Перагаворы з Генеральным сакратаром ЦК Кампартыі В'етнама То Ламам
- 38
- 3
Сустрэча Прэзідэнта Беларусі Аляксандра Лукашэнкі і Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама То Лама адбылася 12 мая ў Палацы Незалежнасці.
Непасрэдна перагаворам папярэднічала цырымонія афіцыйнай сустрэчы з выкананнем усяго прадугледжанага ў гэтых выпадках цырыманіялу, уключаючы выкананне гімнаў дзвюх краін і задзейнічанне роты ганаровай варты.
Перагаворы ў Палацы Незалежнасці прайшлі ў вузкім і пашыраным складах. На іх было абмеркавана развіццё стратэгічнага супрацоўніцтва Беларусі і В'етнама па ключавых напрамках у эканоміцы, палітыцы і гуманітарнай сферы.
"Рады вітаць Вас у Беларусі. Мы лічым Вас сваім сябрам. І не толькі таму, што Вы не першы раз у Беларусі. Чацвёрты Ваш візіт. Перш за ўсё хачу павіншаваць Вас з новай работай (размова аб выбранні на пасаду Генеральнага сакратара ў мінулым годзе. - Заўвага), вельмі адказнай па мерках В'етнама", - сказаў Аляксандр Лукашэнка ў час перагавораў у вузкім складзе.
"Хачу запэўніць вас, што нашы адносіны будуць толькі паляпшацца і дамоўленасці, якія мы зацвердзім з В'етнамам, будуць няўхільна выконвацца. Мы нацэлены з вамі, дамоўленасць такая ёсць, узгоднена - аб стратэгічным партнёрстве паміж Беларуссю і В'етнамам, - заявіў беларускі лідар. - У нас вялікая гісторыя нашых адносін, прыгожая гісторыя нашай сумеснай барацьбы ў В'етнаме за незалежнасць вашай дзяржавы і народа. Назіраючы за тым, як развіваецца праз дзясяткі гадоў пасля той страшнай вайны В'етнам, мы радуемся за вашы поспехі, гатовы супрацоўнічаць у імя таго, каб гэтыя поспехі былі яшчэ больш важкімі".
Аляксандр Лукашэнка нагадаў аб дамоўленасці, дасягнутай на палях БРІКС у Казані ў кастрычніку 2024 года, аб распрацоўцы плана сумесных дзеянняў або дарожнай карты па развіцці супрацоўніцтва. "Мы прапанавалі, як і дамаўляліся ў Казані, в'етнамскаму боку план сумесных дзеянняў на бліжэйшую перспектыву - 2025-2027 гады. Думаю, што мы зробім усё для таго, каб рэалізаваць намечанае ў гэтай дарожнай карце", - сказаў Прэзідэнт.
"У нас, вядома, ёсць пытанні, якія ў парадку дня, якія трэба вырашаць аператыўна. Думаю, мы з вамі гэтыя пытанні абмяркуем. І калі мы дасягнём сумеснага рашэння, мы ў бліжэйшы час іх рэалізуем. Ці то ўзаемныя плацяжы паміж дзвюма дзяржавамі, ці то авіяцыйныя зносіны і ўсё, што з гэтым звязана. Гэта тыя пытанні, без якіх эканоміка функцыянаваць не можа", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы гатовы з вамі ствараць сумесныя вытворчасці той тэхнікі, у якой зацікаўлены В'етнам", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
"Мы гатовы да ўзаемных паставак нашых тавараў (у В'етнам. - Заўвага) і в'етнамскіх тавараў у Беларусь. Думаю, што нам не трэба прыкладаць шмат намаганняў для таго, каб павялічыць гэтыя аб'ёмы, таму што вопыт работы ў нас ужо ёсць", - дадаў беларускі лідар.
"Адкрыта можна гаварыць сёння аб тым, што мы інтэнсіўна супрацоўнічалі з вамі ў галіне ваенна-прамысловага комплексу, паставак нашых узораў узбраенняў у В'етнам. Калі вам гэта будзе цікава, мы гатовы гэта аднавіць", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён таксама запрасіў в'етнамскіх партнёраў наведаць выстаўку MILEX-2025, якая хутка пройдзе ў Мінску.
