Цырымонія ўшаноўвання выпускнікоў ваенных ВНУ і вышэйшага афіцэрскага складу

  • 24
  • 11:07

Афіцэрскі корпус з'яўляецца апорай бяспекі дзяржавы. Аб гэтым Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка заявіў 8 ліпеня на цырымоніі ўшаноўвання выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў і вышэйшага афіцэрскага складу. 

"Нашу сустрэчу я лічу падзеяй дзяржаўнай важнасці, таму што афіцэрскі корпус - гэта апора дзяржавы і, перш за ўсё, бяспекі дзяржавы. Да афіцэраў заўсёды прад'яўляюцца высокія патрабаванні. А ў сучасных умовах асаблівае значэнне набываюць вернасць абавязку, інтэлект, прафесійныя веды. Таму я бачу ў вас і афіцэраў-патрыётаў, людзей гонару і абавязку, і высакакласных спецыялістаў, камандзіраў і начальнікаў, здольных процістаяць любым агрэсіўным дзеянням у адносінах да Беларусі", - сказаў Кіраўнік дзяржавы.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта асабліва актуальна ў святле таго, што цяпер адбываецца вакол краіны і ў свеце ў цэлым. "На нашых вачах крок за крокам, паслядоўна разбураецца архітэктура міжнароднай бяспекі. А калі прама сказаць, яе ўжо не існуе. Шматбаковыя сусветныя пляцоўкі, прызначаныя падтрымліваць мір і бяспеку на планеце, дэградавалі і дэманструюць няздольнасць эфектыўна выконваць свае функцыі", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Прэзідэнт таксама канстатаваў абвастрэнне геапалітычнай напружанасці паміж Усходам і Захадам. "Стратэгічнае саперніцтва ўладных людзей пагражае перайсці ў іншую, больш небяспечную фазу, - сказаў Аляксандр Лукашэнка. - Пры гэтым назіраецца пастаяннае ўзмацненне наступальнага патэнцыялу Паўночнаатлантычнага альянсу. У непасрэднай блізкасці ад граніц пастаянна праводзіцца шэраг вучэнняў натаўскіх войскаў. Пашыраецца склад сіл хуткага рэагавання, актыўна вядзецца разведвальная дзейнасць. Пачалася тэрарыстычная атака на Беларусь".

Кіраўнік дзяржавы таксама звярнуў увагу і на іншы аспект: множацца эканамічныя санкцыі і дыскрымінацыйныя меры палітычнага характару, накіраваныя супраць Беларусі.

"Вывад абсалютна відавочны. Калектыўны Захад прадаўжае імкнуцца да ўстанаўлення сваёй гегемоніі і не адмаўляецца ад спроб пазбавіць нас суверэнітэту і навязаць знешняе кіраванне. Чаму нас? Таму што мы заўсёды былі на іх шляху. Проста мы аказаліся не ў той час і не ў тым месцы, у якім ім хацелася б", - заявіў Аляксандр Лукашэнка.

Самае сумнае, адзначыў Прэзідэнт, што гэта адбываецца ў час 80-годдзя пачатку самай крывавай вайны ў гісторыі беларускага народа.

Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што рэспубліка гатова да сумленнага, раўнапраўнага дыялогу і супрацоўніцтва з любой краінай: "Мы не хочам ваяваць. У нас няма такой мэты. Мы людзі ваенныя, таму мы ведаем цану міру. Але мы не станем на калені. Мы не можам зрабіць тое, што яны хочуць. Мы абараняем сябе, свае сем'і, сваіх дзяцей, сваю зямлю. Мы больш нічога не хочам".

У той жа час, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка, краіне ёсць чым адказаць тым сілам, якія спрабуюць іграць мускуламі на яе замежных рубяжах. З гэтай мэтай развіваецца ваенная арганізацыя дзяржавы, аснову якой складаюць Узброеныя Сілы. "Беларуская армія мабільная, дастаткова добра аснашчаная, здольная процідзейнічаць сучасным выклікам і пагрозам. Прынамсі, мы можам нанесці праціўніку непапраўны ўрон. Нават нашы апаненты прызнаюць, што ў нас адна з моцных армій у рэгіёне. Зразумела, яе галоўная каштоўнасць - гэта людзі, вы - афіцэры, генералы, салдаты, для якіх абарона роднага дому, Беларусі з'яўляецца і прафесіяй, і сэнсам жыцця", - заявіў беларускі лідар.

Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што гэта адносіцца да прадстаўнікоў усіх сілавых ведамстваў. "Жорсткую праверку на трываласць мы ўсе прайшлі летам - восенню мінулага года. І яна паказала, што створаная нацыянальная сістэма бяспекі вытрымала выпрабаванне. Людзі ў пагонах, праявіўшы мужнасць, стойкасць, вернасць прысязе і нашаму народу, выстаялі", - сказаў ён.

Прэзідэнт звярнуў увагу на тое, што цяпер вайна, як правіла, не пачынаецца з агрэсіі звонку: "Яна пачнецца знутры, з разбурэння розуму нашых людзей. Пачнецца з таго, каб пасеяць хаос у нашай краіне і потым ужо, калі спатрэбіцца, увесці сюды замежныя войскі. Пра гэта мы гаварылі. У гэтым сутнасць нашай Канцэпцыі нацыянальнай бяспекі".

