Выяўленчае мастацтва
У мастацкіх музеях краіны прадстаўлены калекцыі твораў мастацтва беларускіх аўтараў самых розных эпох і жанраў. Найбольшая калекцыя жывапісу і скульптуры знаходзіцца ў Нацыянальным мастацкім музеі.
У Беларусі на працягу стагоддзяў развіваўся манументальны жывапіс. На сценах Спаса-Праабражэнскай царквы ў г. Полацку захаваліся фрэскі XII ст. Полацк быў буйным цэнтрам культуры і мастацтва, які захаваў да нашых дзён унікальныя помнікі старажытнабеларускай царкоўнай архітэктуры і мастацтва. Шэдэўрам эмальернага мастацтва стаў крыж, зроблены ў 1161 г. ювелірам Лазарам Богшам па заказе Ефрасінні Полацкай.
У XV ст. новы віток развіцця атрымаў беларускі свецкі жывапіс, каля XVI ст. – беларуская іканапісная школа, былі сфарміраваны асноўныя мастацкія элементы, якія падкрэсліваюць яе асаблівасці. З распаўсюджваннем кнігадрукавання стала развівацца і кніжная ксілаграфія.
З ткацкіх мануфактур XVII–XVIII стст. вялікую вядомасць набылі Карэліцкая, дзе выраблялі шпалеры, што вызначаліся высокім мастацкім узроўнем, і Слуцкая, якая праславілася тканымі з шаўковых, залатых і сярэбраных нітак паясамі.
У канцы XVIII–XIX стст. беларускі жывапіс развіваўся ў рэчышчы рамантызму і класіцызму, пазней – рэалізму. Да гэтага перыяду адносяцца работы Я.Дамеля, Я.Сухадольскага, А.Ромера, І.Хруцкага, К.Бахматовіча, В.Ваньковіча, С.Заранкі, І.Аляшкевіча, Н.Орды, А.Бартэльса і іншых.
У сусветную мастацкую культуру ХХ ст. Беларусь увайшла стварэннем УНОВІС (авангарднага мастацкага аб'яднання "Сцвярджальнікі новага мастацтва") і такімі імёнамі, як М.Шагал, К.Малевіч, Ю.Пэн, Х.Суцін. Мастакі М.Філіповіч, Р.Семашкевіч, В.Бялыніцкі-Біруля, В.Цвірка, Г.Вашчанка, В.Грамыка, М.Данцыг, П.Масленікаў, М.Савіцкі. Скульптары А.Бразер, А.Грубэ, М.Керзін, З.Азгур, П.Белавусаў, А.Бембель, А.Глебаў, С.Селіханаў і многія іншыя ўнеслі вялікі ўклад у развіццё беларускага мастацтва.
У дэкаратыўна-прыкладным мастацтве вядучыя пазіцыі заняў габелен. "Габелен стагоддзя" работы А.Кішчанкі афіцыйна прызнаны самым вялікім у свеце і занесены ў Кнігу рэкордаў Гінеса.
Сучаснаму выяўленчаму мастацтву Беларусі ўласціва разнастайнасць. Сцвярджаюць сябе фотамастацтва, арт-дызайн, мастацтва акцый, камп'ютарная графіка, пашыраецца жанрава-відавы спектр. У Мінску дзейнічае Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў.
У ХХІ ст. мастацкая школа Беларусі даказала сваю здольнасць да развіцця, захавала цэльнасць, прадоўжыла асвойваць прагрэсіўныя элементы сусветнай культуры.