То Лам у сваю чаргу пацвердзіў, што В'етнам зацікаўлены павысіць узровень адносін з Беларуссю да стратэгічнага партнёрства.
"Нягледзячы на тое, што свет хутка мяняецца, мы верым, што наша традыцыйная дружба будзе развівацца добра. Нашы адносіны ўжо развіваюцца 33 гады. Упэўнены, што мы і ў далейшым будзем іх умацоўваць. Мы з'яўляемся блізкімі сябрамі, развіваем адносіны, унутраныя рынкі, - падкрэсліў ён. - І ў рамках візіту на аснове нашых традыцыйна дружалюбных адносін мы хацелі б абмеркаваць шэраг пытанняў, якія дапамогуць развіццю двухбаковых адносін і дазволяць павысіць іх узровень да стратэгічнага партнёрства".
В'етнамскі лідар таксама шчыра падзякаваў беларускаму боку за цёплую гасціннасць, аказаную яму і членам дэлегацыі. Ён павіншаваў Кіраўніка дзяржавы і ўвесь беларускі народ з 80-годдзем Вялікай Перамогі. Таксама То Лам, карыстаючыся выпадкам, павіншаваў Аляксандра Лукашэнку з перавыбраннем на пасаду Прэзідэнта. "Я веру, што пад Вашым кіраўніцтвам Беларусь прадоўжыць развівацца, дасягаць вялікіх поспехаў, будзе абараняць свой суверэнітэт, забяспечыць бяспеку, мір, працвітанне і развіццё краіны, умацаванне яе пазіцый на міжнароднай арэне", - сказаў То Лам.
На перагаворах у пашыраным складзе Аляксандр Лукашэнка заявіў, што Беларусь і В'етнам ідуць адзіна правільным шляхам захавання гістарычнай памяці.
"Мы Вас тут прымаем як сябра беларускага народа. У вашай аўтарытэтнай дэлегацыі ўсё партыйнае кіраўніцтва, у тым ліку рэгіянальнае, больш за дзясятак кіраўнікоў міністэрстваў і ведамстваў, вядучых СМІ, прадстаўнікоў прамысловых, навуковых колаў. Вы, таварыш То Лам, - вялікі сябар Беларусі, неаднаразова бывалі ў нас і добра ведаеце нашу краіну. Мы ўважліва сочым за развіццём В'етнама, праводзімымі рэформамі. Бачым поспехі, што ажыццяўляюцца пад мудрым кіраўніцтвам кампартыі, якая ў гэтым годзе адзначыла сваё 95-годдзе", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
З пачуццём глыбокай павагі ён павіншаваў в'етнамскіх сяброў з 50-годдзем вызвалення Паўднёвага В'етнама і ўз'яднання краіны. У нядаўніх урачыстасцях з гэтай нагоды ў горадзе Хашыміне прынялі ўдзел беларускія парламентарыі, а жаночыя асацыяцыі арганізавалі фотавыстаўку "Прыгажосць і гераізм жанчын Беларусі і В'етнама".
"Гэта чарговы раз пацвярджае, што мы з Вамі, паважаны таварыш То Лам, думаем аднолькавымі катэгорыямі і ідзём адным, адзіна правільным шляхам захавання гістарычнай памяці. Як Вы сказалі толькі што, што гістарычная памяць, гісторыя нашых адносін у нас вельмі доўгая. Такі падыход, арыентаваны на пераемнасць пакаленняў, забяспечвае стваральнае развіццё сучаснага грамадства і прадвызначае будучыню нашых дзяржаў", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
"Галоўная задача - актывізавацца ў эканоміцы, гандлёва-эканамічным напрамку. Гэта датычыцца аднаўлення рэгулярных паставак у В'етнам беларускай сельскагаспадарчай, грузавой і кар'ернай тэхнікі. Упэўнены ў перспектыўнасці сумеснай вытворчасці беларускіх трактароў і аўтамабільнай тэхнікі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.
