Нарада па развіцці важнейшых арганізацый Міністэрства прамысловасці
- 10
- 13:08
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 27 жніўня правёў нараду па развіцці важнейшых арганізацый Міністэрства прамысловасці.
Галоўнай тэмай нарады стала сітуацыя, якая склалася на буйнейшых прадпрыемствах Мінпрама. "Мы ўдакладнім, чым яны жывуць і, самае галоўнае, якой мы бачым перспектыву на гэтых прадпрыемствах", - растлумачыў Аляксандр Лукашэнка.
Ён нагадаў, што некалькі дзён таму прыняў з дакладам Першага намесніка Прэм'ер-міністра і Міністра фінансаў. На сустрэчы з імі быў прааналізаваны стан спраў у крэдытна-фінансавай сістэме, разгледжаны пытанні напаўняльнасці бюджэту. "Усе вельмі добра разумеюць: чым эфектыўней работа прамысловых прадпрыемстваў, тым больш сродкаў паступіць у бюджэт. А значыць, дзяржава зможа прафінансаваць сацыяльныя праграмы ў большым аб'ёме. Мы, прааналізаваўшы бюджэт, не бачым праблем з фінансаваннем асноўных сацыяльных мерапрыемстваў на гэты год, у тым ліку і па заработнай плаце. У сувязі з гэтым стабільная работа прамысловасці, асабліва нашых буйнейшых прадпрыемстваў, - краевугольны камень эканомікі краіны", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Прэзідэнт дадаў, што бягучы год прынёс нямала выпрабаванняў: з-за пандэміі каранавіруса закрыліся многія рынкі, практычна спыніўся паўнацэнны рух капіталу і тавараў, асабліва па тых пазіцыях, якія вырабляюцца ў Беларусі. Цяпер да гэтага дадалася і няпростая палітычная абстаноўка ў дзяржаве, якую, паводле яго слоў, спрабуюць расхістваць як знутры, так і звонку. "Уплыў гэтага націску на ўнутрыэканамічную сітуацыю адчуваецца, - заявіў Аляксандр Лукашэнка. - Яшчэ раз хачу падкрэсліць: ніякай бязвыплатнай дапамогі нам ніхто не акажа. Нам трэба разлічваць на свае сілы і магчымасці".
Ва ўдзельнікаў нарады, перш за ўсё кіраўнікоў прадпрыемстваў, Прэзідэнт пацікавіўся, якая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў працоўных калектывах, як ідуць вытворчыя працэсы і як складваецца сітуацыя з экспартам прадукцыі. "Збыт прадукцыі - гэта наша ключавая задача. Адсюль і валюта, і курс рубля і гэтак далей. Нельга сядзець і чакаць, што нехта да нас прыйдзе, выстраіцца ў чаргу перад варотамі завода і купіць гэту прадукцыю. Трэба варушыцца самім. Патрэбны меры падтрымкі экспарту - мы іх аказваем. Можа, яшчэ чым-небудзь трэба дапамагчы?" - спытаў Кіраўнік дзяржавы.
Як адзначыў Аляксандр Лукашэнка, па выніках сямі месяцаў амаль усе галіны прамысловасці дабавілі ў тэмпах росту, зніжаюцца запасы гатовай прадукцыі. Вядома, гэта станоўчыя сігналы, сказаў ён. У той жа час Прэзідэнт пацікавіўся прагнозамі, як прадпрыемствы плануюць завяршыць 2020 год. "Наступны год - гэта пачатак новай пяцігодкі, чаго б нам ні каштавала, трэба напружыцца і на фінішы дабавіць", - падагульніў беларускі лідар.
У час нарады Кіраўнік дзяржавы пацікавіўся, як у цэлым складваецца абстаноўка ў прамысловай сферы, якія ёсць на прадпрыемствах пытанні з экспартам прадукцыі і якая маральна-псіхалагічная абстаноўка ў працоўных калектывах. Асобна ён папрасіў Міністра прамысловасці далажыць аб сітуацыі на Беларускім аўтамабільным заводзе.
