Асобным катэгорыям работнікаў ААТ "Беларуськалій" прадастаўлена права на штомесячную даплату да зарплаты
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 11 сакавіка падпісаў Указ № 90 "Аб штомесячнай даплаце", згодна з дакументам, асобным катэгорыям работнікаў ААТ "Беларуськалій", якія падлягаюць прафесійнаму пенсійнаму страхаванню, прадастаўлена права на штомесячную даплату да заработнай платы ў памеры не меншым за суму ўзносаў, што выплачваюцца работадаўцам на прафесійнае пенсійнае страхаванне.
Паводле закона "Аб прафесійным пенсійным страхаванні" з 1 студзеня 2009 года для работнікаў, занятых на работах з асаблівымі ўмовамі працы і асобнымі відамі прафесійнай дзейнасці, уведзена прафесійнае пенсійнае страхаванне. Работадавец выплачвае за такіх работнікаў дадатковыя ўзносы ў бюджэт фонду сацыяльнай абароны насельніцтва для фарміравання ў іх накапляльнай прафесійнай пенсіі.
Супрацоўнікам, у якіх стаж работы ў асаблівых умовах працы на 1 студзеня 2009 года склаў менш за палову ад патрабуемага для назначэння пенсіі, таксама прадастаўлена права выбару спосабу кампенсацыі за работу з асаблівымі ўмовамі працы - фарміраванне прафесійнай пенсіі або штомесячная даплата да заработнай платы ў памеры не меншым за суму ўзносу на прафесійнае пенсійнае страхаванне.
Тыя, у каго такі стаж склаў палову (і больш) ад патрабуемага для назначэння пенсіі, не могуць прэтэндаваць на такую даплату, яны маюць права звярнуцца за назначэннем датэрміновай пенсіі па ўзросце ў адпаведнасці з законам "Аб пенсійным забеспячэнні".
Указ дае магчымасць выплачваць па заявах работнікаў ААТ "Беларуськалій", занятых на падземных работах, на будаўніцтве шахт і руднікоў (па спісе работ і прафесій), якія маюць права на датэрміновую пенсію ў адпаведнасці з законам "Аб пенсійным забеспячэнні", кампенсацыю за работу ў асаблівых умовах працы замест фарміравання прафесійнай пенсіі.