Ён канстатаваў, што за апошні час бакам удалося рушыць наперад па многіх пытаннях. Напрыклад, у бягучым годзе ўступіла ў сілу пагадненне аб узаемнай адмене віз для ўладальнікаў нацыянальных пашпартоў. Літаральна месяц таму ў Ханоі прайшло пасяджэнне міжурадавай камісіі па гандлёва-эканамічным і навукова-тэхнічным супрацоўніцтве.
Кіраўнік дзяржавы ўпэўнены, што рэалізацыя сумесных навукова-тэхнічных праектаў, укараненне іх рэзультатаў у эканоміку, а таксама абмен найноўшымі тэхналогіямі дадуць магчымасць павысіць бяспеку Беларусі і В'етнама.
"У 2024 годзе адносіны паміж дзвюма краінамі яшчэ больш умацаваліся за кошт развіцця народнай дыпламатыі па лініі маладзёжных, грамадскіх арганізацый, экспертных колаў, медыяструктур. Спадзяёмся на прадаўжэнне гэтай пазітыўнай дынамікі. Прыярытэтнымі напрамкамі застаюцца абсталяванне, культура, спорт, турызм", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Закрытых тэм у адносінах паміж нашымі дзяржавамі даўно няма. І мы гатовы для В'етнама рабіць усё тое, што вам патрэбна, усё, што вам спадабаецца ў час вашага візіту, будучых візітаў высокіх службовых асоб, прадстаўнікоў народа вашай краіны", - запэўніў беларускі лідар.
Гаворачы аб стратэгічным партнёрстве, Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што ў знешнепалітычнай дактрыне В'етнама гэта азначае асаблівы, больш развіты ўзровень адносін. "У гэтым напрамку, мы з вамі дамовіліся, будзем рухацца. Хоць яшчэ 10 гадоў таму - у 2015 годзе - у Ханоі я з поўнай упэўненасцю заявіў кіраўніцтву вашай краіны, што В'етнам - наш стратэгічны партнёр. Ён з'яўляецца нашым надзейным сябрам у Паўднёва-Усходняй Азіі, - сказаў Кіраўнік дзяржавы. - Гэта адпавядае выбранаму намі курсу - сумесна і паслядоўна развіваць узаемавыгаднае супрацоўніцтва на карысць народаў дзвюх краін".
То Лам у сваю чаргу заявіў, што В'етнам уважліва назірае за развіццём Беларусі і шчыра радуецца сацыяльна-эканамічным дасягненням, якіх дабілася краіна за апошні час пад кіраўніцтвам Прэзідэнта Аляксандра Лукашэнкі. "Я веру, што дзякуючы свайму вопыту і стратэгічнаму бачанню ваш Прэзідэнт прывядзе Беларусь да далейшых дасягненняў у нацыянальным развіцці, у забеспячэнні сацыяльнай бяспекі, умацаванні пазіцый Беларусі ў рэгіёне і ў свеце", - сказаў ён.
Генеральны сакратар ЦК Кампартыі В'етнама адзначыў, што адносіны з Беларуссю бяруць свой пачатак у часы Савецкага Саюза, асаблівы імпульс яны атрымалі ў 1957 годзе, калі Беларусь упершыню наведаў Прэзідэнт Хо Шы Мін. "В'етнам заўсёды памятае і застаецца ўдзячным за тую каштоўную падтрымку, якую беларускі народ аказаў в'етнамскаму народу ў барацьбе за незалежнасць і ўз'яднанне, у справе нацыянальнага будаўніцтва і развіцця", - падкрэсліў То Лам.
