Гісторыя станаўлення беларускага мастацтва: цікавыя факты
Станаўленне і развіццё культуры на аснове хрысціянскай традыцыі пачалося з X ст., пасля хрышчэння князёў і насельніцтва ў адпаведнасці з усходне-хрысціянскім абрадам. З'яўляецца пісьменства, будуюцца цэрквы і манастыры, якія становяцца асноўнымі адукацыйнымі і культурнымі цэнтрамі. Пры іх ствараліся майстэрні па перапісванні кніг, іканапісе, школы для навучання пісьму. Былі сфарміраваны асновы горадабудаўніцтва, развівалася манументальная архітэктура.
Гэтыя помнікі архітэктуры захаваліся да нашых дзён і пасля рэстаўрацыі з'яўляюцца дзеючымі.
У X–XII стст. узнікаюць першыя дзяржаўныя ўтварэнні: Полацкае, Тураўскае і іншыя княствы.
Менавіта ў гэты час пачала афармляцца беларуская народнасць і складвацца беларуская культура. Беларускае мастацтва, архітэктура з самага пачатку праяўлялі сябе як самабытныя, арыгінальныя, звязаныя з жыццём народа.
У гэты час былі створаны многія шэдэўры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва.
Самая вядомая нацыянальная рэліквія – крыж прападобнай Ефрасінні Полацкай, княгіні, асветніцы, які быў створаны майстрам Лазарам Богшам у 1161 г. Крыж быў страчаны ў час Другой сусветнай вайны, але адноўлены ў канцы XX ст. беларускім мастаком-ювелірам Мікалаем Кузьмічом. Цяпер ён захоўваецца ў Спаса-Праабражэнскай царкве ў Полацку.
Да XII ст. адносіцца і стварэнне вядомага літаратурнага твора - паэмы "Слова пра паход Ігаравы".
Праз тэрыторыю Беларусі праходзіў шырока вядомы ў старажытнасці гандлёвы шлях з Візантыі ў Скандынавію "з варагаў у грэкі", які садзейнічаў узмацненню кантактаў паміж народамі і ўзаемапранікненню культур.
Старажытнае беларускае Полацкае княства знаходзілася ў сярэдзіне гэтага шляху і карысталася пэўнымі перавагамі. Пры гэтым Полацк адыгрываў ролю эканамічнага і культурнага цэнтра.
У канцы XII – пачатку XIII ст. на беларускіх землях узмацняюцца працэсы дзяржаўнай цэнтралізацыі. Замест Полацка на першы план выходзіць Навагрудак, вакол якога пачынаюць аб'ядноўвацца многія ўдзельныя княствы. У выніку ўзнікае новае дзяржаўнае ўтварэнне – Вялікае Княства Літоўскае, Рускае і Жамойцкае, якое існавала да канца XVIII ст. Дзяржаўнай мовай у Вялікім Княстве была старабеларуская. Беларусы стварылі помнікі палітычнай і прававой культуры эпохі Адраджэння – Статуты ВКЛ, якія былі заснаваны на старажытнабеларускай прававой традыцыі.
У часы ВКЛ на тэрыторыі Беларусі былі ўзведзены шэдэўры абарончай архітэктуры: Крэўскі, Лідскі, Навагрудскі, іншыя замкі.
Да гэтага перыяду адносіцца станаўленне беларускай іканапіснай школы са сваім самабытным стылем. Развіваюцца выяўленчае мастацтва (жывапіс, драўляная скульптура, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва), музыка, літаратура, прыдворны і народны тэатры. У народнай культуры развіваецца фальклорная творчасць, дэкаратыўна-прыкладное мастацтва. Фарміруецца беларускі тып рэнесанснай культуры. Выдатным дасягненнем эпохі стала кнігавыдавецкая дзейнасць Ф.Скарыны.
У 1569 г. Вялікае Княства Літоўскае і Каралеўства Польскае на роўных правах аб'ядналіся ў федэратыўную дзяржаву – Рэч Паспалітую. Пачалася новая эпоха ў гісторыі і культуры. У Гродне будуецца каралеўскі палац. На беларускіх землях пачынаюць працаваць майстэрні па вытворчасці габеленаў, карунак, вырабаў са шкла. Адным з нацыянальных здабыткаў па праву лічацца знакамітыя слуцкія паясы.
Да XVII ст. адносіцца ўнікальны помнік польска-беларускай музычнай культуры "Полацкі сшытак". Гэта рукапісны зборнік музыкі ананімных аўтараў эпохі Рэнесансу і ранняга барока.
У XVIII ст. на тэрыторыі Беларусі настаў росквіт тэатра. Ствараліся оперна-балетныя тэатры і сімфанічныя аркестры пры дварах буйных землеўладальнікаў. Артыстамі былі сяляне, якія атрымалі спецыяльную адукацыю. Музычна-тэатральнае жыццё было на ўзроўні перадавых еўрапейскіх краін.
У канцы XVIII ст. беларускія землі былі ўключаны ў склад Расійскай імперыі, і з гэтага моманту пачалі адчуваць на сабе ўплыў рускай культуры.
Адметнай рысай культурнага жыцця Беларусі канца XVIII – пачатку XX стст. было развіццё літаратуры і журналістыкі. На якасна новы ўзровень узнялі літаратурную беларускую мову Я.Купала, Я.Колас, М.Багдановіч.
Сусветнай славай карыстаюцца музычныя творы нашых землякоў М.К.Агінскага, С.Манюшкі, палотны І.Хруцкага, В.Бялыніцкага-Бірулі, Ф.Рушчыца, М.Шагала і іншых мастакоў.
Пасля Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гг. гэта тэма стала асноўнай практычна ва ўсіх відах прафесійнага мастацтва.
Ва ўсе перыяды гістарычнага развіцця беларусы захоўвалі і развівалі свае культурныя традыцыі, стваралі цудоўныя творы народнага і прафесійнага мастацтва.