Звяртаючыся да выпускнікоў вышэйшых ваенных навучальных устаноў, Кіраўнік дзяржавы абазначыў задачы сілавых ведамстваў краіны. "Вы маладое, адукаванае і энергічнае папаўненне, здольнае ўнесці свой уклад ва ўмацаванне ваеннай арганізацыі дзяржавы. Выпускнікам Узброеных Сіл трэба павышаць вывучку і зладжанасць органаў кіравання і войскаў, абучаць падначаленых сучасным спосабам вядзення ўзброенай барацьбы", - сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Прэзідэнт адзначыў, што сур'ёзным экзаменам на прафесійную сталасць для афіцэраў ужо ў бліжэйшы час стане сумеснае стратэгічнае вучэнне ўзброеных сіл Беларусі і Расіі "Захад-2021". Гэта будзе чарговы значны крок у падрыхтоўцы Узброеных Сіл і ўдасканаленні дзеючай сістэмы забеспячэння ваеннай бяспекі дзяржавы, падкрэсліў Аляксандр Лукашэнка.

"Галоўная задача супрацоўнікаў органаў унутраных спраў - забеспячэнне грамадскага парадку ў краіне. Прыярытэтамі тут застаюцца далейшае павышэнне ўзроўню прафесійнай падрыхтоўкі пры выкананні задач у асаблівых умовах, захаванне законнасці і справядлівага стаўлення да грамадзян", - звярнуў увагу беларускі лідар.

Асноўную ўвагу дзейнасці сістэмы Міністэрства па надзвычайных сітуацыях неабходна сканцэнтраваць на павышэнні эфектыўнасці работы па папярэджанні пажараў, аварый і прадухіленні гібелі людзей ад іх, падкрэсліў Прэзідэнт. Ён адзначыў, што ў сучасных умовах работнікі МНС павінны быць гатовы да ліквідацыі надзвычайных сітуацый, якія могуць узнікнуць у выніку дэструктыўных дзеянняў і экстрэмісцкіх праяўленняў.

"Выпускнікам-пагранічнікам трэба забяспечыць надзейную абарону і ахову Дзяржаўнай граніцы. Гэта сёння вельмі актуальна. З улікам нарастання ваеннай актыўнасці ля граніц Беларусі, павелічэння колькасці правакацый з боку сумежных дзяржаў, росту трансгранічнай злачыннасці неабходна падтрымліваць высокі ўзровень баявой гатоўнасці і падрыхтоўкі асабовага складу, своечасова выяўляць, спыняць проціпраўную дзейнасць на пагранічных рубяжах", - дадаў Кіраўнік дзяржавы.

Асноўнымі задачамі афіцэраў спецслужбаў Аляксандр Лукашэнка назваў своечасовае выяўленне падрыхтоўкі актаў тэрарызму, экстрэмізму, масавых беспарадкаў, нацыянальнай і рэлігійнай варожасці і прыняцце мер па іх нейтралізацыі, прадухіленне спроб нанясення дэструктыўнымі сіламі ўрону эканоміцы і іншым сферам дзейнасці дзяржавы, а таксама забеспячэнне мірнага і стваральнага жыцця ў краіне.

"Вы, афіцэры, выбраўшы шлях служэння нашай Айчыне, узялі на сябе велізарную адказнасць. Гэта ваша місія, ваш жыццёвы шлях, які вы выбралі свядома. Вельмі хацелася б, каб вы былі дастойны пачэснай работы - Радзіму абараняць. У вашай асобе я хацеў бы прывітаць усіх, хто ў сваім жыцці выбраў гэты нялёгкі, але высакародны ваенны шлях", - заявіў Прэзідэнт.

Аляксандр Лукашэнка ўручыў спецыяльныя лісты аб аб'яўленні Падзякі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выпускнікам, якія скончылі ваенныя навучальныя ўстановы з выдатнымі паказчыкамі ў вучобе.

Прэзідэнт таксама ўручыў генеральскія пагоны прадстаўнікам вышэйшага афіцэрскага складу: генерал-маёра - начальніку ўпраўлення тэрытарыяльнай абароны - намесніку начальніка Генеральнага штаба Узброеных Сіл Андрэю Маціевічу; генерал-маёра юстыцыі - начальніку ўпраўлення Следчага камітэта па Гомельскай вобласці Сяргею Удовікаву; дзяржаўнага саветніка мытнай службы III рангу - начальніку Віцебскай мытні Паўлу Лабачову.

"У Беларусі генеральскіх пасад зусім няшмат, і атрыманне такога звання з'яўляецца найвышэйшым дасягненнем у службе ваеннага чалавека, а таксама найвялікшым гонарам. Паважаныя генералы, я хацеў бы, каб вы ганарыліся гэтым званнем і годна яго насілі. А вы, паважаныя выпускнікі, бралі б з іх прыклад дастойнага выканання службовага абавязку, ну і імкнуліся быць генераламі", - звярнуўся Аляксандр Лукашэнка да ўдзельнікаў цырымоніі.

Ён таксама пажадаў ім моцнага здароўя, дабра, дабрабыту і поспехаў у святой справе служэння Айчыне, надзейнага тылу ў асабістым плане.

Пасля цырымоніі Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што шмат гаварыў аб задачах сілавых ведамстваў, але цяпер хацеў бы звярнуцца да іх па-мужчынску: "Дзявацца вам няма куды: у мінулым годзе ваеннаслужачыя сілавых падраздзяленняў так высока ўзнялі планку дзеянняў па абароне нашай Айчыны, што ўтрымліваць яе на такой вышыні будзе няпроста. Але мы людзі ваенныя, яшчэ раз падкрэсліваю, дзявацца нам няма куды. Дзякуй вам за ўсё. Мужнасці, будзьце заўсёды сумленнымі, не дапускайце ні ў якім выпадку здрадніцтва".