Асабліва пазітыўна ён ацаніў той факт, што за больш як 30 гадоў з моманту ўстанаўлення дыпламатычных адносін Беларусь і В'етнам "дасягнулі вялікіх поспехаў" у развіцці ўзаемадзеяння. Ён канстатаваў рост палітычнага даверу, усё больш цеснае супрацоўніцтва ў такіх галінах, як абарона, бяспека, навука, тэхналогіі, гандаль, інвестыцыі, адукацыя, падрыхтоўка кадраў, культура, спорт.
Па выніках перагавораў Аляксандр Лукашэнка назваў То Лама сваім добрым сябрам і адзначыў, што бакі правялі адкрыты і грунтоўны абмен думкамі па шэрагу актуальных пытанняў і падрабязна абмеркавалі перспектывы далейшай работы.
"У ходзе перагавораў самую сур'ёзную ўвагу мы ўдзялілі прамысловасці, перш за ўсё машынабудаванню. І меркаванні тут у нас поўнасцю супадаюць: неабходна аднавіць рэгулярныя пастаўкі в'етнамскім спажыўцам беларускай кар'ернай тэхнікі, грузавікоў і, вядома, легендарных для В'етнама трактароў BELARUS. Дамовіліся максімальна паскорыць рэалізацыю праекта па стварэнні на пляцоўцы ў нашых сяброў сумеснай вытворчасці беларускіх трактароў, а таксама тэхнікі Мінскага аўтамабільнага завода, у тым ліку для паставак у іншыя краіны рэгіёна", - расказаў беларускі лідар.
Паводле слоў Прэзідэнта, традыцыйна сярод галоўных пытанняў парадку дня ўзаемадзеянне ў сферы сельскай гаспадаркі і пастаўкі прадуктаў харчавання.
Прынята таксама рашэнне актывізаваць узаемадзеянне ў навукова-тэхнічнай сферы і правесці ў 2025 годзе чарговае пасяджэнне Сумеснай Беларуска-В'етнамскай камісіі па навукова-тэхнічным супрацоўніцтве. "Пытанне забеспячэння тэхналагічнай бяспекі і суверэнітэту з'яўляецца стратэгічна важным для ўсіх без выключэння дзяржаў, і працяглыя перапынкі ў рабоце гэтай камісіі з улікам імкліва ўзрастаючых тэмпаў развіцця навукі і тэхнікі сёння непрымальныя. Аб гэтым гаварыў і кіраўнік дэлегацыі В'етнама", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
"Ёсць прыкметны прагрэс ва ўмацаванні двухбаковых гуманітарных сувязей. Нагадаю, што з 30 студзеня 2025 года паміж нашымі краінамі дзейнічае бязвізавы рэжым. Наспела пытанне хутчэйшага адкрыцця прамых авіязносін паміж Беларуссю і В'етнамам, - сказаў Прэзідэнт. - Як сказаў Генеральны сакратар, нашы людзі пачынаюць вельмі інтэнсіўна развіваць стасункі. А таксама бізнесмены. Увёўшы рэйсы (прамыя. - Заўвага), мы інтэнсіфікуем гэты працэс".
Аляксандр Лукашэнка заявіў аб дамоўленасці больш цесна працаваць з В'етнамам у сферы адукацыі, асаблівую ўвагу ўдзяліць пытанню падрыхтоўкі в'етнамскіх вучоных на базе беларускіх навуковых устаноў.
"Закранулі таксама прамыя сувязі паміж рэгіёнамі дзвюх краін. Тут у нас вельмі вялікі нерэалізаваны патэнцыял. Упэўнены, што паспяхова праведзеная ў В'етнаме адміністрацыйна-тэрытарыяльная рэформа дасць новы імпульс міжрэгіянальнаму ўзаемадзеянню і ўзбагаціць супрацоўніцтва новымі ідэямі і праектамі", - сказаў Прэзідэнт.
"Упэўнены, што і правядзенне Дзён Ханоя ў Мінску, якія стартуюць сёння, будзе садзейнічаць умацаванню беларуска-в'етнамскай дружбы, гуманітарных і культурных сувязей паміж нашымі народамі", - дадаў беларускі лідар.