"Што там на БелАЗе? Яны (правакатары. - Заўвага) ужо так паскудна сябе паводзяць. Гэта ўчора мы бачылі: белазаўцы ідуць стомленыя са змены дамоў, за прахадную выйшлі, а яны сцяг расцягваюць і ідуць па баках і робяць карцінку... Я ж ведаю, як гэта робіцца. Ніякім белазаўцам гэта не трэба. Яны ж добра разумеюць: спыніцца сёння БелАЗ - і горада не будзе", - звярнуў увагу Прэзідэнт.
"Мы сёння маем у наяўнасці пэўны этап гібрыднай, скажам адкрыта, вайны супраць Беларусі. А як гэта інакш назваць? Сродкі масавай інфармацыі і інфармацыйная сфера прасякнута гэтай барацьбой, вайной проціборствуючых бакоў. Дыпламатычная бойня супраць нас пачалася і на самым высокім узроўні", - звярнуў увагу Аляксандр Лукашэнка.
Ён адзначыў, што "нясталыя суседзі" Беларусі не толькі адкрыта заяўляюць аб сваёй пазіцыі наконт паўторных выбараў у краіне, але і пачынаюць умешвацца ва ўнутраныя справы краіны, націскаць на дзяржаву. "У наяўнасці дыпламатычная вайна", - яшчэ раз падкрэсліў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы дадаў, што краіна цяпер вымушана траціць вялікія грошы, каб стабілізаваць абстаноўку на заходніх граніцах, куды перакінуты некаторыя ваенныя часці. "Вы бачыце гэтыя заявы аб тым, што калі Беларусь распадзецца, то Гродзенская вобласць адыдзе да Польшчы. Яны аб гэтым ужо адкрыта кажуць, спяць і сняць. Нічога ў іх у гэтым плане не атрымаецца, гэта я ведаю дакладна", - заявіў беларускі лідар.
Паводле яго слоў, сітуацыя, якая склалася, небяспечная для эканомікі краіны з тым ліку і таму, што апаненты ўлады спрабуюць расхістаць унутраны фінансавы рынак. "Цяпер ужо адкрыта нашы ўнутраныя нягоднікі заклікаюць дэстабілізаваць фінансавы рынак. Некаторыя людзі ж гэтаму паддаюцца - валюту з банкаў забраць і гэтак далей", - адзначыў Аляксандр Лукашэнка.
"Мы не дапусцім абвалу нацыянальнай валюты. Калі народ хоча купіць долар - калі ласка, ён сёння каштуе колькі каштуе. У нас плаваючы курс: попыт вялікі - значыць даражэй будзе гэты долар або еўра, попыт меншы - значыць будзе танней каштаваць. Мы, учапіўшыся рукамі, не стрымліваем курс рубля", - падкрэсліў беларускі лідар.
Аляксандр Лукашэнка таксама заявіў, што ў Беларусі яшчэ не пачалі па-сапраўднаму выкарыстоўваць золатавалютныя рэзервы. "Малайцы ў Нацыянальным банку, Урадзе. Як адчуваў: тры месяцы таму паставіў задачу ўсе золатавалютныя рэзервы вярнуць у краіну, асабліва залаты запас. У нас да грама золата вернута ў краіну", - падкрэсліў ён.
"Таму няма такой катастрофы. Так, у якіх-небудзь абменніках калісьці можа не хапаць наяўных грошай. Але гэта заўсёды бывае, калі павышаны попыт. Я даручыў Нацыянальнаму банку, каб мы маглі пазбегнуць такой сітуацыі. Людзі хочуць забраць свае грошы або валюту - калі ласка, бярыце. У нас абсалютна дастаткова рэзерваў, каб на прымальным узроўні стрымаць прымальны для нас курс", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.
Паводле слоў Прэзідэнта, яму ўжо дакладваюць пра абрабаванні людзей, якія мянялі грошы, аб чым стала вядома злачынцам. "Я думаю, нашаму насельніцтву трэба сур'ёзна падумаць над гэтым", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка таксама расказаў, што Беларусь правядзе з Расіяй перагаворы аб рэфінансаванні $1 млрд доўгу. "Мы дамовіліся з Прэзідэнтам Расіі, і сёння наш Прэм'ер-міністр правядзе перагаворы з Міхаілам Мішусціным (Прэм'ер-міністрам Расіі. - Заўвага) наконт рэфінансавання", - заявіў Кіраўнік дзяржавы.
