперадзе работы: "Жадаю вам, вашым калегам дастойна прайсці гэты перыяд. І жадаю поспехаў у развіцці рашэнняў з'езда Камуністычнай партыі Кітая".

Прэзідэнт падкрэсліў, што шчыра рады зноў наведаць дружалюбны Кітай. "Кожны раз для мяне гэта не толькі новае адкрыццё вашай самабытнай краіны, яе культуры, народа. Гэта яшчэ і магчымасць назіраць каласальныя змяненні ў развіцці, пераймаць унікальны вопыт, вучыцца ў вас", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Ён падзякаваў кітайскаму лідару за традыцыйна цёплы прыём, аказаны ўсёй беларускай дэлегацыі, чым заўсёды вызначаўся Кітай.

"Сённяшняя сустрэча праходзіць у вельмі няпросты час, які патрабуе новых нестандартных падыходаў і адказных палітычных рашэнняў. Яны павінны быць накіраваны перш за ўсё на недапушчэнне глабальнага процістаяння, у якім не будзе пераможцаў. Вы аб гэтым дакладна, адназначна, пунктуальна нядаўна заявілі, звяртаючыся да сусветнай супольнасці. Менавіта таму Беларусь актыўна выступае з прапановамі аб міры, цалкам падтрымлівае вылучаную вамі ініцыятыву аб міжнароднай бяспецы", - заявіў Прэзідэнт Беларусі.

Ён адзначыў, што з беларускім бачаннем таксама поўнасцю супадае ініцыятыва Сі Цзіньпіна па тэматыцы развіцця. "Мы адразу ж далучыліся да механізмаў па яе пашырэнні і гатовы да сумеснай падрыхтоўкі і рэалізацыі праектаў у Беларусі", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

"Мы зацікаўлены ў паглыбленні супрацоўніцтва з Кітаем па тэхналагічным развіцці, уключаючы стварэнне сумесных вытворчасцей, мадэрнізацыю беларускіх прадпрыемстваў з укараненнем сучасных кітайскіх тэхналогій, прасоўванне тавараў і паслуг на рынкі трэціх краін", - сказаў беларускі лідар.

Ён адзначыў, што патэнцыял двухбаковых праектаў велізарны. "Нашы вытворцы зацікаўлены ў вывучэнні кампетэнцый і тэхналогій кітайскіх кампаній у фарміраванні кампанентнай базы, выпуску рухавікоў, трансмісій, мастоў, іншых вузлоў і агрэгатаў. Прапаную стварыць сумесныя прадпрыемствы ў галіне станкабудавання, электратранспарту, вытворчасці дэталей для сельскагаспадарчай тэхнікі як у Беларусі, так і ў Кітаі. Кааперацыя дапаможа павысіць канкурэнтаздольнасць прадукцыі", - падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

На перагаворах Прэзідэнт агучыў і шэраг іншых прапаноў, якія ідуць у рэчышчы сумеснай работы ў галіне сацыяльна-эканамічнага развіцця і мадэрнізацыі.

Старшыня КНР Сі Цзіньпін у час сустрэчы таксама цёпла прывітаў беларускага лідара. "Ад усёй душы вітаю Вас, спадар Прэзідэнт, у Кітаі. Сустрэча паміж даўнімі сябрамі заўсёды толькі радуе. Мы з Вамі сустракаліся апошні раз у мінулым годзе ў верасні ў Самаркандзе. У нас была вельмі добрая размова, у ходзе якой намі было абвешчана аб вывядзенні кітайска-беларускіх адносін на ўзровень усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства, што паслужыла магутным штуршком для поўнамаштабнага супрацоўніцтва дзвюх краін. Новы статус двухбаковых адносін павінен напаўняцца новым зместам. Сёння ў нас добрая магчымасць распрацаваць план па ўсім комплексе двухбаковых адносін і прыняць сумесную заяву", - сказаў кітайскі лідар.

Ён выказаў упэўненасць, што візіт Прэзідэнта Беларусі будзе вельмі плённым.

"Мяне са спадаром Прэзідэнтам аб'ядноўвае агульнае імкненне да развіцця кітайска-беларускіх адносін. Мы ўжо дружым не першы год. У нас трывалая непарушная дружба. Ва ўмовах нестабільнасці і турбулентнасці міжнароднай абстаноўкі Кітай актыўна настроены на прадаўжэнне сумесных намаганняў з Беларуссю па ўмацаванні палітычнага ўзаемадаверу і практычнага супрацоўніцтва ў інтарэсах дынамічнага, здаровага і ўстойлівага развіцця двухбаковых адносін", - заявіў Сі Цзіньпін.

Лідары краін як на перагаворах у шырокім, так і ў вузкім складах размаўлялі значна даўжэй за запланаваны час, што відавочна сведчыць аб узаемнай зацікаўленасці ў вырашэнні пытанняў, якія стаяць на парадку дня, і нацэленасці на вынік.

Аляксандр Лукашэнка і Сі Цзіньпін прадоўжылі сустрэчу за афіцыйным абедам у гонар Прэзідэнта Беларусі.

Кіраўнікі дзяржаў па выніках перагавораў у Пекіне прынялі сумесную заяву аб асноўных прынцыпах развіцця ўзорных адносін усепагоднага і ўсебаковага стратэгічнага партнёрства Беларусі і Кітая ў новую эпоху.

У прысутнасці кіраўнікоў дзяржаў таксама быў падпісаны маштабны пакет дакументаў аб супрацоўніцтве ў розных сферах.