Аб зацвярджэнні Дзяржаўнай інвестыцыйнай праграмы на 2022 год
Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка зацвердзіў Дзяржаўную інвестыцыйную праграму на 2022 год. Адпаведны Указ № 18 Кіраўнік дзяржавы падпісаў 26 студзеня.
З улікам інвестыцыйных магчымасцей рэспубліканскага бюджэту праграмай прадугледжваецца канцэнтрацыя сродкаў на аб'ектах, уводзімых у эксплуатацыю ў 2022 годзе, і на пераходных аб'ектах з высокай ступенню будаўнічай гатоўнасці.
На фінансаванне будаўніцтва 157 аб'ектаў, уключаных у праграму, у 2022 годзе прадугледжана Br695 млн, з іх Br275 млн - на праекты вытворчай сферы, накіраваныя на дасягненне станоўчага эканамічнага эфекту. У бягучым годзе плануецца ўвесці ў эксплуатацыю 48 аб'ектаў.
У адпаведнасці з праграмай у 2022 годзе намечана пачаць фінансаванне будаўніцтва (рэканструкцыі) 18 аб'ектаў, у тым ліку завода па вытворчасці вакцыны ў вёсцы Доўжа Віцебскай вобласці, ачышчальных збудаванняў Мінскага вытворчага гарбарнага аб'яднання, інфраструктуры пунктаў пропуску на Дзяржаўнай граніцы.