Аб Усебеларускай маладзёжнай будоўлі
Статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі прысвоены аб'ектам капітальнага рамонту і рэканструкцыі мемарыяльнага комплексу "Хатынь". Адпаведны Указ № 176 падпісаў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка.
Прыняць удзел ва Усебеларускай маладзёжнай будоўлі змогуць юнакі і дзяўчаты ва ўзросце ад 14 да 31 года, у тым ліку ў складзе студэнцкіх атрадаў. Гэта дасць магчымасць аб'яднаць іх значнай грамадзянска-патрыятычнай ідэяй, будзе садзейнічаць павышэнню сацыяльнай актыўнасці моладзі, а таксама папулярызацыі і развіццю студатрадаўскага руху.
З ініцыятывай надаць аб'ектам у "Хатыні" статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі да Кіраўніка дзяржавы звярнуліся прадстаўнікі Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі ў час звароту Прэзідэнта з Пасланнем да беларускага народа і Нацыянальнага сходу ў студзені 2022 года.
Будаўніцтва музея на тэрыторыі мемарыяльнага комплексу і рэстаўрацыйныя работы Прэзідэнт даручыў завяршыць у сціслыя тэрміны - да 80-годдзя Хатынскай трагедыі.
Традыцыя правядзення маладзёжных будоўляў у Беларусі налічвае некалькі дзесяцігоддзяў. Новы імпульс яна атрымала ў 2005 годзе дзякуючы рашэнню Прэзідэнта падтрымаць адраджэнне і развіццё ў краіне студэнцкіх атрадаў. Маладзёжнай будоўляй тады была аб'яўлена рэканструкцыя часткі Аўгустоўскага канала. У далейшым студэнцкія атрады ўдзельнічалі ва ўзвядзенні і рэканструкцыі такіх знакавых аб'ектаў, як Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы, Нясвіжскі і Косаўскі замкі, спартыўны комплекс "Мінск-Арэна", сталічная Студэнцкая вёска, Музей гісторыі Вялікай Айчыннай вайны на пр. Пераможцаў у Мінску, трэцяя лінія Мінскага метрапалітэна. У 2014 годзе статус Усебеларускай маладзёжнай будоўлі быў прысвоены аб'ектам будаўніцтва Беларускай атамнай электрастанцыі, а з 2019 года - і аб'ектам сацыяльнай інфраструктуры ў Астраўцы.
-
Спампаваць 176uk.pdf76 Кб