Ён удакладніў, што размова ідзе аб рэфінансаванні ў бягучым годзе $1 млрд з доўгу перад Расійскай Федэрацыяй. "Гэта значыць, мы ў сябе гэты мільярд долараў, дамовіўшыся з Расіяй, пакінем. І гэта будзе добрае падмацаванне нашай нацыянальнай валюты", - канстатаваў Аляксандр Лукашэнка.
Больш таго, значныя валютныя паступленні чакаюцца ад экспарту. "Цяпер экспарт наш пайшоў нядрэнна, асабліва ў РФ, КНР. А экспарт - гэта паступленне валюты", - сказаў Прэзідэнт.
Прэзідэнт заявіў, што гатовы весці дыялог, у тым ліку аб абнаўленні Канстытуцыі. І весці гэты дыялог ён у першую чаргу мае намер з працоўнымі і студэнцкімі калектывамі. "Калі нехта хоча дыялогу, калі ласка. Якраз студэнцкія калектывы - гэта тыя калектывы, з якімі я гатовы весці дыялог. Працоўныя калектывы (я пра гэта гаварыў ужо). Калі ласка, фарміруйце сваіх прадстаўнікоў і будзем весці дыялог, - адзначыў Аляксандр Лукашэнка. - Усе хочуць новага палітычнага ўпарадкавання. Ды калі ласка, давайце возьмемся за Канстытуцыю, уносьце прапановы, сфарміруем новую Канстытуцыю - гэта галоўны закон у любой краіне. І адштурхоўвацца трэба ад Канстытуцыі".
"Таму давайце садзіцца - прадстаўнікі ўсіх працоўных калектываў, студэнцкіх калектываў (гэта будучая эліта нашай краіны, з імі і трэба весці гэты дыялог). І з працоўнымі калектывамі, якія сёння працуюць, не гледзячы ні на што. І вяскоўцы маюць права на сваё слова, і рабочыя хочуць сваё слова сказаць, і спецыялісты гэтых прадпрыемстваў, і настаўнікі, і ўрачы. А не малойчыкі, якія бясчынствуюць, ходзяць па вуліцах і крычаць, што яны хочуць дыялогу. Ніякага дыялогу яны не хочуць. І з вуліцай ніхто з улад за стол перагавораў не сядзе", - сказаў Прэзідэнт.
"Вось маё выразнае ўяўленне і заява наконт дыялогу, з кім гэты дыялог мы можам весці. Калі ёсць разважлівыя людзі ад апазіцыі, якія бачаць сваю краіну свабоднай і незалежнай, калі ласка, выказвайце сваю пазіцыю, але не на вуліцы. Пад націскам вуліц ніякага дыялогу ў Беларусі не будзе", - падкрэсліў Кіраўнік дзяржавы.
Аляксандр Лукашэнка на нарадзе таксама выказаўся наконт палітычных заклікаў да студэнтаў з боку тых, хто спрабуе расхістаць абстаноўку ў краіне. "Яны і ў палітычным плане пачынаюць сёння падбухторваць студэнтаў: першага верасня прыедзеце на заняткі - выходзьце на вуліцы і гэтак далей. Мы цяпер да студэнтаў давядзём тую інфармацыю, якую павінны давесці, да кіраўніцтва ВНУ. Яны, у рэшце рэшт, адказваюць за сітуацыю ў сваіх ВНУ, і яны адкажуць, як і кіраўнікі прамысловых прадпрыемстваў", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"А потым, вы ж павінны разумець, што хлопцам мы далі адтэрміноўку ад арміі на час вучобы ў ВНУ. Ну, не хочуць вучыцца, тады Радзіму трэба абараняць. У нас Айчына ў небяспецы", - падкрэсліў беларускі лідар.
"Я ўяўляю, што пасля гэтага пачнецца. Мяне стануць папракаць, што я запалохваю студэнтаў у армію адправіць. Ды не! Паўтараю: хто хоча вучыцца, той будзе вучыцца, будзе мець гэту адтэрміноўку. Хто пойдзе на вуліцу або вучыцца не захоча, меры прымем згодна з законам", - сказаў ён.
