Даклад Міністра абароны Віктара Хрэніна
- 7
- 2:32
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 12 мая прыняў з дакладам Міністра абароны Віктара Хрэніна.
Кіраўнік дзяржавы назваў галоўнай прычынай сустрэчы кадравае пытанне ва Узброеных Сілах і прапанаваў міністру абароны абмеркаваць гэту тэму. "Калі на канкрэтным участку (мы гэта ведаем з вопыту) нармальны чалавек, значыць, там і сітуацыя будзе нармальная. Калі не той чалавек - бяда. Мы з вамі дамаўляліся, што вы сур'ёзна падумаеце, з кім вы будзеце далей служыць. Гэта прычына нашай сустрэчы і размовы. А потым падумаем разам, якім чынам я буду размаўляць з генераламі, афіцэрамі, якія служаць у нашых Узброеных Сілах і перш за ўсё - у нашай арміі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да Віктара Хрэніна.
Яшчэ адной тэмай, якую Кіраўнік дзяржавы абмеркаваў з Міністрам абароны, стала нядаўняя маштабная праверка Узброеных Сіл. Як адзначыў беларускі лідар, па выніках гэтай праверкі ў абаронным ведамстве Беларусі адбылася сур'ёзная размова.
"Вы там разбіраліся: недзе прынцыпова, а недзе так... Я чакаў, калі вы самі там разберацеся ў добрых рэчах і недахопах (іх заўсёды хапае). Але мы асабліва і не ўтойвалі тыя недахопы, якія бываюць у арміі. Я вырашыў, што нам утойваць гэтыя недахопы не трэба, але і напаказ мы іх асабліва не выстаўлялі, - падкрэсліў Прэзідэнт. - Не бывае так, што пра Узброеныя Сілы недзе дрэнна кажуць. Але мы гэта больш адкрыта рабілі, чым кіраўніцтва іншых краін. Мусіць, гэта і правільна: людзі павінны бачыць, што мы нічога ўтойваць не будзем".
Беларускі лідар разлічвае, што работа над устараненнем і выпраўленнем выяўленых у ходзе праверкі недахопаў не завершыцца: "Я вельмі разлічваю, што гэты працэс не скончыцца, што кіраўніцтва арміі і перш за ўсё міністр будуць удзяляць самую сур'ёзную ўвагу тым недахопам, якія выявіліся пасля гэтай праверкі".
Аляксандр Лукашэнка яшчэ раз нагадаў свой тэзіс аб тым, што хоць Беларусь і настроена на мір, армія на тое і існуе, каб быць гатовай весці ваенныя дзеянні, калі будзе такая неабходнасць. "Далей, як я абяцаў, мы кропкава будзем адмабілізоўваць часці для таго, каб рыхтаваць іх да вайны. Дай бог, каб яе ўдалося пазбегнуць", - дадаў Аляксандр Лукашэнка.


