Тэатр
Беларускае сцэнічнае мастацтва нарадзілася са старажытных народных абрадаў, творчасці вандроўных музыкантаў і акцёраў-скамарохаў. У XVI ст. узнік лялечны тэатр – батлейка, які даваў паказы на кірмашах і плошчах у гарадах і мястэчках. У XVI–XVIII стст. пачалі распаўсюджвацца школьныя тэатры, у XVIII ст. – прыдворныя і гарадскія. Некаторыя з іх з часам пераўтварыліся ў прафесійныя трупы.
Заснавальнікам нацыянальнага тэатра называюць беларускага драматурга XIX ст. Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча.
Сапраўднае станаўленне беларускага сцэнічнага мастацтва адбылося ў пачатку XX ст. Фундамент яго заклалі драматургі К.Каганец, Я.Купала, Л.Радзевіч і іншыя. Тэатральную работу вялі І.Буйніцкі, А.Бурбіс, Ф.Ждановіч.
У 1920 г. Ф.Ждановіч арганізаваў Беларускі дзяржаўны тэатр (БДТ-1, цяпер Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Я.Купалы). У 1926 г. пачаў работу ў Віцебску БДТ-2 (цяпер Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Я.Коласа).
Для жыхароў і гасцей рэспублікі працуюць 28 дзяржаўных прафесійных тэатраў, з іх 27 – сістэмы Міністэрства культуры (1 тэатр оперы і балета, 18 драмы, камедыі, музычных, эстрады; 8 лялечных і юнага гледача), 1 – сістэмы Міністэрства абароны (Драматычны тэатр Беларускай Арміі). У іх рэпертуары – творы беларускіх аўтараў, пастаноўкі рускай, савецкай і замежнай класікі. Чатыры тэатры ў Беларусі маюць статус "нацыянальны": Вялікі тэатр Беларусі, драматычныя тэатры імя Я.Купалы і М.Горкага (Мінск), Я.Коласа (Віцебск).
Сярод майстроў сцэны, якія плённа працавалі і працуюць у беларускіх тэатрах, – Г.Макарава, С.Станюта, З.Стома, Г.Аўсяннікаў, Л.Давідовіч, З.Белахвосцік, А.Клімава, Р.Янкоўскі, Г.Гарбук, М.Захарэвіч, В.Тарасаў, А.Мілаванаў, В.Манаеў, А.Памазан, рэжысёры В.Раеўскі, Б.Луцэнка, М.Пінігін, харэограф-пастаноўшчык В.Елізар’еў, сцэнографы Б.Герлаван, Д.Мохаў, З.Марголін і многія іншыя.
У Беларусі рэгулярна праводзяцца фестывалі, конкурсы, агляды сцэнічнага мастацтва. Сярод іх – Міжнародны форум тэатральнага мастацтва "ТЭАРТ" у Мінску, Міжнародны фестываль тэатраў лялек у Мінску, Міжнародны фестываль сучаснай харэаграфіі ў Віцебску, "Славянскія тэатральныя сустрэчы" ў Гомелі, "Белая Вежа" ў Брэсце, "М@рт.кантакт" у Магілёве, Рэспубліканскі фестываль нацыянальнай драматургіі імя В.І.Дуніна-Марцінкевіча ў Бабруйску. У 2011 г. была заснавана Нацыянальная тэатральная прэмія Беларусі.