Даклад старшыні Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына
- 3
- 1:43
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 17 снежня прыняў з дакладам старшыню Мінскага абласнога выканаўчага камітэта Аляксандра Турчына.
У час сустрэчы Кіраўніка дзяржавы з губернатарам закраналіся ў асноўным дзве тэмы - эканамічныя паказчыкі работы Мінскай вобласці і сітуацыя ў рэгіёне з каранавірусам.
Як далажыў Аляксандр Турчын, паводле папярэдніх даных, за 11 месяцаў бягучага года валавы рэгіянальны прадукт вобласці зафіксаваны на ўзроўні 99,9%. "Такая лічба быццам высокая, але крыўдная: недацягнулі 0,1% да 100%. Але тым не менш на пачатак года ў нас быў 91%, а цяпер 99,9%, значыць, за гэты час вобласць прыбавіла. Мы асцярожна прагназуем, што на ўзровень мінулага года па выніках года павінны выйсці", - сказаў губернатар.
"Ну, дай бог, - адрэагаваў Прэзідэнт. - Адну дзясятую працэнта недацягваеце... Але снежань яшчэ ў нас ёсць. Быццам бы і нядрэнна. Але, як эканаміст, ты ж разумееш, што нам патрэбны вынік, таму што спадзявацца, што будучы год у нас будзе добры, нельга. Вы бачыце, што ў нас адбываецца навокал. Таму будзем лічыць, што мы немагчымае зрабілі, але трэба было б яшчэ чуць-чуць".
Што датычыцца сітуацыі з захваральнасцю на каранавірус у Мінскай вобласці, то ёсць падставы меркаваць, што рэгіён выйшаў на так званае плато. "Паводле нашых ацэнак, мы завяршаем другі тыдзень ужо, як медыкі кажуць, на плато. Прыросту няма. І па пнеўманіях, і па выяўленых хворых мы знаходзімся прыблізна на адным узроўні: ні росту, ні зніжэння", - праінфармаваў Кіраўніка дзяржавы Аляксандр Турчын.