Аб змяненні Указа Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь (карэкціруецца Указ № 363 ад 23 верасня 2021 г.)

Указ № 313 ад 22 жніўня 2025 г.

Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка 22 жніўня падпісаў Указ № 313, у адпаведнасці з якім унесены змяненні ва Указ "Аб бягучым (разліковым) банкаўскім рахунку фізічнай асобы з базавымі ўмовамі абслугоўвання".

Дакумент падпісаны ў мэтах стварэння эфектыўных умоў для выканання ўстаноўленых заканадаўствам аб выканаўчым вядзенні абмежаванняў памеру ўтрымліваемых з даходаў грамадзян грашовых сродкаў.

Указам прадугледжана, што не будзе ажыццяўляцца спісанне грашовых сродкаў з базавых рахункаў у бясспрэчным парадку, за выключэннем іх спісання органамі прымусовага выканання, органамі Фонду сацыяльнай абароны насельніцтва Міністэрства працы і сацыяльнай абароны і органамі, якія ажыццяўляюць пенсійнае забеспячэнне.

Спісанне грашовых сродкаў у бясспрэчным парадку з іншых рахункаў грамадзян (электронных кашалькоў) будзе ажыццяўляцца без змяненняў.