"У бліжэйшай перспектыве мы дапрацуем план нашых сумесных дзеянняў на бліжэйшыя тры і больш гадоў - "дарожную карту" па далейшым развіцці нашага супрацоўніцтва і падпішам яе ў ходзе чарговай сустрэчы на вышэйшым узроўні", - сказаў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка падзякаваў То Ламу за грунтоўную і прадметную размову, яго нязменную падтрымку і абсалютную асабістую ўключанасць у работу па ўсебаковым развіцці беларуска-в'етнамскага супрацоўніцтва.
"Але на гэтым наша работа, вядома ж, не заканчваецца. Мы дамовіліся, што ўжо сёння адбудзецца каля дзесяці двухбаковых сустрэч на ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў, дзе будуць абмяркоўвацца пытанні рэалізацыі ўсіх нашых дамоўленасцей", - дадаў Прэзідэнт Беларусі.
Кіраўнік беларускай дзяржавы падзякаваў за запрашэнне наведаць В'етнам.
"Абяцаю, што ў бліжэйшы час мы з вамі сустрэнемся ў вас на радзіме. І зможам пачатак сённяшніх пагадненняў і дамоўленасцей у чымсьці рэалізаваць. Мне здаецца, мы напрацуем яшчэ шэраг прынцыповых канкрэтных пагадненняў і падпішам ужо ў вашай сталіцы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Ён яшчэ раз падзякаваў То Ламу за візіт у Беларусь. "Ён для нас быў вельмі важным і актуальным. А самае галоўнае, своечасовым", - падкрэсліў Прэзідэнт.
Пасля перагавораў на вышэйшым узроўні быў падпісаны шэраг дакументаў, якія павінны замацаваць стратэгічны характар двухбаковага супрацоўніцтва.
На завяршэнне цырымоніі падпісання і абмену тэкстамі міжнародных дакументаў Аляксандр Лукашэнка і То Лам прынялі сумесную заяву аб устанаўленні стратэгічнага партнёрства паміж дзвюма краінамі.
Прыняцце гэтай заявы Аляксандр Лукашэнка назваў новай вяхой у адносінах дзвюх краін. "Рашэнне для нас цалкам лагічнае, заканамернае, наспелае. В'етнам - адзін з ключавых партнёраў Беларусі ў Паўднёва-Усходняй Азіі, і ў аснове нашага супрацоўніцтва ляжыць шчырая дружба, узаемныя павага і падтрымка. Строга прытрымліваючыся гэтых прынцыпаў, мы ўпэўнена прадаўжаем рух наперад, нацэлены на якаснае і доўгатэрміновае ўзаемадзеянне", - сказаў ён.
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіў Генеральнага сакратара Цэнтральнага камітэта Камуністычнай партыі В'етнама То Лама ордэнам Дружбы народаў.
Узнагароды То Лам удастоены за значны ўклад у развіццё і ўмацаванне дружалюбных адносін, стратэгічнага партнёрства паміж Беларуссю і В'етнамам.
Аляксандр Лукашэнка падкрэсліў, што То Лам з'яўляецца сябрам беларускага народа і ўручэнне яму высокай дзяржаўнай узнагароды - гэта не проста нейкі пратакольны жэст. "Гэта ўзнагарода за той велізарны ўклад, які ўнёс цяперашні Генеральны сакратар у справу ўмацавання нашага супрацоўніцтва", - заявіў Кіраўнік дзяржавы. Ён звярнуў увагу, што цяперашні візіт в'етнамскага лідара ў Беларусь ужо чацвёрты па ліку. "Дзякуючы яму мы выратавалі нашы адносіны - Беларусі і В'етнама і выводзім нашы адносіны на самы высокі ўзровень. Я ўпэўнены, што з гэтым чалавекам мы зробім вельмі шмат для таго, каб фундамент нашых адносін ніхто не змог не тое што разбурыць, але нават дакрануцца да яго. Цяперашні візіт Генеральнага сакратара ЦК гістарычны ў плане ўзмацнення нашых адносін", - падкрэсліў беларускі лідар.