"Да мяне Міністр абароны звярнуўся: Аляксандр Рыгоравіч, калі нехта са студэнтаў не хоча вучыцца, калі ласка, дазвольце нам іх прызваць у армію. Я гавару: яшчэ студэнты за парты не селі, таму не трэба абмяркоўваць гэта пытанне. Але гэта адзін з варыянтаў. Што тут незаконна, што тут несправядліва?" - дадаў Прэзідэнт.
Кіраўнік дзяржавы выказаў упэўненасць, што ў Беларусі пераадолеюць сітуацыю, звязаную з несанкцыянаванымі вулічнымі акцыямі. "Галоўнае для нас - эканоміка. Калі ў нас будуць нармальна працаваць прадпрыемствы, нам не страшныя ніякія катаклізмы. З вуліцай мы справімся, як бы ім ні хацелася дэстабілізаваць гэту абстаноўку", - заявіў беларускі лідар.
Ён адзначыў, што ўжо ўсе людзі адчулі, што дзеючаму Прэзідэнту ёсць на каго абаперціся. "Ужо ў мітынгах у падтрымку міру, спакою, дзеючага Прэзідэнта выступіла амаль 3 млн чалавек. Гэта ж сіла - 3 млн чалавек, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Наш электарат больш спакойны: ветэраны, пенсіянеры, спецыялісты. Яны ведаюць сваю справу, працуюць. Таму мы і будзем мець тую колькасць людзей - 80%, якія за нас прагаласавалі".
"Таму трэба жыць спакойна, займацца кожнаму сваёй справай. А што датычыцца мяне, сілавых структур і іншых, мы будзем займацца таксама сваёй справай. Выключна згодна з законам. Таму трэба адкрываць Біблію, я маю на ўвазе закон, і чытаць: гэта - санкцыі такія, вось гэта - санкцыі такія. Мы не крыважэрныя, мы не збіраемся нікога душыць, ганяць па вуліцах, калі нас да гэтага не вымушаюць", - адзначыў Прэзідэнт.
Ён падкрэсліў, што ўлады абавязаны абараніць людзей. "Людзі стаміліся, людзі зразумелі, што такое жыць у спакойным горадзе-героі Мінску, а што такое, калі бамбяць вуліцы, калі на балконы закідваюць кактэйлі Молатава і іншыя, пакуль петарды. Не дай бог пачнуць кідаць гранаты. Ужо вакол нашай краіны сфарміраваліся групоўкі, якія гатовы сюды прыйсці і распаліць гэты пажар. Мы гэтага дапусціць не можам. Я гэта гавару прама і не збіраюся нікога заспакойваць", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.
Прэзідэнт выказаўся таксама наконт заклікаў апазіцыі да грамадзян адклікаць дэпутатаў у сваіх акругах. "Узяліся за дэпутатаў. Слухайце, а яны ж у чым вінаватыя? Выбары прайшлі, выбралі дэпутатаў, усе пагадзіліся. Не, пачалі бадзягу: адклікаем дэпутатаў... Няхай паспрабуюць. Мы ж цудоўна разумеем: паваліць Прэзідэнта не ўдалося - трэба расхістаць парламент", - адзначыў Кіраўнік дзяржавы.
"Думаю, што пераважная большасць нашых дэпутатаў не са слабага дзясятка, і дэпутаты павінны ведаць, што ў іх ёсць Прэзідэнт, які заўсёды зможа іх абараніць. Без усякіх праблем", - падкрэсліў беларускі лідар.
Ён канстатаваў, што на дэпутатаў пачаліся накаты - патрабуюць ад іх грошай, падтрымкі, выходзіць на вуліцу. "Не выйшлі, значыць, мы вас адклічам... Ну паспрабуйце", - адзначыў Прэзідэнт.
"Мы перажылі гэтыя выбары, мы перажылі заклікі да забастовак (не ўдалося людзей узняць). Мы перажылі бліцкрыг на вуліцах, калі яны 9-10-га хацелі задушыць краіну. Мы гэта ўсё перажылі. Перажывём і гэта", - рэзюмаваў Аляксандр Лукашэнка.