Музыка
Музычнае мастацтва Беларусі бярэ пачатак у народнай музыцы ўсходніх славян. Значную ролю ў побыце беларускай вёскі здаўна адыгрывала інструментальнае выкананне. Сярод любімых народных інструментаў – дуда, жалейка, гудок, ліра, скрыпка, цымбалы.
У Беларусі вялікае развіццё атрымала царкоўная богаслужэбная музыка. Помнікамі XV–XVII стст. з'яўляюцца зборнікі вакальна-інструментальных твораў "Полацкі сшытак" і "Куранты".
У XVIII ст. цэнтрамі музычнай культуры становяцца прыватныя тэатры і капэлы магнатаў Радзівілаў, Сапегаў, Агінскіх і іншых. Сярод вядомых кампазітараў – Я.Голанд, Э.Ванжура, М.Радзівіл.
У сучаснай Беларусі вялікай папулярнасцю карыстаецца творчасць вядучых музычных калектываў краіны: Прэзідэнцкага аркестра Рэспублікі Беларусь, Дзяржаўнага акадэмічнага сімфанічнага аркестра, Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы імя Р.Шырмы.
Артысты Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра оперы і балета Беларусі, Беларускага дзяржаўнага акадэмічнага музычнага тэатра, Беларускай дзяржаўнай філармоніі самабытным талентам і вельмі высокім выканальніцкім майстэрствам пакараюць як беларусаў, так і шматлікіх гледачоў за мяжой.
Беларускае музычнае мастацтва праславілі выдатныя кампазітары С.Манюшка, Г.Вагнер, У.Мулявін, І.Лучанок, Э.Ханок, Д.Смольскі, А.Елісеенкаў і іншыя.
Значную ролю ў развіцці музычнай культуры адыгрывае Нацыянальны акадэмічны аркестр сімфанічнай і эстраднай музыкі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга. Арганізацыя фестываляў камернай музыкі ў малых гарадах Беларусі – адзін з важнейшых напрамкаў дзейнасці аркестра.
Візітнымі карткамі Беларусі можна па праву лічыць вакальную групу "Чысты голас", ансамблі "Песняры" і "Сябры".
Штогод у Беларусі праводзяцца 60 фестываляў міжнароднага і рэспубліканскага ўзроўняў, з іх 30 – музычныя. Буйнейшыя з іх, такія як "Славянскі базар у Віцебску", Нацыянальны фестываль беларускай песні і паэзіі "Маладзечна", "Беларуская музычная восень", "Мінская вясна", свята "Купалле" ("Александрыя збірае сяброў"). Усе яны па праву сталі брэндамі суверэннай Беларусі. Гэтыя фестывалі не толькі захаваны, але і напаўняюцца кожны год новым гучаннем. Усе фестывалі Беларусі па месяцах.
Міжнародны фестываль мастацтваў "Славянскі базар" – галоўная культурная падзея года. Вось ужо больш за чвэрць стагоддзя гэты буйнейшы форум праводзіцца на старажытнай Віцебскай зямлі пад патранажам Прэзідэнта Беларусі і прымае гасцей з усіх кантынентаў. За гэты час на радзіме Шагала пабывалі дзясяткі тысяч удзельнікаў з больш як 100 краін свету. У Летнім амфітэатры, на галоўнай сцэне фестывалю, прайшлі сотні канцэртаў, якія паспелі паглядзець мільёны гледачоў планеты.
У горадзе над Дзвіной штогод у ліпені збіраюцца сусветныя зоркі і дэбютанты. Высакародная задача "Славянскага базару" сфармулявана ў яго дэвізе: "Праз мастацтва – да міру і ўзаемаразумення". Такую ж назву мае спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, якая ўручаецца на фестывалі.
Свята "Купалле" ў аграгарадку Александрыя бярэ свой пачатак у 2011 г. Штогод у пачатку ліпеня "Александрыя збірае сяброў" на маштабныя летнія народныя гулянні на радзіме Прэзідэнта – у Шклоўскім раёне Магілёўскай вобласці. Усе мерапрыемствы праходзяць на беразе ракі Днепр. У аснове свята, якое адлюстроўвае развіццё купальскіх традыцый, – культурны абмен паміж рознымі дзяржавамі. Александрыя сустракае гасцей з Расіі, Украіны, Эстоніі, Літвы, Латвіі, Польшчы, і геаграфія свята з году ў год пашыраецца. Сярод удзельнікаў – калектывы народнай творчасці і майстры дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва. Гандлёвыя рады кірмашу з арыгінальнымі сувенірамі і нацыянальнымі стравамі цягнуцца на некалькі кіламетраў уздоўж жывапіснага ўзбярэжжа Дняпра.
Фестываль нацыянальных культур у Гродне – унікальны фестываль, гісторыя якога пачалася ў 1996 г. Ён стаў не толькі візітнай карткай горада, але і адным з вядучых культурных і турыстычных брэндаў краіны. Па традыцыі раз у два гады творчы форум, які не мае па сваім фармаце аналагаў у свеце, аб'ядноўвае прадстаўнікоў этнічных груп з розных рэгіёнаў Беларусі. Галоўная ідэя нязменная – захоўваць нацыянальную самабытнасць, адначасова ўмацоўваючы адзінства і дружбу. У першыя выхадныя чэрвеня фестываль збірае амаль 1 тыс. артыстаў, якія прадстаўляюць каля 40 народаў свету. На два дні гістарычны цэнтр Гродна ператвараецца ў маштабную арт-пляцоўку, дзе разгортваюцца нацыянальныя падворкі, майстэрні мастакоў, фотазоны, fashion-шоу з дэманстрацыяй народных касцюмаў, танцавальныя майстар-класы і спартыўны турнір, які знаёміць гасцей з традыцыйнымі гульнямі народаў свету.